Памяці шчасьлівага чалавека Юрыя Зісера. Яго цанілі нават ворагі

Пiша Юры Дракахруст на Радыё Свабода.

Юры Зіссер выступае на сьвяткаваньні БНР-100, Менск, 25 сакавіка 2018

У разгар «справы БЕЛТА» рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч напісаў, што Юрыю Зіссеру варта даць званьне Героя Беларусі за ўсё, што ён зрабіў для краіны. У гэты сумны дзень, калі Юры памёр, прыгадваецца гэтая ацэнка. І дадаў бы — герой жыцьця.

У апошнія гады ён працягваў цьвёрдай рукой кіраваць парталам, цікавіцца стартапамі моладзі, граць на любімым аргане, чаму навучыўся некалькі гадоў таму, шчодра займацца дабрачыннасьцю, выступаў на БНР-100, пісаў праграмныя тэксты ў Фэйсбуку — і ўсё гэта, пакутуючы на цяжкую хваробу, якая не пакідала шанцаў.

Калі мінулай восеньню мы сустракаліся зь ім у Менску, на маё асьцярожнае пытаньне, як ідзе лячэньне, ён, усьміхнуўшыся, адказаў: «Ну як? Усё безнадзейна».

І ў гэтым быў увесь ён — спалучэньне халоднай, кампутарнай рацыянальнасьці і прагі да жыцьця, жалезнай волі і пэўнага нават рамантызму.

У памяці сяброў, калегаў, нават канкурэнтаў і ворагаў, ён такім і застанецца. Сапраўднага чалавека не бывае бяз ворагаў, але Юрыя цанілі нават яны — як годнага ворага.

Дарэчы, калі ладзілі «справу БелТА» — ведалі ж, што б’юць сьмяротна хворага чалавека. Але ён, як сапраўдны баец, і не прасіў ад іх літасьці. Годны вораг.

А ў гісторыі Беларусі ён безумоўна застанецца як стваральнік унікальнай зьявы — парталу TUT.BY. Як у аўтарытарнай краіне прыватны інфармацыйны рэсурс можа заставацца незалежным і пры гэтым стаць першым нумарам, стаць у Байнэце фактычна галоўным канкурэнтам, шчытом ад разьліваннага мора «русского мира»?

Як? Цуд. Талент. Чуйка, як кажуць. Унікальнае ўменьне прайсьці паміж Сцылай патрэбаў аўдыторыі і Харыбдай ціску дзяржавы. Дай Бог гэтага яго пераемнікам і спадчыньнікам.

Я толькі час ад часу пішу на TUT.BY, да «кухні» парталу не датычны, але пару разоў бачыў, як кіраваў бізнэсовец Зісер. Ён не какетнічаў, калі казаў, што ня лезе ў бягучыя справы парталу. Але, калі трэба было, прымаў стратэгічныя рашэньні, для некаторых балючыя, для многіх дзіўныя, якія здаваліся памылковымі — «будзе так» ці «так ня будзе». І курс «карабля» мяняўся. І гэта і было сапраўднае лідэрства, якога Юры не губляў нават на шпітальным ложку.

Ён і ў сваіх інтэрвію, і ў прыватных размовах распавядаў пра тое, як давялося сербануць поўнай лыжкай і ў «лихие 90-е», і ў наступныя «лагодныя» гады, давялося сербануць і эксцэсаў постсавецкага «дзікага капіталізму», і наездаў часоў беларускага «дзікага аўтарытарызму», распавядаў, як яго рабавалі і натуральныя бандыты, і «бандыты» у чынавенскіх строях і ў пагонах. Але пры гэтым быў і лічыў сябе шчасьлівым чалавекам, які рэалізаваў сябе напоўніцу. Рэалізаваў тое, пра што марыў, а можа нават і марыць ня мог, у юнацтве.

Юры нарадзіўся ва Ўкраіне, юнацтва пражыў там, пераехаў у Беларусь разам з жонкай-беларускай, Юліяй Чарняўскай. І стаў беларусам. Стаў часткай культурнага, інтэлектуальнага, палітычнага беларускага кантэксту, што і ёсьць нацыя, беларускі бок стаў яго бокам. І ён біўся за інтарэсы гэтага боку з усім сваім талентам і ўменьнем.

Капитан Зиссер: человек, который совершил невозможное

Прокопеня: «Даже если бы небольшой процент из нас горел как Зиссер, мы бы жили совсем в другом обществе»

Яго выступ на БНР-100 быў публічнай дэклярацыяй гэтага, фактычнай дэклярацыяй было ўсё яго жыцьцё ў Беларусі. І сваім жыцьцём ён казаў, хоць і без патасу, якога не любіў: Мы выйграем, хлопцы і дзеўкі, мы, беларусы, выйграем.

Як бы ня склалася далей жыцьцё, помнікам Юрыю стане Tut.by. Але хацелася б, каб партал заставаўся жывым напамінам аб ім, працягам яго жыцьця, цяпер ужо пасьля яго сьмерці.

Нам усім будзе яго не хапаць. Усім, і ворагам таксама.

Самыя шчырыя спачываньні яго родным і любімым людзям — жонцы Юліі, дачцэ Яўгеніі, маленькай унучцы Алісе, яго фізычнаму працягу на гэтым сьвеце.

Бывай, дарагі Юра! Вечная памяць!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(40)