Политика

Што Джон Болтан сказаў пасьля сустрэчы з Лукашэнкам

Сустрэча дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам працягвалася 2,5 гадзіны, што больш як удвая даўжэй за заплянаваны час, паведамляе Радыё Свабода.

Фота Сяргей Гапон, AFP

Болтан назваў сустрэчу «вельмі важнай», хоць яны «і не прыйшлі да нейкіх канкрэтных рашэньняў».

Па ягоных словах, размова праходзіла «на шырокія тэмы — палітыкі, эканомікі, па пытаньнях бясьпекі, як у рэгіёне, так і ва ўсім сьвеце».

— Існуюць істотныя складанасьці ў двухбаковых адносінах паміж Беларусьсю і ЗША, у тым ліку ў пытаньнях правоў чалавека, нераспаўсюджаньня зброі, якія трэба абмеркаваць. Другая тэма — гэта новая геапалітычная рэальнасьць у рэгіёне, зь якой мы мусім лічыцца, працаваць разам, — сказаў Болтан. — Вельмі рады, што ў нас была такая магчымасьць для размовы. Мы пакуль ня вырашылі гэтыя пытаньні, але без такіх размоваў іх вырашэньне немагчымае.

Адказваючы на пытаньне пра пагрозы для незалежнасьці Беларусі ў сьвятле інтэграцыі з Расеяй, Болтан заявіў, што самае галоўнае — «чаго хочуць людзі Беларусі»: «Я думаю, што яны хочуць незалежнасьці».

— Калі Савецкі саюз распаўся, паўсталі новыя дзяржавы, і Злучаныя Штаты шматразова казалі, што мы падтрымліваем іх сувэрэнітэт і незалежнасьць. Народы могуць пазбаўляцца ад незалежнасьці і сувэрэнітэту, краіны-чальцы Эўразьвязу зрабілі гэта ў пэўнай ступені.

Аднак часам некаторыя народы прыходзяць да высновы, што гэта не было мудрым рашэньнем і яны вырашаюць выйсьці [з ЭЗ], як Вялікабрытанія. Любое рашэньне па пытаньнях гэткага кшталту толькі тады можа быць цалкам прадстаўнічым, калі гэта меркаваньне людзей.

Паводле Джона Болтана, пытаньне ўзнаўленьня дыпляматычных стасункаў паміж ЗША і Беларусьсю на ўзроўні амбасадараў не абмяркоўвалася падчас сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

— Як я ўжо сказаў раней, у нас ёсьць няпростыя пытаньні ў двухбаковых дачыненьнях. Нам трэба пабачыць прагрэс па гэтых пытаньнях, і тады будуць вырашацца іншыя. Задачай майго прыезду не было адказваць на асобныя пытаньні кшталту гэтага. Думаю, што размова была цікавая, — сказаў Джон Болтан.

На пачатку сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Болтан падкрэсьліў, што для амэрыканскага боку важныя «пытаньні правоў чалавека, нераспаўсюджваньня зброі».

Кіраўнік Беларусі назваў візыт гістарычным і прапанаваў «шчыра і па-сяброўску» абмеркаваць усе пытаньні дачыненьняў паміж Беларусьсю і ЗША, «няхай яны будуць непрыемныя для Беларусі».

Перад афіцыйнымі сустрэчамі Болтан наведаў мэмарыял «Яма», узьведзены ў памяць пра вязьняў Менскага гета. Як паведамляе амбасада ЗША, ён «аддаў даніну павагі ахвярам трагедыі і тым амэрыканцам, якія выжылі ці згубілі родных у час Галякосту ў Беларусі».

На пытаньне журналістаў, хто быў ініцыятарам візыту Болтана ў Менск, прэс-сакратар беларускага МЗС не адказаў, гэтаксама як і на пытаньне, ці будуць Болтан і Лукашэнка абмяркоўваць аднаўленьне дыпляматычных стасункаў паміж Беларусьсю і ЗША на ўзроўні амбасадараў. На гэты момант дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў абедзьвюх дзяржавах ачольваюць часовыя павераныя.

Сивицкий — о визите Болтона в Минск: США ничего не могут предложить Беларуси

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.2(18)