Общество

Севярынцу прысудзілі яшчэ 30 сутак пасьля пяцi гадзін на волі

Сустаршыню Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі двойчы асудзілі 10 студзеня на 15 сутак арышту (сумарна — 30 сутак) за акцыі супраць паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі, паведамляе Радыё Свабода.

Гэта адбылося ў судзе Савецкага раёна Менску праз 5 гадзінаў пасьля таго, як ён выйшаў на волю пасьля мінулых 15 сутак арышту.

Павал Севярынец пасьпеў трапіць дамоў пасьля арышту. На суд ён не пайшоў. Ён расказваў, што ў ізалятары яго паднялі яшчэ ўначы і загадалі зьбіраць рэчы. Ён думаў, што так рыхтуюць да наступнага суду і новых «сутак». Але высьветлілася, што ў тэрмін зьняволеньня залічылі пяць гадзінаў затрыманьня 18 сьнежня, калі «здымалі на камэру папярэджаньні пра дзяцей і ялінку».

На суды 10 студзеня Павал Севярынец у суд не зьявіўся. На працэсе прысутнічала ягоная маці Тацяна Севярынец. Дзьве справы паводле ч. 3 арт. 23.34 за ўдзел у мітынгах 20 і 21 сьнежня разглядала судзьдзя Вера Галакова.

У суд зьявіўся толькі адзін сьведка, міліцыянт Віталь Івашкоў. Другі міліцыянт не прыйшоў «праз занятасьць на службе».

Паводле сьведкі, Севярынец яму «вядомы як апазыцыйны лідэр». Івашкоў расказаў, што падсудны ўдзельнічаў у несанкцыянаванай акцыі супраць інтэграцыі, выкрыкваў «Жыве Беларусь» і «Ганьба», «заклікаў грамадзянаў». На плошчы было каля 200 чалавек. Міліцыянт таксама спаслаўся на трансляцыю «Белсату».

Судзьдзя адзначыла, што Севярынец зрабіў правапарушэньні паўторна цягам году, і ў справе ёсьць дакумэнт, згодна зь якім дазвол на мерапрыемства не даваўся.

Маці Севярынца спытала судзьдзю: «А ці трэба браць дазвол, каб бараніць краіну?»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(18)