«Старыя людзі вераць БТ, што ўсё спакойна», – дачка памерлай з COVID-19 у Стоўпцах

Калі б на БТ ад пачатку тлумачылі, што гэта небясьпечна для людзей сталага веку, а ўлады ўвялі карантын, то ўсяго гэтага магло б і ня быць, кажа ў інтэрвію Свабодзе жыхарка Стоўпцаў Вольга, якая пахавала ў чацьвер маці. У жанчыны пацьвердзілі COVID-19.

Станіславе Мар’янаўне Жаўняркевіч быў 71 год. 21 красавіка яна памерла ў стаўпецкай лякарні. А праз два дні яе праводзілі ў апошні шлях. На пахаваньні дазволілі прысутнічаць толькі тром чалавекам. Гэта былі дзьве дачкі і зяць. Муж нябожчыцы з дыягназам COVID-19 лечыцца ў Валожыне.

— Гэта невыносны боль. Маму ведаў увесь горад, а мы нават не змаглі зь ёю па-людзку разьвітацца, — кажа Вольга. — Некаторыя проста прыйшлі пастаяць каля плоту, бо падысьці бліжэй было нельга.

«Мама была пад апаратам два тыдні і два дні»

Хвароба ў Станіславы Жаўняркевіч пачалася 26 сакавіка з сухога кашлю. У той жа дзень жанчына пачала прымаць антывірусныя лекі, а ў суботу ў яе зьявілася тэмпэратура, апавядае дачка.

— Назаўтра мы выклікалі «хуткую». Ёй укалолі лек ад гарачкі і сказалі, што гэта звычайная прастуда, маўляў, ляжыце. Мама не хацела верыць, што ў яе нейкая цяжкая хвароба. Яна казала: «Дзякуй Богу, прастуда пройдзе». Яна цешыла сябе надзеяй, але мы, дзеці, заўсёды перажываем. Мы купілі ім маскі, антысэптыкі, лекі, мы хацелі верыць у добрае.

30 сакавіка тэмпэратура зьнікла, але вярнулася на другі дзень. Празь некалькі дзён дачка настаяла, каб маці паехала ў лякарню. У жанчыны пацьвердзілі двухбаковую пнэўманію і ўзялі аналізы.

— Адразу вырашылі пакласці ў інфэкцыйную. Але пакуль яна пахадзіла там з кабінэту ў кабінэт, ёй стала цяжка дыхаць. Яе адразу паклалі ў рэанімацыю. Два дні яна была проста на кіслародзе, бяз штучнай вэнтыляцыі. А ўжо з пятніцы на суботу, уначы, яе паклалі пад ШВЛ.

Станіслава Жаўняркевіч з мужам і ўнукамі

Стан Станіславы Мар’янаўны быў стабільна цяжкім, апавядае дачка. Ужо ў першыя дні дзеці пачалі цікавіцца ў лекараў, ці магчыма лячыць маці хлярахінам, які ў многіх краінах ужываецца для лячэньня малярыі і многімі лекарамі прызнаны як эфэктыўны сродак, які дамапагае хворым на COVID-19.

— Гэты прэпарат лепш рассмоктвае ўсё ў лёгкіх. Спачатку сказалі, што да станоўчага тэсту хлярахін даваць ня будуць. Пасьля другога, калі вірус пацьвердзіўся, сказалі, што ў лякарні такога леку няма. Мы самі яго набылі за мяжой і прывезьлі ў лякарню.

Станіслава Жаўняркевіч ляжала пад апаратам штучнай вэнтыляцыі лёгкіх 16 дзён. За дзень да сьмерці лекар паведаміў дачцэ, што стан пагаршаецца і што ўзьнікла праблема з ныркамі.

— Ён сказаў, што 10 чалавек на апаратах [штучнай вэнтыляцыі лёгкіх], і што практычна ўва ўсіх бяда з ныркамі. Днём у аўторак маму пачалі рэанімаваць, а праз 2 гадзіны праз тэлефон сказалі, што яе больш няма.

«Толькі сёньня на праваслаўным баку выкапалі 6 ямаў для магілаў»

Вольга кажа, што не вінаваціць мясцовых лекараў. Але яна ня можа зразумець, чаму вялікая сьмяротнасьць пачалася менавіта з аўторка і чаму хлярахін, які ў Італіі давалі хворым на раньніх стадыях, у Стоўпцах яе маці далі толькі пасьля значнага пагаршэньня стану.

— Мы сёньня раніцай былі на могілках. Толькі сёньня на праваслаўным баку выкапалі 6 ямаў для магілаў. Мы падыходзілі і пыталіся. Сказалі, што чакаюць хворых з «гэтай хваробай». Учора на каталіцкім баку, дзе маму хавалі, было 3 або 4. Што адбываецца?

У пасьведчаньні аб сьмерці Станіславы Мар’янаўны запісалі сардэчную недастатковасьць. Калі зяць памерлай задаў пытаньне ў моргу, чаму не каранавірус, то яму патлумачылі, што гэта ўсяго толькі спадарожная хвароба.

— Лекар сказаў, што, на жаль, у апошні дзень у яе пачало здаваць і сэрца, а каранавірус — гэта проста вірус, і што яго запішуць у гісторыю хваробы, але не ў пасьведчаньне аб сьмерці. Маме не патрэбныя былі ніякія апэрацыі ў сувязі з сэрцам. Калі б не каранавірус, то яна магла б пажыць даўжэй. Як гэтую статыстыку вядуць увогуле? Але калі даць па чэрапе і ён разломіцца — вінаваты ж ня чэрап, а той, хто ўдарыў. А ўдарыў каранавірус.

Паводле Вольгі, памерлым у Стоўпцах ня пішуць COVID-19 як прычыну сьмерці.

— Нічога нікому не дакажаш. Асабліва ў нашых Стоўпцах.

Пахаваньне Станіславы Жаўняркевіч. Стаўпецкія могілкі

«Цяпер трэба ратаваць тату»

Цяпер у валожынскім шпіталі з дыягназам COVID-19 лечыцца тата Вольгі. Яго мэдыкі забралі як першы кантакт. Каранавірус у мужчыны пацьвердзіўся адразу.

— Цяпер трэба ратаваць тату. Дазваніцца туды немагчыма. У таты цукрыца. Там толькі адзін від інсуліну, мы завезьлі той, што яму трэба. Вось табе і шпіталь. Дазваніцца туды немагчыма. Знайшла мабільны інфэкцыйнай, але мэдсястра моцна спалохалася. Заблякавалі мой нумар. Я ўзяла мужаў тэлефон і пазваніла. Адразу паднялі. Адказалі, што зь лекарам паразмаўляць нельга. Я званіла тату і празь яго пра ўсё даведвалася.

Бацька, з словаў дачкі, доўгі час ня верыў, што каранавірус — гэта нешта небясьпечнае. Актыўна выходзіў у горад, хадзіў па крамах бяз маскі і пальчатак.

— Мама старалася нікуды не хадзіць. А тата глядзеў БТ і казаў: «Прэзыдэнт сказаў, што няма гэтага ў нас». І ён ня слухаўся, рабіў сваё. А менавіта недалёка ад іх жыла кандуктарка, якая лічыцца першым выяўленым пацыентам з каранавірусам у Стоўпцах. Яны хадзілі ў тую ж краму. Я тлумачыла тату, а ён называў мяне панікёршай.

 Калі б ужо тады па тэлевізары пачалі тлумачыць, што ёсьць вялікая рызыка для старых людзей, мой тата таксама б спалохаўся. І палова пэнсіянэраў сядзела б дома. Мы б вазілі ім усе прадукты, пакідалі пад дзьвярыма. Але старыя людзі вераць БТ, што ўсё спакойна. Цяпер тата разумее небясьпеку і кажа: «Не пускай хаця дзяцей, нікуды не хадзі». Калі бяда здарылася, то ён гэта зразумеў. Пачаў верыць нам, а не БТ.

Тэсты ў самой Вольгі і яе сястры не пацьвердзілі каранавірус. Аднак ніхто, паводле яе, больш і не цікавіўся яе самаадчуваньнем і не кантраляваў стан пасьля першага тэсту. Цяпер Вольга дома, даглядае дзіця на выхаваўчым адпачынку. Сястра ходзіць на працу.

«Калі б увялі карантын, не было б такога»

На думку Вольгі, улады мусілі цэнтралізавана ўводзіць абмежаваньні, каб запаволіць распаўсюд каранавірусу. Яна прыводзіць у прыклад пэўныя прадпрыемствы ў Стоўпцах, дзе рабочым мераюць на прахадной тэмпэратуру і не пускаюць на працу, калі яна ёсьць.

Як процілеглы прыклад яна згадвае ўчорашняе пахаваньне, калі супрацоўнікі рытуальнага агенцтва бяз масак і пальчатак бралі рукамі труну, хаця сваякам забаранілі да яе набліжацца. Сёньня яна сустрэла на могілках аднаго з рабочых той жа кампаніі. Гэтым разам ён быў у пальчатках і масцы, сказаў Вользе, што яны дэзынфікуюць аўтобусы, але многія і так ня вераць у каранавірус.

— Чаму старшыня райвыканкаму не зьбярэ ўсіх дырэктараў фірмаў і прадпрыемстваў і ня скажа, што сытуацыя складаная? Каб усе кантралявалі, каб адпускалі дадому хворых. У такой сытуацыі трэба думаць пра найслабейшых. Яны ж пад рызыкай. Трэба было зрабіць нашэньне масак абавязковым. Людзі і далей ходзяць бяз іх, мо палова, і кажуць, што маскі не дапамагаюць. Вам мо не дапаможа, але калі вы носьбіт, то дапаможаце старому чалавеку, у якога ёсьць дзеці. Я не разумею такіх людзей. Гэта безадказнасьць.

Як даведалася Свабода, сёньня работнікам Стаўпецкага райвыканкаму паведамілі, што суботнік 25 красавіка можа адбыцца на працоўным месцы і хто не жадае на яго прыходзіць, ня мусіць прысутнічаць. Жыхары гораду паведамляюць, што ў пад'ездах дамоў праводзіцца дэзынфэкцыя.

Дапамогу для стаўпецкай лякарні зьбіраюць валянтэры зь ініцыятывы «COVID-19. Стоўпцы», у якую ўвайшлі мясцовыя жыхары і ўраджэнцы раёну. За сабраныя грошы для мэдыкаў, санэпідэмстацыі і хуткай дапамогі набывабць маскі, рэсьпіратары, антысэптык, касьцюмы ПЧК, харчы і ваду. Далучыцца да збору сродкаў можна праз краўдфандынг-плятформу МолаМола.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(39)