История

Андрэй Кныш

Забойства Кірава: беларускае рэха стрэлу ў Смольным

Пасля маштабнага тэракта ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе» загучалі параўнанні з падзеяй, што здарылася ў СССР амаль 90 год таму. «Салiдарнасць» прыгадвае гэтую гiсторыю, а таксама раскажам пра тое, які водгук яна мела ў тагачаснай Беларусі.

Сталін і Кіраў

1 снежня 1934-га быў застрэлены сакратар ЦК ВКП(б), кіраўнік Ленінградскага абкама партыі Сяргей Кіраў, блізкі паплечнік Іосіфа Сталіна. Ягоная смерць, як лічаць многія гісторыкі, стала прадвеснікам чарговай хвалі сталінскага тэрору.

Кірава забілі на падыходзе да ягонага працоўнага кабінета ў Смольным. Адзіны стрэл у патыліцу зрабіў Леанід Мікалаеў, камуніст, былы супрацоўнік Рабоча-сялянскай інспекцыі пры Ленінградскім абкаме.

Наконт матываў забойцы існуе не адна версія. Па адной з іх, ён помсціў сакратару абкама за раман з ягонай жонкай Мільдай Драўле, якая працавала ў Смольным.

Іншая версія сведчыць на карысць таго, што Мікалаеў меў псіхічныя праблемы і мог помсціць Кіраву за ігнараванне ягоных просьбаў дапамагчы з працаўладкаваннем.

Афіцыйная ж версія, якая з’явілася па гарачых слядах, называла забойцу Кірава тэрарыстам, за якім стаялі ворагі маладой савецкай дзяржавы.

Зрэшты, была і контрверсія, не менш папулярная, згодна якой Мікалаеў быў толькі выканаўцам змовы, за якой стаяў сам Сталін, напалоханы ростам папулярнасці свайго паплечніка.

Рассакрэчаныя ў нашыя дні дакументы па той справе даюць уяўленне пра асобу забойцы. Леанід Мікалаеў нарадзіўся ў сям’і рабочых, рана страціў бацьку.

У дзяцінстве цяжка хварэў, з-за чаго пачаў хадзіць толькі ў 11 год. Меў рост трошкі больш за паўтара метра, быў хударлявым. І схільным да канфліктаў, мала на якой працы праз свой складаны характар затрымліваўся надоўга.

За год да забойства камісію, у якой працаваў Мікалаеў, скарацілі. Яму прапанавалі працу ў іншым месцы, але ён адмовіўся. Гэта расцанілі, як парушэнне партыйнай дысцыпліны. Вынікам стала выключэнне з партыі і звальненне.

Мікалаеў здолеў аднавіцца ў ВКП(б), але працу так і не знайшоў. Ён пісаў скаргі і лісты, у тым ліку і кіраўніку Ленінградскага абкама, але адказаў не меў. Пасля забойства чэкісты адшукалі ў яго перадсмяротную запіску да маці і жонкі (Мікалаеў спрабаваў застрэліцца адразу ж пасля забойства Кірава, але няўдала).

А таксама дзённік, з якога следчыя даведаліся, што Мікалаеў планаваў публічнае забойства Кірава — як палітычны акт.

Мільда Драўле і Леанід Мікалаеў

Расійскі гісторык, даследчык сталінскіх рэпрэсій, Алег Хляўнюк падрабязна апісаў настроі Сталіна і ягонага атачэння ў першыя дні пасля стрэлу ў Смольным. І гэта той момант, які робіць параўнанні з сённяшнімі падзеямі ў пуцінскай Расіі не пазбаўленымі сэнсу.

Савецкія важакі, натуральна, аднымі з першых азнаёміліся з біяграфіяй стралка. І прынялі рашэнне, якое і перадвызначыла хаду падзей. Працытуем адзін з артыкулаў Хляўнюка:

— Версія псіхічна неўраўнаважанага забойцы-адзіночкі не магла задаволіць савецкіх лідараў. Яшчэ да выезду ў Ленінград на сустрэчах у Крамлі была ўзгоднена афіцыйная трактоўка падзеі. Савецкія газеты паведамілі, што Кіраў загінуў «ад здрадніцкай рукі ворага працоўнага класа». Нічога дзіўнага ў гэтым не было. Ад чыёй яшчэ рукі мог загінуць сябра сталінскага Палітбюро? Ад рукі пакрыўджанага, псіхічна нездаровага сябра партыі? Ад рукі падманутага мужа? Сказаць праўду азначала дыскрэдытаваць не толькі Кірава, але і ўвесь рэжым, няздольны абараніць сваіх правадыроў ад выпадковага стрэлу не зусім нармальнага адзіночкі.

Лічыцца, што менавіта Сталін задаў тон «следству», загадаўшы шукаць забойцаў сярод «зіноўеўцаў». Той факт, што чэкісты не мелі ніякіх доказаў сувязі Мікалаева з былымі паплечнікамі Сталіна, не меў значэння.

Пасля «следчых дзеянняў» з забойцам Кірава ў справе з’явілася «контррэвалюцыйная тэрарыстычная арганізацыя», якая складалася з 13 чалавек, якіх нібыта назваў Мікалаеў. 29 снежня 1934-га яны былі расстраляныя, а разам з імі і сам стралок — адзіны, хто не адмаўляў сваю віну.

На гэтым справа пад назвай «Ленінградскі цэнтр», якая скалечыла лёсы тысячаў чалавек, не скончылася. Былі арыштаваныя камуністы-апазіцыянеры Грыгорый Зіноўеў і Леў Каменеў, на якіх усклалі палітычную і маральную адказнасць за забойства ў Смольным. Абодвух расстралялі ў 1936-м.

Амаль пад корань была вынішчаная сям’я Мікалаева і Драўле. Маці і дзве сястры Леаніда, муж малодшай сястры, жонка брата, сама Мільда, яе сястра з мужам былі або расстраляныя, альбо загінулі ў лагерах. Сыны Мікалаева трапілі ў дзіцячы дом.

Беларускае рэха: высылкі, рэпрэсіі і верш Купалы

Гады Вялікага тэрору каштавалі беларусам найлепшых яе сыноў, нацыянальнай эліты. Ведаем мы таксама імёны і тых, хто трапіў у малох рэпрэсій па «справе Кірава».

Колькі год таму «Салідарнасць» расказвала пра лёс ураджэнца Шчучына Мірона Глобуса, дацэнта Томскага дзяржуніверсітэта, дацэнта па балістыцы, артылерыйскага інжынера.

Яго арыштавалі ў 1936-м як удзельніка «контррэвалюцыйнай трацкісцкай групы», якая нібыта не толькі здзейсніла забойства ленінградскага сакратара, але і планавала новыя «тэракты».

Пратакол допыта Мірона Глобуса

Спачатку Глобуса асудзілі на восем гадоў, але пасля ягоных скаргаў на следства завялі новую справу — за паклёп на следчыя органы і арганізацыю масавых выступаў супраць турэмнага рэжыму. Гэтым разам прысуд «тройкі» каштаваў нашаму земляку жыцця — яго расстралялі ў 1937-м.

А гэта фрагмент допыта арыштаванага наркама асветы БССР Ананія Дзякава, расстралянага ў чорную кастрычніцкую ноч 1937-га. Тут ён расказаў пра сваю «антысавецкую дзейнасць»:

— Часам мы збіраліся ў мяне на кватэры. Мне памятаецца адно нашае зборышча ў пачатку 1935-га яшчэ да майго прызначэння ў ЦК, у мяне на кватэры, у якім удзельнічалі: Арабей, Ляшчынскі, Задзярнюк, Мінкін. Гэта было неўзабаве пасля забойства Кірава.

Арабей прама выказваў сімпатыю арыштаваным Зіноўеву і Каменеву і іншым, і казаў пра іх недатычнасць да гэтага забойства.

Арабей усхваляў забойцу Мікалаева, называючы яго героем, які змагаўся за сваю ідэю. Я і іншыя падтрымалі яго. і ў сваю чаргу выказвалі спачуванне арыштаваным кіраўнікам трацкісцка-зіноўеўскага цэнтра.

Гісторык Андрэй Заерка ў сваёй кнізе «Крывавая мяжа» прыводзіць такі факт. Пасля забойства Кірава было арганізаванае прымусовае перасяленне з савецка-польскай мяжы «нядобранадзейных элементаў».

Звязвалі гэта з тым, што следства нібыта выявіла замежныя сувязі Леаніда Мікалаева. У выніку ў 1935-м у Расію і Казахстан вывезлі каля 2000 беларускіх сем’яў.

І напрыканцы згадаем верш нашага класіка Янкі Купалы, напісаны на чацвёрты дзень пасля гібелі сакратара Ленінградскага абкама. За чатыры гады да гэтага паэт паспрабаваў забіць сябе, успароўшы сабе жывот. Яго выклікалі на допыты ў якасці лідара сфабрыкаванага чэкістамі «Саюза вызвалення Беларусі».

Купалу адратавалі, неўзабаве ў савецкай прэсе быў апублікаваны ягоны «пакаяльны» ліст. Сам жа верш, як бачым («герой загінуў ад варожай здрадніцкай рукі»), цалкам укладаўся ў рэчышча афіцыйнай версіі забойства блізкага паплечніка Сталіна.

На смерць таварыша Кірава

Калісь... О, не... Зусім нядаўна было гэта...

І як сабраць тут думкі ў сумнай галаве!..

Малюнак дзіўны змешчан быў у газетах,

Малюнак, што ў жывых у памяці жыве.

 

Плывуць па Беламорскаму каналу...

А лес шуміць... азёры ў хвалях па бакох...

Плывуць таварыш Кіраў і таварыш Сталін,

Прад імі даль Зямлі Савецкай і вякоў.

 

А сёння... Сёння што?.. Ад рання і да рання,

Калышучы абняты жудасцю прастор,

Плыве з Масквы жалобнае пяянне,

Аж рэха далятае да Каўказскіх гор.

 

...Не стала Кірава... Без часу смерць скасіла...

Герой загінуў ад варожай здрадніцкай рукі...

Таварышы! Зняць шапкі над жывой магілай!

Хаваюць, ведайце, бальшавіка бальшавікі.

 

Іграйце гучна музыку геройскую, музыкі,

Каб слухаў і дрыжэў ад музыкі ўвесь свет!

Дзяўчына, кветкамі абсып курган вялікі,

А песню вечную злажы, пясняр-паэт.

 

Гнеў пралетарскі мог і зможа сцерці

З зямлі ўсіх падкалодных яшчарыц, гадзюк,

І ворагам за смерць адплацім грознай смерцю,

Вышэй падымем сцяг, што выпаў з слаўных рук.