Скандалы
Алег Груздзіловіч, ”Радыё Свабода”

«Марозаўцаў» прысудзілі да пакараньня сьмерцю

1 сьнежня ў Менскім сьледчым ізалятары агалошаны прысуд 45 бандытам з гэтак званай групоўкі Марозава, якая цягам болей як 10 гадоў дзейнічала на Гомельшчыне. Усе 45 бандытаў прызнаныя вінаватымі. Лідэр групоўкі Сяргей Марозаў, а таксама Валер Гарбаты і Ігар Данчанка асуджаныя да сьмяротнага пакараньня, астатнія атрымалі розныя тэрміны зьняволеньня — ад 2 да 20 гадоў.

Некаторыя з абвінавачаных сваёй віны не прызналі, іншыя прызнавалі віну цалкам альбо часткова, паведамілі адвакаты асуджаных.

Паводле скупых афіцыйных зьвестак, у справе “марозаўскай групоўкі” фігуруюць рабаваньні, захопы закладнікаў, гандаль зброяй і нават некалькі забойстваў. Усяго абвінавачаньні выстаўленыя 46 асобам, у тым ліку некаторым былым міліцыянтам, якія нібыта пакрывалі бандытаў альбо нават наўпрост удзельнічалі ў злачынствах. Але імёнаў ды пасадаў “пярэваратняў у пагонах” дзяржаўныя крыніцы не паведамляюць.

Незвычайным у працэсе над бандай выглядае і месца яго правядзеньня — менскі сьледчы ізалятар, былы Пішчалаўскі замак, вядомы таксама як месца расстрэлу асуджаных да сьмяротнага пакараньня. У пракуратуры краіны прычыну правядзеньня суду ў ізалятары патлумачылі вялікай колькасьцю абвінавачаных, а закрытасьць працэсу — пытаньнямі бясьпекі.

Гомельская журналістка Марыя Шыманоўская лічыць, што такі працэс мусіў адбыцца толькі там, дзе рабіліся злачынствы — у Гомелі:

“Трэба было адкрыта судзіць, каб людзі ведалі, што адбываецца. Тады б яны адчувалі сябе абароненымі. Гэта б азначала: “Ня бойцеся, мы такога больш не дапусьцім”. А калі гэта робяць цішком ды на тым тле, што Гомель выглядаў такім ціхім горадам, начальства адсюль ішло на падвышэньне, а аказалася вось што — выбухнула, як нарыў прарваў”, — кажа журналістка.

Паводле Марыі Шыманоўскай, у горадзе ведаюць прозьвішчы некалькіх былых высокапастаўленых міліцыянтаў, якія пайшлі ў адстаўку нібыта з-за датычнасьці да “марозаўскай групоўкі”. Аднак адсутнасьць пэўных зьвестак пра ўчынкі гэтых людзей спараджае самыя неверагодныя чуткі.

Дадзеныя, якімі валодае генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб, дазваляюць яму казаць пра тое, што без дапамогі міліцыянтаў “марозаўская групоўка” не магла б дзейнічаць ажно 10 гадоў. Спадар Грыб за тое, каб не хаваць праўду пра злачынствы былых прадстаўнікоў улады.

“Кажуць: калі нашкодзіў, то май мужнасьць адказаць за тое, што нарабіў. Але з гэтым ва ўлады праблемы. І такі падыход вельмі шкодзіць яе аўтарытэту”, — кажа Грыб.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)