Мiлiцыя абясшкодзiла iнвалiда i непаўнагадовых

Неверагодныя па маштабнасці спецаперацыі правялі 8 і 9 лютага супрацоўнікі міліцыі ў горадзе Салігорску і вёсцы Сірод Калінкавіцкага раёна. Падчас іх аператыўнікамі былі затрыманы інвалід другой групы Васіль Сіліверст і маладыя людзi Іван Шыла, Уладзімір Лепеш, Крысціна Самойлава і Глеб Сандэрс (сярод iх ёсьць непаўнагадовыя).

Як паведамляе “Радыё Свабода”, ліквідатар наступстваў чарнобыльскай катастрофы гамельчанін Васіль Сіліверст зараз знаходзіцца ў раённым шпіталі. Ён быў затрыманы ў сіродскім сельскім Доме культуры пасля таго, як зняў з агітацыйнага стэнда біяграфію Аляксандра Лукашэнкі — самі супрацоўнікі ўстановы на папярэднюю заўвагу гамельчаніна, што дадзеная папера з’яўляецца заўчаснай агітацыяй, адмовіліся гэта зрабіць. Вярнуць Дому культуры страчаную каштоўнасць усімі сіламі спрабавалі выкліканыя на месца здарэння аператыўнікі. Каля гадзіны яны пратрымалі на снезе тварам уніз інваліда другой групы, шукаючы ў таго аркуш з біяграфіяй Лукашэнкі.

У выніку з райадзела міліцыі Васіля Сіліверста даставілі ў раённы шпіталь. Урачы канстатавалі ў яго абмаражэнне жывата. Па прычыне боляў у сэрцы (раней Сіліверст перанёс два інфаркты міякарду) ён быў накіраваны ў аддзяленне кардыялогіі.

Маладым людзям, што былі затрыманыя ў Салігорску ўвечары 8 лютага, пашчасціла крыху больш. Пасля некалькіх гадзін, праведзеных у аддзяленні, яны змаглі выйсці на свабоду.

У адрозненне ад Васіля Сіліверста, юнакі нічога не знімалі. Якраз нааадварот — “навязвалі”. Іван Шыла, Уладзімір Лепеш, Крысціна Самойлава і Глеб Сандэрс абвінавачваліся ў “навязванні стужак з джынсавай тканіны”.

Як засведчылі “Радыё Свабода” бацька аднаго з затрыманых Уладзімер Шыла, а таксама пацярпелы Глеб Сандэрс, галоўнай прычынай затрымання міліцыянеры назвалі тое, што маладыя людзі “ішлі па вуліцы падазрона”.

Чым выклікана такое абвастрэнне падазронасці ў шэрагах праваахоўчых органаў, іх супрацоўнікі не тлумачаць. Як і тое, чаму так відавочна пашырыліся каляровыя прыхільнасці міліцынераў — колер джынсавай тканіны выклікае ў іх рэакцыю, раўназначную рэакцыі на бел-чырвона-белыя спалучэнні. Адно суцішае: джынсавае адзенне на вуліцы з цябе пакуль не здымаюць і не вешаюць на яе месца агітацыйныя плакаты. Прынамсi, пакуль.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)