Намесніца міністра аховы здароўя адмовілася назваць лічбу медработнікаў з каранавірусам

Заражэнні медыкаў рэгіструюцца ва ўсіх краінах, якія сутыкнуліся з пандэміяй. У іншых еўрапейскіх краінах гэтая лічба не ёсць таямніцай, прыводзяцца звесткі як агульнанацыянальныя, так і па асобных установах здароўя.

Намесніца міністра аховы здароўя Беларусi Алена Богдан не змагла адказаць на пытанне, колькі медработнікаў у краіне заражана ці памерла ад COVID-19, адзначае Наша Нiва.

Спачатку ў адказ на пытанне яна сказала павышаным тонам, што ў яе няма такіх звестак, але яна «можа сабраць іх». Пазней яна сказала: «Медыкі, нашы медыцынскія работнікі гэтую лічбу ведаюць». У той жа час яна трымаецца думкі, што агучваць такую лічбу няма патрэбы.

Богдан абрынулася на журналістаў з крытыкай за публікацыі пра смерць медработнікаў — у прыватнасці, пра сыход 47-гадовай медсястры ў Віцебску і 50-гадовага фельчара ў Барысаве.

Яна спасылалася на «прынцыпы біяэтыкі»:

— Гэта пытанні біяэтыкі, і трэба тут паважаць перш за ўсё пачуцці таго, хто сышоў.

7 красавіка на пасяджэнні Віцебскага абласнога аператыўнага штаба па абароне ад COVID-19 было заяўлена, што ў іх у вобласці выяўлена 38 заражаных медыкаў.

Праходзіла інфармацыя і пра заражэнні медыкаў у Мінску, Мінскай вобласці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.1(14)