Общество
Віталь Ругайн, Еўрарадыё, фота vpu.lt

«Скажи мне на русский язык, чтобы я мог точно понять»

«Еўрарадые» гутарыць з нігерыйцам, якога беларускія СМІ абвясцілі настаўнікам беларускай мовы і літаратуры.

— Скажи прямо, скажи мне на русский язык, чтобы я мог точно понять, — студэнт з Нігерыі Ігвэбіке Тэйлар Айке — зорка байнэта. Тэарэтычна ён можа выкладаць… беларускую мову і літаратуру.

Еўрарадыё пацікавілася, чаму нігерыец вырашыў вывучаць мову? Ён чамусьці не хоча размаўляць: «Слушай друг, я не готов к этому». Але ўсё ж пагаджаецца адказаць на пару пытанняў па-руску.

Ігвэбіке Тэйлар Айке: «Это интересно, ради интереса. Это очень приятно, что я могу сказать, что я это изучал. Несмотря, что я не могу говорить. Но на русском тоже можно отвечать. Мне хотелось поближе познакомиться с Беларусью и культурой».

Каб даведацца больш пра студэнта з Нігерыі, звяртаемся да дырэктара Цэнтра беларускай мовы і літаратуры пры Віленскім педагагічным універсітэце Лілеі Плыгаўкі.

«Ён ужо больш за 10 гадоў жыве ў Беларусі. Грамадзянства захоўвае сваё, жанаты з беларускаю. У яго ёсць адна вышэйшая адукацыя, у Маскве ён вучыўся на сельскай гаспадарцы, потым пераехаў у Беларусь».

Тэйлар чытае і піша добра на мове, а вось размаўляць цяжэй. Таму яму ішлі насустрач і працэнтаў 40 праграмы дазвалялі адказваць па-руску і па-англійску.

Лілея Плыгаўка: «Зразумела, для яго вельмі цяжка. Вы ж зразумейце самі. Ён у прынцыпе і па-руску з цяжкасцю размаўляе. Па некаторых прадметах адказваў па-ангельску. На ўручэнні дыпломаў будзе выступаць па-беларуску».

Тэйлар нават праходзіў практыку ў беларускай школе ў Вільні.

Лілея Плыгаўка: «У школе практыку праходзіў, там урок праводзіў па-беларуску і па-англійску. Дзеці ў нас ужо добра валодаюць гэтай мовай, таму камунікацыя атрымалася нармальная. Калі да нас прыходзяць грамадзяне Літвы, яны ж мовы зусім не ведаюць, таму выкладаем беларускую мову, як замежную. Таму для нас Тэйлар не нейкі выключны студэнт».

У канцы чэрвеня студэнт з Нігерыі атрымае дыплом настаўніка беларускай мовы. Але гатовым выкладчыкам не будзе. У прынцыпе і выкладаць пакуль ён не збіраецца, бо вучыўся дзеля ведаў, а не дзеля працы.

Лілея Плыгаўка: «Ведаеце, гатовых выкладчыкаў універсітэт не выпускае, чалавек становіцца выкладчыкам, калі папрацуе. Так, ён атрымае дыплом. Ён выканаў усю нашу навучальную праграму. А вы думаеце выпускнікі беларускіх ВНУ прыходзяць у школу і могуць так вось свабодна урок па-беларуску правесці? Я сама калісьці закончыла беларускую ВНУ. І калі прыйшла ў школу пасля ўніверсітэта, было цяжка».

Сярод студэнтаў Цэнтра беларускай мовы і літаратуры Віленскага універсітэта Тэйлар не адзіны замежнік, семестр там навучаўся эстонец. А большасць навучэнцаў дзённага аддзялення — літоўцы.

Лілея Плыгаўка: «Калі першыя гады ў нас вучыліся літоўцы з беларускімі каранямі, то цяпер такіх толькі каля 30 працэнтаў».

Завочнікі — збольшага беларусы з памежнай зоны, ці выхадцы з Беларусі, якія жывуць за мяжой, напрыклад, у Англіі, Іспаніі і ў Ізраілі.

«Для іх Вільня бліжэй за Мінск. Духоўна, ментальна, геаграфічна. Таму яны да нас прыязджаюць з большым задавальненнем, чым калі б яны паехалі вучыцца ў Мінск», — дадае Лілея Плыгаўка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)