Выборы-2020

Някляеў: «Можа, ім, як некалі і мне, стала сорамна»

Як вы ацэньваеце вылучэньне кандыдатамі ў прэзыдэнты айцішніка Цапкалы і банкіра Бабарыкі? На Радыё Свабода адзказвае кандыдат-2010 Уладзімер Някляеў.

— Ня так кансьпіралягічна, як большасьць тых, хто ўжо ацаніў. Маўляў, Цапкала, які доўгі час быў блізкі да Лукашэнкі, — ягоны спойлер, а Бабарыка, які праз свой банк з Расеяй зьвязаны, — стаўленік Крамля.

Ня факт ні тое, ні другое. У мяне ёсьць уласны досьвед. У 2010 годзе, калі я вылучаўся кандыдатам у прэзыдэнты, на мяне таксама наклеілі цэтлік «прарасейскі». Прычым, як улада, бо Лукашэнка заявіў, што ў Някляева расейскія грошы, гэтак і апазыцыя, якая даводзіла тое самае ва ўсіх эўрапейскіх кабінэтах.

У нас жа як: зьяўляецца ў палітыцы новы чалавек, дык першая задача — яго спляжыць. Вось, маўляў, Бабарыка сказаў, што рана ці позна Беларусі давядзецца падпісаць 31-ю інтэграцыйную карту. Дык адно — сказаць, іншае — падпісаць. Палітычная рыторыка можа быць супрацьлеглай палітычным намерам. Так што ня словы давайце слухаць, а глядзець на дзеяньні. А яны пакуль якія?

Цапкала прадаў дом, каб правесьці выбарчую кампанію, а Бабарыка пакінуў пасаду старшыні праўленьня «Белгазпрамбанку». І што я па гэтых дзеяньнях, а ніякіх іншых пакуль няма, павінен думаць? Што хлопцы такія хітразадыя? А чаму я не магу думаць, што ім гэтаксама, як некалі мне, стала сорамна, немагчыма жыць тым жыцьцём, якім жывём, і яны вырашылі яго зьмяніць? Рызыкнуць, паспрабаваць. Дык лепш я буду думаць пра іх лепш, калі ўсе горш думаюць.

Віктар Марціновіч: Чаму Бабарыка і Цапкала вырашылі пайсці ва-банк?

У стасунках зь людзьмі я заўсёды зыходзіў з таго, што лепш у чалавеку памыліцца, чым загадзя запісаць яго ў нягоднікі. Здараліся, вядома, памылкі, часам з сур’ёзнымі наступствамі, але прынцыпу ў адносінах зь людзьмі я не мяняў — і не шкадую пра гэта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(118)