Сяргей НЯТРЭБА
Нефарматныя “Беларускія Песьняры”

Улад Місевіч, кіраўнік “Беларускіх Песьняроў” і ўдзельнік таго самага “залатога” складу мулявінскага ВІА, зрэдку бывае дома — 7-10 дзён на месяц. “Беларускія Песьняры” ўжо які год працуюць у Маскве, дзе маюць уласную студыю і лэйбл.

Прыехаўшы зараз, Місевіч вырашыў зайсьці на некалькі беларускіх FM-станцыяў, каб аддаць у ратацыю новы сынгл групы. Але паўсюль сутыкнуўся са словам “нефармат”. “Мне падавалася, што нашая песьня “Вочы цёмна-сінія” якраз радыйная, караценькая, сьвежая і вясёлая. Відаць, ня маю ўяўленьня пра сучасную музыку”, — апавядае музыка. “Беларускія Песьняры” прэзэнтавалі “Вочы цёмна-сінія” ў праграме расейскага каналу ТВЦ “Кто на новенького” і ў гіт-парадзе “Тузін Гітоў”.
Нядаўна група вярнулася з Чэхіі, дзе мела сольны канцэрт у Карлавых Варах. Цяпер музыкі рыхтуюцца да выданьня новага альбому і яго канцэртнай прэзэнтацыі ў маскоўскім Тэатры эстрады (мае адбыцца ў лютым). Пра канцэрты на Беларусі Ўлад Місевіч кажа няўпэўнена: “Калі вялікі канцэрт — вялікія праблемы. Калі будзем граць часьцяком, без публікі можам застацца”. У свой час зладзіць “Беларускім Песьнярам” канцэрт у Менску было праблематычна праз усе недарэчнасьці, зьвязаныя з падзелам спадчыны “Песьняроў”. Але сёлета Місевіч са сваёй групай далі аншлягавы канцэрт у Палацы рэспублікі. Да дзяржаўных “Песьняроў” Улад мае ня надта станоўчае стаўленьне: “Глядзеў нядаўна іх выступ на адкрыцьці “Залатога шлягера” і ўбачыў, што да прафэсыяналізму ім далёка. Адчуваецца замяшальніцтва, бо яны ня могуць знайсьці новы сэнс старых “песьняроўскіх” песень. Дамовіліся ня кпіць адзін з аднаго, але як тут стрымаешся?”

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4 (оценок:1)