Між іншым: калі мы чытаем пра «сьціплы посьпех « контрнаступу, мы павінны памятаць, што ўкраінцы ваююць без авіяцыі – г.зн. па правілах нават не Другой, а Першай сусьветнай вайны. Цуд, што ўкраінцы ўвогуле рухаюцца наперад.
Навумчык: «Тое, што зрабіў Кіеў (удар па штабу Чарнаморскага флота), у 2014-м мусіў зрабіць Абама»
Журналіст Сяргей Навумчык – пра пазіцыю заходніх краін у дачыненьні да Украіны і Расеі.
– Украіна – пераможа, ніякага сумневу, – піша Навумчык. – Але гэта будзе ня тая перамога, якая магла б быць, калі б Захад зь першага дня пуцінскай агрэсіі ці непасрэдна ўступіў у вайну (уявіце, якіх ахвяраў удалося б пазьбегнуць, калі б ужо ў 1938 Эўропа і ЗША далі б рашучы адказ Гітлеру на ягоную анэксію Судзетаў. Так, адказ каштаваў бы дзясяткі тысяч жыцьцяў. Але – не дзясяткаў мільёнаў, якія давялося потым заплаціць за нерашучасьць).
Ці, хаця б, забясьпечыў Кіеў усёй той зброяй, якую толькі цяпер, у тыдзень па чайнай лыжцы, пачынае пастаўляць. Найперш – авіяцыяй і ракетамі дальняга радыюсу дзеяньня.
Тое, што ўчора зрабіў Кіеў (удар па штабу Чарнаморскага флота ў Севастопалі), у 2014 годзе мусіў зрабіць Абама. Пры першай жа спробе анэксіі Крыму паказаць, што Амэрыка ня спыніцца ні перад чым, каб выканаць сваё абяцаньне абараніць Украіну, дадзенае ўзамен на вывад ядзернай зброі.
Але Вашынгтон пачаў выкручвацца, як школьнік, які не падрыхтаваў хатняе заданьне: «А знайдзіце ў тэксьце Будапэшцкага Мэмарандуму слова «гарантыі»! Няма там такога слова!». Ды ў загалоўку дакумэнта ёсьць гэтае слова.
І ў 2014 Масква зразумела: цяпер можна ўсё.
Заходнія лідэры губляюць рашучасьць, калі іх пужаюць ядзернай зброяй. Так было ў 1991-м, калі Захад супраціўляюся абвяшчэньню незалежнасьці рэспублікамі СССР («ядзерны боегалоўкі расьцягнуць па «нацыянальных кватэрах», а цяпер яны хаця б у адных руках, у Гарбачова»).
Ах, як любілі маскоўскія дэмакраты, усе гэтыя сабчакі і паповы паўтараць усьлед за амэрыканцамі пра «нацыянальныя кватэры»! Ну – «расьцягнулі па кватэрах». А потым адмовіліся ад зброі і выканалі патрабаваньне ЗША вывезьці іх у Расею.
(Уявіце ступень разуменьня Расеі амэрыканскімі лідэрамі ў пачатку 90-х, якія дадумаліся да такога патрабаваньня). І цяпер хіба з тых «нацыянальных кватэр» ідзе пагроза ўсяму сьвету?
Так было ў 2014, калі Масквой былі парушаныя ўсе міжнародныя прававыя нормы – абсалютна беспакарана.
Тое самае – і цяпер.
Выглядае, Захад прыйшоў да кансалідаванага рашэньня дапамагчы Кіеву вярнуць свае тэрыторыі, але – ня больш за тое. Згодны пакінуць чэкісцкі рэжым ва ўладзе, а Расейскую імпэрыю – у яе цяперашнім стане. Прычына тая ж – ядзерная зброя «можа патрапіць у немаведама чые рукі».
Можна знайсьці тысячу апраўданьняў такой пазыцыі, але цяпер важна іншае: яна ўжо выпрацавалася і яе даводзіцца ўспрымаць як факт.
У больш шырокім кантэксьце, сьвет уступіў у паласу, калі ні міжнароднае права, ні правы чалавека, ды ўвогуле ўсё тое, што напрацавала чалавецтва за апошнія 2-3 тысячагодзьдзі (пачынаючы ад Гамера ці нават раней) – не бярэцца ў разьлік перад пагрозай грубай сілы.
Гэта сваёй фэнамэнальнай інтуіцыяй (што ёсьць, тое ёсьць) адчуў Лукашэнка, выпрасіўшы ў Пуціна крыху ядзерных боегаловак. Хай пакуль яму і не падкантрольных – а там яшчэ невядома, як карта пакладзецца.
І гэтая самым непасрэдным чынам будзе ўплываць на будучыню Беларусі ў даволі працяглай пэрспэктыве.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное