Скандалы

Настаўніца не працуе. Чым завяршыўся скандал з парваным вухам вучаніцы ў гомельскай школе

Міліцыя вынесла пастанову аб спыненьні праверкі ў дачыненьні настаўніцы трэцяй клясы гомельскай гімназіі № 71, на якую паскардзілася адна з маці з прычыны траўмаваньня дачкі-вучаніцы, паведамляе Радыё Свабода.

Заяўніцы ў міліцыі растлумачылі права распачаць у судзе справу прыватнага абвінавачваньня. Настаўніца дагэтуль не працуе — знаходзіцца на бальнічным.

Што гэта значыць?

Паводле артыкулу 426 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, крымінальную справу прыватнага абвінавачваньня распачынае асоба, пацярпелая ад злачынства. У выпадку яе няздольнасьці з прычыны ўзросту або стану здароўя выказваць сваю волю ў крымінальным працэсе — любы зь яе паўналетніх блізкіх сваякоў або членаў сям'і, законны прадстаўнік або прадстаўнік юрыдычнай асобы шляхам падачы ў суд заявы.

Паводле інфармаванай крыніцы, у дзеяньнях настаўніцы ёсьць склад злачынства паводле артыкулу 153 Крымінальнага кодэксу – наўмыснае прычыненьне лёгкага цялеснага пашкоджаньня. Але зьвярнуцца ў суд маюць права бацькі школьніцы, калі яны пажадаюць.

Што здарылася ў школе

Інцыдэнт здарыўся 21 студзеня на ўроку матэматыкі. «Вучаніцу К. спачатку выклікалі да дошкі. Яна не рашыла прыкладаў. Потым мы самі рашалі, за партамі. І яна за палову ўрока нічога не напісала. А потым... У яе ўтварыўся шрам на вуху. Ну, настаўніца яе так пацягнула», — расказваў аднаклясьнік пацярпелай з гімназіі № 71.

«Незалежна ад сукупнасьці абставінаў, рэакцыя пэдагога на паводзіны вучаніцы была недапушчальнай», — выказвалася на афіцыйным сайце Міністэрства адукацыі з нагоды канфлікту ў гімназіі № 71 Гомля.

У ведамстве запэўнівалі, што неаднаразова нагадвалі пра недапушчальнасьць праяў агрэсіі альбо гвалту ў дачыненьні да непаўналетніх.

«З нагоды таго, што адбылося ў ДУА „Гімназія № 71 г. Гомля», цяпер праводзіцца ўнутранае расьсьледаваньне, па выніках якога будуць прынятыя адпаведныя кіраўнічыя рашэньні», — гаворыцца ў паведамленьні.

Настаўніца ня вернецца на працу?

Свабодзе стала вядома, што настаўніца ня будзе больш працаваць у гімназіі №71. Пра такое рашэньне яна паведаміла кіраўніцтву, але афіцыйна пакуль знаходзіцца на бальнічным.

На сайце ўстановы адукацыі паведамляецца, што ў 2017 годзе Тацяна П. атрымала званьне «Настаўніца году» за тое, што разам са сваімі вучнямі заваявала для гімназіі пяць дыплёмаў пераможцаў прадметных алімпіяд.

Как министр образования заступился за детей

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)