Спорт
Сяргей НЯТРЭБА

N.R.M. дазволілі

Сьнежань абяцае быць для N.R.M. надта напружаным. З гэтае нагоды музыкі толькі цешацца: акрамя міні-туру па Польшчы, яны выступяць і на радзіме.

4 сьнежня Вольскі і Ко возьмуць удзел у гала-канцэрце фэстывалю “Рок-кола” ў Полацку. Разам з N.R.M. у гэты дзень выступяць “Мадэра хард блюз”, “Стокс” і каманды-пераможцы конкурсу, які пройдзе 3 сьнежня. Арганізатар фэсту Сяргей Анішчанка апавядае, што дзеля выступу N.R.M. давялося добра пабегаць. Спачатку ён зьвярнуўся ў полацкае КДБ, каб справіцца пра сьпісы “забароненых”. “Там толькі паціснулі плячыма. Больш за тое, сярод іх выявілася нямала прыхільнікаў музыкі Вольскага!” — кажа Анішчанка. Пасьля гэтага Сяргей “пракансультаваўся” ва ўпраўленьні культуры Віцебскага гарвыканкама, дзе атрымаў прыблізна такі ж адказ і вырашыў запрасіць N.R.M. на “Рок-кола”. А 10 сьнежня канцэртам у Познані беларуская група распачне міні-тур сумесна зь легендай польскага року — групай Pidzama Porno. Лідэр польскай групы Кшыштаф Грабоўскі не хавае, што ён прыхільнік N.R.M. На сваіх канцэртах Pidzama Porno нават выконвае свой варыянт “Трох чарапах”. Вялікія супольныя канцэрты N.R.M. і Pidzama Porno пройдуць у Познані, Уроцлаве, Варшаве і Лодзі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)