Пераліваньня крыві да апошняга не рабілі: Як 36-гадовы жыхар Ліды памёр ад каранавірусу

У Леаніда Мількоўскага засталіся жонка і трое дзяцей ад 3 да 10 гадоў. Падрабязнасці на Радыё Свабода.

Ілюстрацыйнае фота. Пахаваньне адной з ахвяраў каранавірусу ў Стоўпцах, 23 красавіка 2020 году

Жонка Леаніда Мількоўскага зь Ліды плача ў тэлефон. Хвароба ў мужа пачыналася як прастуда. Праз тры тыдні ён памёр. У дакумэнтах прычына сьмерці — COVID-19.

«Хворыя ляжаць са здаровымі»

Леаніду Мількоўскаму было 36. У яго засталіся жонка і трое дзяцей ад 3 да 10 гадоў. Працаваў эканамістам у невялікай фірме. У Лідзе ходзяць чуткі, што памёр таксіст, але з гэтай сфэры Леанід даўно сышоў.

Дзе ён мог падчапіць каранавірус, родныя дакладна ня ведаюць. Жонка падазрае, што гэта магло здарыцца ўжо ў шпіталі. Толькі трэці тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік.

— Няма нармальнай ізаляцыі людзей. Усе перамяшаныя. Хворыя ляжаць са здаровымі. Ніхто нічога ня ведае. Тэсты робяць кепска, ня робяць своечасова... Там усё мяшана-перамяшана, — кажа Вольга Мількоўская.

На момант выхаду публікацыі атрымаць камэнтар у адміністрацыі Лідзкай цэнтральнай раённай бальніцы нам не ўдалося.

Вольга зь перапіскі з мужам дакладна аднаўляе падзеі апошніх трох тыдняў. Упершыню Леаніду стала кепска 19 красавіка, у нядзелю. Тэмпэратура паднялася трохі за 37 градусаў, крыху кашляў. 20 красавіка ў паліклініцы яму праз прастуду адкрылі бальнічны і накіравалі дахаты.

23 красавіка Леаніду трэба было ісьці ў паліклініку на прыём. Тэмпэратура паднялася да 38 градусаў. Тэрапэўт прыйшла дадому, прызначыла мацнейшы антыбіётык і сказала прыйсьці назаўтра у паліклініку працягнуць бальнічны ў загадчыка.

Пераліваньня крыві да апошняга не рабілі: «Рана — чакайце»

24 красавіка здымак выявіў пнэўманію. У той жа дзень Леаніда паклалі ў лідзкі шпіталь, у інфэкцыйнае аддзяленьне. Узялі тэст на каранавірус. На выходных толькі раз на дзень ставілі кропельніцы па 5 хвілін.

27 красавіка, з словаў жонкі, да яго першы раз прыйшоў лекар. Увечары яго «паклалі пад кісларод» — не пад апарат ШВЛ, а лягчэйшы варыянт.

28 красавіка зайшоў дзяжурны лекар, супакоіў, што «так бывае» і «ўсё будзе добра».

29 красавіка прыйшоў першы адмоўны тэст на каранавірус. Стан пагоршыўся, стаў падаць кісларод у крыві. Мужчыну перавялі ў лідзкую радзільню, цяпер часткова перапрафіляваную пад прыём ковідных пацыентаў.

— У 10:20 ён мне напісаў, што яго пераводзяць у раддом. Да 11:50 ён сядзеў, чакаў хуткую, пакуль яго перавязуць. Кепска яму было, кісларод падаў... Ехаў на заднім сядзеньні хуткай дапамогі, — плача Вольга.

У 13:23 29 красавіка Леаніда перавялі ў рэанімацыю, па хвілінах аднаўляе карціну хваробы жонка.

Амаль тыдзень мужчына ляжаў у рэанімацыі, яго ўвялі ў штучную кому. Сувязі са сваякамі ўжо не было.

3 траўня прыйшоў станоўчы вынік тэсту на каранавірус.

Наколькі ведаюць сваякі, пераліваньня крыві мужу да апошняга не рабілі. Замовілі плязму з антыцеламі толькі за дзень да сьмерці, калі пайшла адмоўная дынаміка, упаў ціск у лёгкіх. Як лекары казалі сваякам, пераліваньне рабілі ў ноч перад сьмерцю.

— Сказалі, што ў апошні дзень нібыта спрабавалі. Мы ім казалі штодня. А яны ўсё: «Рана — чакайце, рана — чакайце, рана — чакайце», — плача Вольга.

Ноччу 7 траўня Леанід памёр.

— Дзяцей абажаў. Колькі мы разам жывём, ніколі мне слова кепскага не сказаў. Заўсёды поплеч. Такіх мужоў пашукаць. Ня піў, не курыў. Нават ня памятаю, каб калі на яго злавалася, — расказвае Вольга.

«Што ўкалолі?» — «Для здароўя»

«Ён сябе адчуваў добра», — апісвае агульны стан мужа падчас хваробы да рэанімацыі жонка. Мужчына быў здаровы, да лекараў не зьвяртаўся, толькі зубы лячыў, меў пустую мэдычную картку.

— Мне здаецца, гэта прапусьціла «інфэкцыя» [інфэкцыйнае аддзяленьне шпіталя] адразу, ніхто не прыходзіў. Чаму, калі яго ў шпіталь прывезьлі, ніякіх лекараў не паклікалі? Мэдсёстры прыходзілі, кропельніцу паставілі. Пыталіся, што ўкалолі. — «Для здароўя», — расказвае Вольга.

Сваякі былі гатовыя купіць і прывезьці патрэбныя лекі, аднак у шпіталі ім не казалі, што трэба.

Тэмпэратура ў Леаніда за ўвесь гэты час, наколькі ведае жонка, падымалася не вышэй за 38,8. Да рэанімацыі ён верыў, што неўзабаве ачуняе. Калі перавялі ў радзільню, стала лягчэй.

— Ну што ў нас «інфэкцыя» [інфэкцыйнае аддзяленьне шпіталя]? Будынак стары, палаты малыя, вокны страшныя. Там ні дыхаць, нічога немагчыма. А ў раддоме, кажа, яму і дыхаць лягчэй было. Там паветра іншае, вокны адчыніць можна было. Я і падумаць не магла, што так будзе, — словы суразмоўніцы ўвесь час перарывае плач.

Колькасьць ковідных пацыентаў з мужавых словаў Вольга акрэсьлівае як «шмат» і «ўсё закладзена».

«Адчыняць нельга было»

Кватэру і пад’езд, дзе жыве сям’я, апрацавала санстанцыя. У жонкі і дзяцей узялі тэсты. Праўда, адразу на малодшага тэст не ўзялі, нібыта не запісалі яго ў сьпісы. Па выніку ні ў кога інфэкцыі не знайшлі.

— Далі паперкі падпісаць, што мы сядзім дома. Мне і дочкам да 7 траўня, сыну — да восьмага. Для чаго гэта? Навошта?, — не разумее Вольга.

8 траўня Леаніда пахавалі. Перад гэтым вазілі ў Горадню на ўскрыцьцё. Нягледзячы на небясьпечны дыягназ, на пахаваньне прыехала шмат людзей. Не пабаяліся ні далёкія сваякі, ні сябры.

У рытуальным бюро сказалі пра захады засьцярогі. Міліцыя не суправаджала пахаваньне і не кантралявала, ці выконваюць тыя захады. Вольга кажа, што кожны сам адказна паставіўся да гэтага.

«Адчыняць нельга было, бо ён нават не апрануты. Ён у пакеце», — успамінае з плачам Вольга.

Падчас паніхіды людзі маліліся ў касьцёле, а труна стаяла на вуліцы. Цяпер штодня жонка езьдзіць на могілкі. Зьбіраецца зь сіламі, каб завезьці туды дзяцей. Найцяжэй старэйшаму, 10-гадоваму сыну. Як даведаўся пра сьмерць таты, крычаў на ўвесь дом, клікаў яго.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(32)