Навумчык: «Натоўп зьнёс помнік Дзяржынскаму, а структура засталася некранутай»
Ці была магчымасьць ліквідаваць КДБ у 1991 годзе, як гэта зрабілі са «Штазі» ў Нямеччыне ці з STB у былой Чэхаславаччыне?
— Калі дэталёва вывучаеш храналёгію жніўня-верасьня 1991-га, дык пераконваесься: так, была. Але толькі вельмі кароткі час, і скарыстаць гэтую магчымасьць мог толькі адзін чалавек. І не ў Беларусі, — піша Сяргей Навумчык.
Тут важна заўважыць, што ў жніўні 1991-га КДБ, як і КПСС, быў адзінай «саюзнай» структурай. І што ўказ Ельцына аб спыненьні дзейнасьці КПСС папярэднічаў рашэньню Вярхоўнага Савету БССР аб прыпыненьні дзейнасьці КПБ-КПСС.
Аднак трэба прызнаць, што ў Беларусі ў той час не было сілаў, здольных ліквідаваць КДБ. Шушкевіч ня меў на гэта паўнамоцтваў. У Маскве такая сіла — дакладней, фігура — была: Ельцын.
Расейская публіцыстка і аўтар кніг пра савецкія спэцслужбы Яўгенія Альбац неяк сказала, што ў жніўня 91-га Барысу Ельцыну было дастаткова адчыніць дзьверы Лубянкі і сказаць чэкістам: «Вы папрацавалі — і хопіць. Дзякуй. Разыходзьцеся!» — і на дзейнасьці КДБ быў бы пастаўлены крыж.
Замест гэтага натоўп зьнёс помнік Дзяржынскаму, а структура засталася некранутай, толькі зьмяніла назву (у Беларусі, нагадаем, і назва засталася ранейшаю).
Вядома, у такіх словах публіцысткі можна ўгледзець пэўнае спрошчваньне. Але той, хто памятае атмасфэру пасьля паразы путчу ў жніўні-верасьні 1991-га, пацьвердзіць: Ельцын зь ягоным іміджам пераможцы над путчыстамі ў тыя дні мог зрабіць усё, што пажадаў бы, пры поўнай падтрымцы абсалютнай большасьці насельніцтва Расеі.
І Леніна з маўзалею маглі вынесьці, і з КДБ скончыць. Спыніў жа ён адным сваім указам дзейнасьць КПСС зь ягонымі ЦК і абкамамі — падпісаўшы гэты ўказ проста пад носам генсека Гарбачова, і ніхто нічога ня здолеў зрабіць. Тое ж самае магло б быць і з КДБ.
Празь некалькі месяцаў Ельцын ужо такой магчымасьці ня меў — радыкальныя рынкавыя рэформы прывялі да рэзкага росту цэнаў, рэйтынг Ельцына пачаў падаць. Дый чэкісты адышлі ад пасьляпутчавага шоку. КПСС зьнішчылі, КДБ не змаглі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное