«Не зьбіраюся апраўдваць Гарбачова за чарнобыльскую паўзу, але па выніку ягонай дзейнасьці добрае істотна пераважвае»

Журналіст Сяргей Навумчык – пра Міхаіла Гарбачова, які сыйшоў з жыцця роўна год таму.

– Неяк прачытаў, што як нягледзячы на вызваленьне мільёнаў ваязьняў ГУЛАГу , рускі народ ня можа дараваць Хрушчову кукурузу, гэтак і Гарбачову, які даў свабоду, ня могуць дараваць антыалкагольнай кампаніі, – піша Навумчык. – У беларусаў і ўкраінцаў рахунак да Гарбачова больш цяжкі: Чарнобыль.

Сяргей Навумчык

Хаця як члену расьследвальніцкай парламенцкай камісіі мне ёсьць што сказаць на гэты конт, скажу толькі як чалавек, які гутарыў з тагачаснымі членамі Палітбюро і добра ведае расклад сілаў у вышэйшым кіраўніцтве ў 1986-м: выступі Гарбачоў адразу — і заўтра на ягоным месцы былі б Грышын ці Раманаў. Людзі не былі б уратаваныя тым больш, а вось камуністычны лад замацаваўся б на доўгія гады.

Не зьбіраюся апраўдваць Гарбачова за тую чарнобыльскую паўзу, але перакананы, што ў падліку добрага і нядобрага па выніку ягонай палітычнай дзейнасьці — добрае істотна пераважвае.

Без імпульсу, які даў Гарбачоў, адназначна не была б магчымая праўда пра Курапаты, як вынік – стварэньне БНФ і далей — Незалежнасьць (хаця распаду СССР, як і камуністычнай сыстэмы ён, ясна, не жадаў).

І незалежнасьць балтыйскіх рэспублік была б немагчымай вельмі, вельмі доўга – тыя ж літоўцы толькі б марылі пра яе, як дзесяцігодзьдзямі марылі пра папярэдніх генсеках. Тов. Раманаў паказаў бы ім і «саюдзісы», і «балтыйскія шляхі» — зрабіў бы зь Вільні Марыюпаль, пад единодушное одобрение советского народа. І ніякі Буш-старэйшы ці Мітэран і ня пікнулі б.

Па-мойму, цяпер, з улікам праяўленьня исконных помыслов русского народа (ва ўсякім выпадку, 80%) гэта відавочна.

Рады, што пасьпеў асабіста выказаць удзячнасьць Міхаілу Сяргеевічу за тое сьветлае, што ён зрабіў. Не ад беларускага народа, зразумела. Ад сябе.

Ад імя народа можа казаць толькі нацыянальны геній. Васіль Ўладзімеравіч Быкаў словы ўдзячнасьці Гарбачову сказаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(71)