Выборы-2020

Віктар Марціновіч, budzma.by

Віктар Марціновіч: Чаму Бабарыка і Цапкала вырашылі пайсці ва-банк?

Пісьменнік пра тое, чаму банкір Віктар Бабарыка і стваральнік ПВТ Валер Цапкала вырашылі выставіць свае кандыдатуры на прэзідэнцкія выбары.

Віктар Марціновіч, фота ilinterviews.com

Хачу папярэдзіць: яшчэ могуць быць сюрпрызы, да канца падачы дакументаў тры дні, а моцныя гульцы маюць дурную звычку хадзіць апошнімі.

Але і таго, што ўжо зроблена, дастаткова, каб зразумець, што нас чакаюць выключныя выбары: такіх яшчэ не было. Нават не з 2010 года, а наогул не было. Цапкала і Бабарыка ў бюлетэнях пры цяперашняй сітуацыі ў краіне = гарантыя другога тура, нават калі лічыць усё будуць маўклівыя цётачкі з непразрыстымі азадкамі. Тым больш што «патрыятызм» і адданасць цётухнаў курсу пасля спрэчнай для ўсіх сітуацыі з КАВІДАМ — гэта кот Шродзінгера.

Кожнаму пазнавальнаму саперніку давядзецца намаляваць хаця б 10 адсоткаў, а тое, колькі тых адсоткаў будзе рэальна, адразу залунае ў паветры і загудзе ў чэргах па кілбасу. Менавіта так было ў Сербіі з Мілошавічам, атачэнне якога таксама пераацаніла кіраванасць сістэмы.

Неяк усім і адразу пасля галасавання зрабілася там зразумелым, што Слабадан — усё. І гэты новы настрой — калі да яго давядуць — не дазволіць імітаваць былыя элегантныя перамогі за адзін праход. А другі тур = варыянт 1994 года, калі стаўка на тое, што «падлічаць як трэба» абломваецца здрадай эліт.

І так, зразумела, што ёсць безадказны і шмат разоў апрабаваны варыянт не зарэгістраваць. І тое, што ўжо проста цяпер робіцца з пякельнымі арыштамі блогераў і журналістаў у рэгіёнах, як бы намякае, што з усіх магчымых варыянтаў зваротнай рэакцыі абраны самы жорсткі. Той, якога таксама дагэтуль у Беларусі не было (бо раней пасля абвяшчэння выбараў адвольныя арышты на суткі прыпыняліся, каб не псаваць карцінку міжнародным ацэншчыкам галасавання).

То паўстае самае галоўнае пытанне: чаму абодва вырашылі пайсці? Яны добра ведаюць гульню. З допісу Бабарыкі вынікае, што ён выдатна ўсё разумее, ён нават цытуе показку часоў Сталіна — пра тое, што няважна, як галасуюць, важна, як лічаць.

Дык што адбываецца?

Чаму гэтыя заможныя і ўплывовыя людзі вырашылі пайсці ва-банк?

Бо для іх гэта менавіта ва-банк, тут ці хэпі-энд, ці страта ўсяго, што маеш, уключна са свабодай. Мне цяжка ўявіць сябе Саннікава ці Казулуліна пасля выбараў у нейкай іншай траекторыі, чым тая, якая ім была наканаваная.

Па-першае: я абсалютна выключаю магчымасць таго, што Бабарыка ці Цапкала — «спойлеры», «як Сабчак». Таму што гэта Пуцін у Расіі мусіў гуляцца ў настолькі складаныя гульні. Бо ў Расіі зусім іншыя тэхналогіі падробкі. Там, ведаеце, галасы лічаць. І яўка — рэальная яўка, а не тое, што з’явіцца ў выніковых пратаколах, — важная. Таму і патрэбныя такія кульбіты, які быў прароблены з Сабчак.

У Беларусі патрэбы ў моцнай альтэрнатыве няма, таму што выбары носяць зусім іншы характар. Колькі б людзей ні прыйшло, і яўка, і фінальная лічба будзе патрэбнай. У такіх умовах альтэрнатывы большай, чым ЛДП, не прадугледжана гульнёй.

То абодва моцныя апаненты — не праект беларускай улады.

То, можа, рэч у наяўнасці плану? І відавочна, што гэты план не можа ўключаць вуліцу, бо плошча ўлетку і ва ўмовах эпідэміі неэфектыўная.

У спадзеве на папярэднія дамоўленасці з вертыкаллю, якой таксама, мабыць, няпроста даўся нядаўні парад (пры гэтым трэба разумець, што ўсе кантакты абодвух вылучэнцаў ва ўсіх, нават самых шыфраваных, сродках сувязі цяпер пільна аналізуюцца)?

У тэхналогіях, да якіх ні Мацкевіч, ні Губарэвіч пакуль не датумкалі?

Прынамсі, за Бабарыкам — некалькі моцных рэалізаваных праектаў на мяжы дыгітальнасці, культуры і сацыяльнага дзеяння (на ўсялякі выпадак: я ў тых краўдфандынгах не ўдзельнічаў, ніякага дачынення да «Белгазпрамбанка» не меў і ні ў якую каманду на выбарах ніколі не ўключуся). Цапкала, выглядае, — такі ж стыхійны містык, як той, у штабе якога ён некалі працаваў, а манера мыслення такіх людзей, бывае, выводзіць да крокаў, якія чалавеку рацыянальнаму прадказаць немагчыма.

Калі нейкага геніяльнага плану ў іх няма — што ж, абодва цягам найбліжэйшага года ператворацца ў пакутнікаў і застануцца ў новай гісторыі краіны як тыя, што, у адрозненне ад нас, кніжных разумнікаў, не проста гугнявілі з утульных кухняў, але спрабавалі дзейнічаць.

«Удзячнае» беларускае грамадства (і Бабарыку, і Цапкалу трэба гэта ўсведамляць!) па завядзёнцы з часоў Каліноўскага працягне падазраваць іх у тым, што «спрацавалі на Крэмль» ці «пабылі спойлерамі».

Я б хацеў абазначыць сваім чытачам гэты момант. Мяжа, на якой мы аказаліся. Запомніце гэтую вясну. Вось ён, парог, на якім людзі, што маглі, як і мы, пражыць адносна спакойна і бестурботна, вырашылі, што далей адкладаць няма куды і трэба дзейнічаць.

Чым бы ні кіраваліся — здымаю капялюш!

Карбалевич: «У многих есть ощущение, что с Лукашенко у общества нет никаких перспектив»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(120)