Общество

Сацыёляг Манаеў: У Беларусі адбылася маштабная «ператусоўка»

Прафэсар Алег Манаеў, былы кіраўнік Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледваньняў (НІСЭПД), які цяпер жыве ў ЗША, адказаў на пытанньні Радыё Свабода.

— Вы вось ужо некалькі гадоў жывяце ў ЗША. Што стала галоўнай прычынай вашага ад’езду?

— Вясной 2015 году мяне запрасілі чытаць лекцыі ва ўнівэрсытэт Тэнэсі, а праз год супраць нас падняліся новая хваля рэпрэсіяў: БТ паказаў «спэцыяльны рэпартаж» — «Прымат НІСЭПД», у якім абвінавачваў інстытут у фальсыфікацыі апытаньняў грамадзкай думкі і наўпрост апэляваў да праваахоўных органаў. Дзясяткі людзей апынуліся пад пагрозай крымінальнага перасьледу. У выніку сетка інтэрвіюераў апынулася разбуранай, і мы вымушаныя былі спыніць шматгадовыя апытаньні грамадзкай думкі.

Афіцыйную заяву Сусьветнай асацыяцыі па вывучэньні грамадзкай думкі (WAPOR), якая аспрэчвае абвінавачваньні НІСЭПД у фальсыфікацыях, беларускія ўлады праігнаравалі. А «спэцыяльны рэпартаж» БТ неўзабаве атрымаў прыз на II фэстывалі дакумэнтальных фільмаў СНД за «расьсьледаваньне, якое дасягнула мэты».

Наступныя «справы» з кіраўніцтвам незалежнага прафсаюзу РЭП і незалежнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАН разьвіваліся па такой жа схеме: судовы працэс і крымінальнае расьсьледаваньне па іх ідуць да гэтага часу. Так што прычына майго «невяртаньня» — выключна палітычная, ніякіх бытавых або сямейных прычынаў для гэтага не было. Зрэшты, ацэньваючы сытуацыю рэтраспэктыўна, можна сказаць, што справа да гэтага ішла даўно: рэпрэсіі з боку ўладаў і непрыманьне з боку апазыцыі нарасталі многія гады.

— Ці ўдалося вам знайсьці ў ЗША нейкую працу, зьвязаную з вашымі прафэсійнымі інтарэсамі і здольнасьцямі ці вы не ставілі сабе такой задачы?

— Я ўдзельнічаю ў навукова-дасьледчай працы ва Ўнівэрсытэце Тэнэсі, а выкладаю ў іншым унівэрсытэце (чытаю курсы па сусьветнай гісторыі камунізму і па ўраду ЗША). Так што прафэсійную форму падтрымліваю. Але мушу заўважыць: каб рабіць пасьпяховую кар’еру на Захадзе, трэба пачынаць не ў 63, а ў 23 ці 33 гады.

Сацыёлаг Алег Манаеў пабраўся шлюбам з Марынай Багдановіч

— Гадамі ў якасьці сацыёлага НІСЭПД вы фіксавалі грамадзкія настроі ў Беларусі, рабілі на падставе апытаньяў пэўныя аналітычныя высновы. Як памянялася беларускае грамадзтва за гэтыя 20 гадоў? Па якіх пытаньнях і накірунках можна назіраць самыя радыкальныя зьмены?

— Самай важнай зьменай я лічу перамены ў сацыяльнай структуры беларускага грамадзтва. Аналіз дадзеных шматгадовых апытаньняў НІСЭПД паказвае, што за апошнюю чвэрць стагодзьдзя ў Беларусі адбылася маштабная «ператусоўка»: адны сацыяльныя групы, а гэта мільёны людзей, фігуральна кажучы, «апусьціліся», а іншыя «падняліся». І, хоць гэты працэс не суправаджаецца татальным гвалтам і разбурэньнем ранейшага парадку, як у часы гістарычных сацыяльных рэвалюцый, гэтая «ціхая рэвалюцыя» таксама прыводзіць да вельмі сур’ёзных наступстваў: пераразьмеркаваньня ўлады і ўласнасьці, доступу да такіх важных сацыяльных рэсурсаў, як ахова здароўя, адукацыя і культура.

Напрыклад, дзеці прадстаўнікоў дзяржаўнай бюракратыі, сілавікі, «прыдворны» бізнэс мае сёньня зусім іншы жыцьцёвыя пэрспэктывы, чым дзеці рабочых, спэцыялістаў або індывідуальных прадпрымальнікаў. Інакш кажучы, павялічылася сацыяльна-эканамічная і грамадзка-палітычная няроўнасьць. Прычым гэты працэс ідзе не столькі спантанна, колькі мэтанакіравана стымулюецца ўладамі.

Што тычыцца сурʼёзных палітычных і эканамічных зьменаў, шчыра кажучы, я іх не бачу. Так, пэрыядычна нават незалежная прэса і крытыка ўлады, не кажучы ўжо пра афіцыёзе, з натхненьнем разважаюць пра прагрэс: напрыклад, пра "лічбавую эканоміку", пра "тэхнакратычны ўрад", пра «шматвэктарную зьнешнюю палітыку», пра «мяккую беларусізацыю» і гэтак далей. Але ўсё гэта аказваецца "дымавой заслонай", якая хавае нязьменнасць палітычнага курсу. Калі яна расьсейваецца, становіцца ясна, што сутнасьць ад гэтага не зьмяняецца — Беларусь застаецца аўтарытарнай дзяржавай.

— Галоўнае пытаньне, адказ на які хочацца і адначасова страшнавата пачуць. У тым, што Беларусь там, дзе яна ёсьць — гэта віна выключна ўлады ці гэта адпавядае стану грамадзтва? То бок калі ўлада нейкім чынам зьменіцца — мы шчыльнымі радамі выйдзем на вольны прастор ці гэта грамадзтва захоча новай моцнай рукі?

— На гэтае пытаньне нельга адказаць аднаскладова. Так, у Беларусі былі і ёсьць мільёны людзей, якія не падтрымліваюць цяперашнюю палітыку, хто хоча жыць пры дэмакратыі, рынкавай эканоміцы і прававой дзяржаве. Але ў 1994 годзе яны апынуліся ў меншасьці, і з таго часу іх пазыцыі толькі саслаблі. Лукашэнка прэзыдэнт іншай Беларусі — мільёнаў людзей, якіх яго палітыка ці задавальняе, ці яны настолькі не ўпэўнены ў сваіх пэрспэктывах пры кардынальнай зьмене ўлады, што аддаюць перавагу «сініцы ў руках».

Сёньня гаворка ідзе не столькі пра мільёны «абяздоленых беларусаў», спадзевы якіх калісьці выказваў малады Лукашэнка, колькі пра цэлыя пласты грамадзтва, сфармаваных у выніку мэтанакіраванай «ператасоўкі» сацыяльнай структуры, якія кроўна зацікаўленыя ў цяперашнім становішчы. І так проста яны ад яго не адмовяцца. Думаю, ня варта мець ілюзіяў, што зьмена прэзыдэнта абавязкова прывядзе да жаданых пераменаў — рэальная дэмакратыя, рынкавая эканоміка, прававая дзяржава і шлях у Эўропу.

Шанец на гэта ёсьць, але за яго трэба змагацца. Так, мільёны людзей чакаюць пераменаў, але зусім не такіх, якіх чакаем мы. І новая «цьвёрдая рука», падтрыманая Масквой, на маю думку, цалкам імаверная.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)