Навумчык: «Асаблівая адказнасьць – на «маладых ваўках», якія цягам чатырох гадоў бачылі ўсю мярзотнасьць чалавека, якога яны вылучылі кіраваць нацыяй»

Публіцыст — пра сумны юбілей, які прымушае зрабіць урок.

— Сёньня – трагічная дата ў гісторыі Беларусі. 30 гадоў таму, 2 сакавіка 1994 году, Вярхоўны Савет прагаласаваў за ўвядзеньне ў Канстытуцыю пасады прэзыдэнта. Тым самым адкрыўшы шлях да дыктатуры, — піша Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык

Нагадаю, што тры гады — зь вясны 1991 — дэпутатам Апазыцыі БНФ на чале з Пазьняком удавалася блякаваць пытаньне пра прэзыдэнцтва, якое выносілася спачатку камуністамі, потым кебічыстамі. Прэзыдэнцтва не набірала належнай колькасьці галасоў (2/3).

Як член Канстытуцыйнай Камісіі, дакладна ведаю, што яшчэ ў пачатку 1993 праект Асноўнага закону не прадугледжваў прэзыдэнцтва. А ў прэамбуле ўзгадаваліся ВКЛ і БНР як падмуркі дзяржаўнасьці сучаснай Беларусі.

Але ў пэўны момант Кебіч у справе прэзыдэнцтва атрымаў саюзьнікаў. За прэзыдэнцтва выступілі дэпутаты Дэмклюбу («умераныя дэмакраты») на чале з Шушкевічам. За прэзыдэнцтва выступіў Карпенка (плюс 10-15 дэпутатаў ягонай фракцыі «Згода»). І нарэшце, каманда «маладых ваўкоў» – Ганчар, Булахаў, Шэйман, Сініцын, Шыпко, Кучынскі, якія зрабілі стаўку на Лукашэнку.

І хай бы яшчэ яны ня ведалі, што робяць — але ж мы, дэпутаты БНФ, прыводзілі аргумэнты, угаворвалі, хіба што ў нагах не валяліся ў Ганчара і Булахава, Шушкевіча і Карпенкі, пераконваючы, што нельга ўводзіць прэзыдэнцтва, што яно непазьбежна прывядзе да дыктатуры, што Беларусі трэба яшчэ пяць-шэсьць гадоў парлямэнцкай дэмакратыі, каб сфармавалася грамадзянскай супольнасьць, каб умацавалася партыйная сыстэма, каб вырасла (уступіла ў электаральны ўзрост) пакаленьне, пазбаўленае закладзеных камуністычнай сыстэмай рэфлексаў.

Але нічога гэтага не жадалі чуць яны.

Я перакананы, што, як бы яны не тлумачылі матывы сваіх дзеяньняў постфактум, рэальным фактам было і застаецца прэваляваньнем іх асабістых амбіцый. Імі кіравалі амбіцыі і себялюбства. Яшчэ раз: імі валодалі амбіцыі, больш — нічога.

Амбіцыі — гэта натуральная якасьць палітыка, але ў гэтым выпадку пад іх абсалютна безадказна быў кінуты лёс нацыі, будучыня пакаленьняў беларусаў. І як мы бачым сёньня — магчыма, і сама Беларусь, якая проста можа зьнікнуць з геаграфічнай мапы і не аднавіцца на ёй ніколі.

І асаблівая адказнасьць – на «маладых ваўках», якія цягам чатырох гадоў бачылі (амаль штодня!) усю ўблюдачнасьць і мярзотнасьць чалавека, якога яны вылучылі кіраваць нацыяй з тысячагадовай гісторыяй. І адзінае, што апраўдвае іх (калі такое можна апраўдаць) — што былі Ганчар, Булахаў, etc. толькі марыянэткамі ў руках антыбеларускіх сілаў, кіруемых Масквой.

Толькі гэта хіба, хаця б часткова, можа іх апраўдаць — бо інакш няма ім дараваньня перад пакутным лёсам Беларусі і беларускай нацыі.

Горкі дзень, сумны юбілей, які, аднак, прымушае зрабіць урок: не паддавацца эфэктным словам і заманлівым абяцаньням.

Шлях да свабоды, да вольнай Беларусі будзе няпростым — але нацыя з тысячагадовай гісторыяй пераадолее яго.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(83)