Филин

Сяргей Васілеўскі

Пашкевіч: Паўтарэння рымскіх канікулаў для Лукашэнкі дакладна не будзе

Гісторык Аляксандр Пашкевіч расказаў Филину пра тое, што можа стаяць за атакай на Чырвоны касцёл, а таксама пра магчымую рэакцыю Ватыкана.

11 кастрычніка міліцыянты забаранілі вернікам маліцца каля Чырвонага касцёла. Фота: facebook.com/Viktar.Vedzen

— Сітуацыя вакол Чырвонага касцёла — гэта прыватная гісторыя дачынення парафіі з гарадскімі ўладамі, ці нешта большае? Напрыклад, спроба такім чынам штосьці выгандляваць у Захада?

— У шырокім разуменні, напэўна, можна ставіць пытанні і пра нейкія сробы нешта выгандляваць на Захадзе. Але я б тут думаў, што ідзе агульная зачыстка прасторы і спроба прыціснуць усіх, хто мае хоць нейкую аўтаномію і незалежнасць ад уладаў.

Каталіцкі касцёл у Беларусі праяўляў вялікую незалежнасць і ў 2020 годзе. Пасля пры дапамозе Ватыкану яго ўдалося крыху ўціхамірыць, зрабіць больш лаяльным да ўладаў, прызначыць «сваіх» біскупаў, якія не лезуць на ражон і не выступаюць супраць.

Тым не менш, нейкая фронда захавалася. Апошнім часам мы бачылі, як неаднаразова затрымлівалі каталіцкіх святароў у розных месцах Беларусі. Некаторыя біскупы выступалі з дастаткова дзёрзкімі, як на погляд уладаў, прамовамі з розных нагодаў.

Цяпер гэтае пытанне, напэўна, вырашылі цалкам падпарадкаваць уладам. І выкарысталі для гэтага слабое месца, паколькі Чырвоны касцёл знаходзіцца цалкам ва ўладанні дзяржавы, а не Каталіцкай царквы. Вырашылі паўздзейнічаць на Ватыкан, каб ён паставіў на месца касцёльную іерархію.

— У свой час Аляксандр Лукашэнка двойчы наведаў Рым, што для яго асабіста стала прарывам міжнароднай ізаляцыі. Напэўна, паўтарэння рымскіх канікулаў чакаць не варта. Якой можа быць рэакцыя Ватыкана на падзеі ў Беларусі?

Ватикан

— Думаю, што паўтарэння рымскіх канікулаў дакладна не будзе. Як не круці, каб Ватыкану запрашаць да сябе Лукашэнку, вельмі многае павінна змяніцца. І гэта не ад Ватыкана залежыць, улічваючы тое, што Лукашэнка знаходзіцца пад санкцыямі. Таму нейкіх цёплых адносінаў, сітуацыі, калі ў Рыме ізноў будуць лабіраваць інтарэсы Мінска, чакаць не варта.

Але тое, што ён пойдзе на саступкі, задзейнічае сваю славутую дыпламатыю, нешта затушуе, прыструніць незадаволеных мясцовых іерархаў, змусіць іх больш цесна супрацоўнічаць з беларускай уладай, гэта я цалкам не выключаю.

Таму што, у прынцыпе, раней такія тэндэнцыі былі, такую палітыку дэманструе Ватыкан у апошні час. Гэта мне падаецца найбольш верагодным. І гэта тое, чаго акурат рэжым і дабіваецца.

У бліжэйшы час, магчыма, мы будзем бачыць актыўнасць у гэтым накірунку. Можа і спецыяльны пасланнік з Рыма да нас наведаецца, каб вызначыцца, што Лукашэнка хоча ў абмен за тое, каб вырашыць праблему з касцёлам.

Не выключаю, што будзе прапанова прызначыць новага пробашча замест Уладзіслава Завальнюка. І, галоўнае, каб касцёл быў лаяльны, не высоўваўся, не праяўляў незадавальнення тым, што цяпер робіцца ў Беларусі ў грамадскім жыцці.

— У Гродне ўлады вывелі пад польскае пасольства пікетоўцаў з плакатамі. У найноўшай гісторыі краіны падобныя «акцыі пратэсту» ўжо здараліся. Ці ўдасца ўладам далучыць шырокія масы да антыпольскай кампаніі?

— Думаю, што ўсё будзе абмяжоўвацца вось такімі вяла зрэжэсаванымі, арганізаванымі зверху акцыямі. У Беларусі няма яскравых антыпольскіх настрояў, каб ісці па ўласнай волі пратэставаць, каб праяўляць тут ініцыятыву.

Тым больш мы ведаем з найноўшай гісторыі, з досведу апошніх двух гадоў, што няма такіх момантаў, нейкіх чыннікаў, супраць якіх улады маглі выклікаць у сваіх прыхільнікаў сапраўдны энтузіязм.

Здаецца, яны да гэтага асабліва і не імкнуцца, бо ім страшна аддаваць сваю ініцыятыву на волю ў масы, бо невядома, у што гэта можа ператварыцца.

Думаю, улады зацікаўленыя ў тым, каб іхняй рукой арганізоўваліся паказныя акцыі, якія яны будуць выдаваць за пэўны водгук у масах. Я асабіста не ўяўляю, каб людзі сёння раптам па ўласнай волі загарэліся супраць палякаў, ці кагосьці яшчэ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(15)