СК апублікаваў відэа з шклоўскай калоніі, дзе загінуў палітвязень Ашурак

Відэа змантаванае з некалькіх эпізодаў. 

Стоп-кадр відэа СК

25 мая Следчы камітэт апублікаваў відэа, зробленае ў шклоўскай калоніі №17.

У апісанні гаворыцца наступнае: «Па дадзеных следства, 21 мая дзяжурным кантралёрам папраўчай калоніі №17 знойдзены ў непрытомым стане 50-гадовы асуджаны Вітольд Ашурак. Для аказання кваліфікаванай дапамогі мужчыну былі выкліканыя работнікі медыцынскай часткі ўстановы і хуткай медыцынскай дапамогі. Нягледзячы на праведзеныя медыкамі рэанімацыйныя мерапрыемствы, выратаваць мужчыну не ўдалося».

Відэа змантаванае, яно складаецца з чатырох частак. У першай частцы мужчына ў робе з надпісам ШИЗО (штрафны ізалятар — С.) стаіць спіной да камеры ў прыбіральні. Ён заўважна хістаецца і ў нейкі момант падае.

У наступным эпізодзе мужчыну ў турэмнай робе апрацоўваюць траўмаваную галаву. У трэцяй частцы мужчына з забінтаванай галавой ізноў стаіць спіной да камеры, хістаецца і падае.

У апошнім фрагменце супрацоўнікі калоніі схіліліся над мужчынам, што ляжыць на падлозе, яму падкладаюць пад галаву цёмны прадмет. У гэты момант бачна, што галава перабінтаваная ў вобласці ілба, твар яго адкрыты. Пры гэтым якасць відэа не дае дакладна вызначыць, ці насамрэч на відэа Вітольд Ашурак.

Відэа СК было апублікавана неўзабаве пасля з’яўлення ў прэсе падрабязнасцяў пра тое, у якім выглядзе родным Ашурка аддалі ягонае цела ў калоніі. Сяброўка сям’і журналістка Вольга Быкоўская расказала, што ў Вітольда «забінтаваная галава ад макаўкі да носа, бачны толькі рот».

У апублікаваным Радыё Свабода з дазволу родных памерлага пасведчанні аб смерці пазначаны код R99, які паводле Міжнароднай класіфікацыі захворванняў азначае «Іншыя недакладна вызначаныя і неўдакладненыя прычыны смерці».

Нагадаем, што пра смерць 50-гадовага Вітольда Ашурка стала вядома 22 траўня. Родным палітвязня паведамілі, што прычынай смерці стала спыненне сэрца.

Пахаванне плануюць зладзіць заўтра, 26 траўня, у Бярозаўцы. Развітанне пройдзе ў Доме быту (вул. Навагрудская, 8) з 9 да 13 гадзінаў, а 14:00 пачнецца імша ў касцёле Спаслання Святога духа.

Памяці Вітольда Ашурка: «Узяць адказнасць за будучыню і давесці справу да канца»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(19)