Медыкі расказалі, як вядзецца статыстыка смерцяў ад каранавіруса ў іншых краінах
Беларуская статыстыка па каранавірусе адрозніваецца ад лічбаў іншых краін. Так, пры 30,5 тысячы выпадкаў захворвання ў нас зарэгістравана 171 смерць ад COVID-19. Гэта 0,6%, піша Наша Ніва.
Для параўнання, у Швецыі з яе найвышэйшым узроўнем жыцця і развітай медыцынай, дзе таксама адмовіліся ад каранціну і маюць 30,1 тысячы пацверджаных выпадкаў COVID-19, колькасць смяротных выпадкаў вышэйшая ў разы — 3679 (ці 12%). Агулам па Еўропе працэнт смяротнасці ад каранавіруса вагаецца ад 3,5 да 14.
Як вядзецца статыстыка ў Беларусі, Мінздароўя не тлумачыць. Часам у пасведчаннях аб смерці фігуруе дыягназ «неўдакладненая пнеўманія», а сваякі памерлага не ведаюць вынікаў тэсту.
«Наша Ніва» папрасіла дактароў, якія працуюць за мяжой, патлумачыць, як улічваюць лятальныя выпадкі з COVID-19 у іншых краінах.
Ілюстрацыйны здымак. Фота Надзеі Бужан.
Польшча: важны фактар — запаленчая рэакцыя
У Польшчы пацверджана 18 529 выпадкаў каранавіруса і 925 смерцяў. Працэнт лятальных зыходаў сярод пацверджаных выпадкаў — 5.
Артур Мацуткевіч працуе ва Уроцлаве ў аддзяленні анестэзіялогіі і інтэнсіўнай тэрапіі Універсітэцкай клінічнай бальніцы. Ён тлумачыць методыку Польшчы:
«У статыстыку смяротнасці ўносяцца пацверджаныя выпадкі COVID-19, у каторых галоўным паталагічным механізмам хваробы (тым, што яе выклікала ці адказвала за працяг — НН) была сістэмная запаленчая рэакцыя.
Востры рэспіраторны дыстрэс-сіндром, пнеўманія як адныя з праяў запаленчай рэакцыі. Такія выпадкі ўлічваюцца незалежна ад таго, ці чалавек меў хранічныя хваробы, ці не».
Выключэнняў тут практычна няма. Чалавек з каранавірусам можа не патрапіць у статыстыку, толькі калі хварэў нечым іншым і менавіта гэта хвароба або непасрэдныя яе ўскладненні прывялі да смерці. Напрыклад, пацыент перанёс інсульт, праз гэта быў у цяжкім стане і ў наступстве памёр, але не было ніякіх праяў рэакцыі запалення.
Аўстрыя: ёсць спрэчныя моманты
У Аўстрыі статыстыка смерцяў таксама ўлічвае тых, хто быў пазітыўна тэставаны на каранавірус. На 18 мая там зарэгістравана 16 176 выпадкаў захворвання і 629 смерцяў (гэта 3,9%).
Уладзімір Свіркоў, анестэзіёлаг дзяржаўнай клінікі Клагенфурт, кажа, што ў тамтэйшых пасведчаннях не пішуць, ад чаго памёр пацыент — звычайна проста пералічваюць яго дыягназы.
Але хапае спрэчных момантаў.
«Быў у нас пацыент з COVID-19 і іншымі захворваннямі. Ляжаў у рэанімацыі, потым быў два разы негатыўна тэставаны, пераведзены ў некавідную рэанімацыю і там памёр. Ён у статыстыку не патрапіць. Таму, як яна вядзецца, гэта амаль філасофскае пытанне», — заўважае доктар.
ЗША: больш канкрэтыкі, дыягназ могуць паставіць нават без тэсту
Лічбы па ЗША выглядаюць так: 1,52 млн выпадкаў COVID-19 і 89 932 смерці (5,9%).
Патолагаанатам шпіталя Коні-Айленда (Нью-Ёрк) Настасся Пігаль расказвае пра дапаможнік, якім кіруюцца дактары пры выстаўленні прычыны смерці. Згодна з ім, калі COVID-19 адыграў ролю ў смерці пацыента, гэта абавязкова павінна быць пазначана ў пасведчанні.
Што адметна — дыягназ можна паставіць і без тэсту на вірус (калі абставіны пераканаўчыя). Тады COVID-19 запісваецца як «верагодны» ці «меркаваны».
У некаторых выпадках стан пацыента можа быць абцяжараны хранічнымі захворваннямі, асабліва тымі, якія зніжаюць функцыянальнасць лёгкіх — хранічная абструктыўная хвароба лёгкіх ці астма. Яны могуць павялічыць рызыку заражэння рэспіраторнай інфекцыяй, таму таксама заносяцца ў пасведчанне, але не ў графу асноўных прычын.
Яшчэ адзін важны момант з амерыканскага дапаможніка — асноўную прычыну смерці просяць паведамляць максімальна канкрэтна. Гэта будзе карысна для грамадскай аховы здароўя і навуковых даследавання. Напрыклад, калі вядома, што меў месца COVID-19, лепш пазначыць яго, а не проста «вірусная інфекцыя».
У ЗША статыстыка смяротнасці выкладзена ў агульны доступ. Яна дапаўняецца кожны тыдзень (апошнія два тыдні звычайна змяшчаюць няпоўныя дадзеныя). Там можна пабачыць не толькі выпадкі з каранавірусам, але і з пнеўманіяй.
«Адна з калонак паказвае адносную агульную смяротнасць у параўнаннi з сярэднiм узроўнем 2017—2019 гадоў. Паказчык уключае ўсе выпадкі i гаворыць аб уплыве эпiдэмii на агульную смяротнасць», — заўважае Настасся Пігаль.
Так, у красавіку ўзровень смяротнасці ў асобныя тыдні быў на 12—31% вышэйшы, чым ў папярэднія гады.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное