Общество

Дзяніс Марціновіч, decoder

Лявон Вольскі: «Апошнія гады жыццё ў Беларусі нагадвала эміграцыю»

Знакамітага беларускага музыканта, літаратара, мастака Лявона Вольскага неаднаразова ўключалі ў розныя чорныя спісы творцаў, якім забаронена выступаць на тэлебачанні і радыё, граць канцэрты нават у клубах.

Да падзей 2020 году ён ніколі не выбіраў шлях эміграцыі. Але ў 2021 годзе Вольскі быў вымушаны з'ехаць з Беларусі і ўжо ў Польшчы выдаў свой новы супольны праект пад назвай, якая гаворыць сама за сябе — Emihranty.

Восенню 2023 году Лявон Вольскі выправіўся з ім у вялікі тур па беларускаму замежжу. Аўтар дekoder’а Дзяніс Марціновіч паразмаўляў са спеваком пра яго (не)жаданне эміграваць, жыццё пасля 2020 году, стаўленне да пераезду, уплыў эміграцыі на творцаў, а масавага ад'езду — на культуру краіны, а таксама пра агульныя перспектывы культуры «тут» і «там».

«Не магу сказаць, што жыў паўнавартасным беларускім жыццём»

Вы з’ехалі з Беларусі толькі ў 2021-м, цяжка далося гэтае рашэнне?

— Эміграцыя не далася такой ужо моцнай крывёй. Яшчэ ў пачатку нулявых пачаліся забароны, і з таго часу я не меў на радзіме паўнавартаснага жыцця, умоўна кажучы, рок-зоркі ці нейкага поп-ідала. Існаванне ў Беларусі нагадвала эміграцыю. Прычым нелегальную (смяецца).

Калі набываеш машыну, выбіраеш патрыманую і лічыш на лепшае не запісваць яе на сябе. Гэтак жа з маёмасцю. Бо ты ў групе рызыкі: знаходзішся ў чорным спісе, пра цябе штосьці плявузгаюць па тэлевізіі. Разумееш, што ты пад прыцэлам.

А сапраўднае жыццё — гэта калі выязджаеш у Вільню, Варшаву ці Берлін.

10-15 гадоў я рэдка куды выбіраўся ў Менску. Нават калі з’явілася Кастрычніцкая з ейнымі барамі, я трапіў туды гады праз два. Ды і тое, як турыст. На Зыбіцкай быў два разы: адзін раз выступаў на карпаратыве, другі — схадзіў з сябрам, паглядзець. Здалося, што нібы ў Пецярбургу знаходжуся, настолькі гэта не было ў беларускім кантэксце. Таму не магу казаць, што я жыў паўнавартасным беларускім жыццём як грамадзянін і як творца.

— Не было думкі з’ехаць, калі вы выступалі за мяжой з канцэртамі той жа «Крамбамбулі»?

— Безумоўна, перыядычна думкі ўзнікалі. І нават некаторыя захады рабіліся. Прынамсі, каб атрымаць замежную карту побыту. Тыя захады хутчэй засталіся на ўзроўні кансультацый: «Можна ці нельга?» Але намаганняў не прыкладалася: «Не атрымалася, ну і ладна».

Увесь час нешта перашкаджала. Цяпер разумею, што гэта была лянота і прывязанасць да пэўнай завядзёнкі. Напрыклад, ёсць хата ў вёсцы. Можна туды схавацца, і здаецца, што ўсё добра. Мордар дзесьці далёка, а тут мы ідзем па грыбы ці ягады.

Мінулыя часы: Лявон Вольскі на канцэрце ў Менску. Фота Яна Вольская

«Упэўнены, што дзесяцігоддзяў такой сітуацыі не будзе»

— Вашая аўдыторыя цяпер за мяжой ці ў краіне?

— Большасць усё ж застаецца ў Беларусі. Нягледзячы ні на што. Хоць, зразумела, яны не будуць актыўна каментаваць і лайкаць.

Але, зразумела, цяпер значна прасцей граць туры за мяжою. Раней такой аўдыторыі там не было, беларусы былі не інтэграваныя паміж сабой.  Хтосьці з дыяспары прыбіваўся да ўкраінцаў, хтосьці — да рускіх. Іншыя сядзелі па дамах.

Але пасля 2020 года адбылася інтэграцыя беларускіх замежных супольнасцяў, шмат людзей прыехала з Беларусі. У 2009-м на канцэрт ва ўмоўным Берліне ці Мюнхене прыйшлі б чалавек 50. Цяпер зусім іншыя лічбы. І людзі рэагуюць па-іншаму.

Але былі гады, калі толькі за мяжой і можна было іграць. Тады праходзілі нашыя віленскія канцэрты, на якія трэба было ехаць з Менска: амбасада давала бясплатныя візы ўладальнікам квіткоў.

Па нашых слядах ужо пайшлі іншыя, тыя ж «Ляпісы». Часам нам тэлефанавалі з амбасады: «Тыя і тыя хочуць канцэрт у Вільні рабіць і просяць бясплатныя візы. Яны пераследуюцца ці не?» Часам гэта былі музыканты, якія не былі ні ў якіх чорных спісах. Мы ўхіліста адказвалі, што, можа, не ведаем чагосьці (усміхаецца).

— Возьмем горшы варыянт: цяперашняе сітуацыя зацягваецца на дзесяцігоддзі... Вы гатовыя, што ў нейкі момант сувязь з аўдыторыяй унутры краіны знікне?

— Дзесяцігоддзі — гэта песімістычны прагноз. Тады павінны працягвацца рэпрэсіі, людзей мусяць не проста высочваць за нейкія лайкі, а закрываць межы і аднаўляць мадэль Савецкага Саюза. Узмацняць прапаганду, з інтэрнетам працаваць, каб наогул нічога не трапляла. У такім выпадку ў народзе адбудуцца незваротныя змены, ментальна гэта ўжо будуць іншыя людзі, якія, магчыма, адвыкнуць успрымаць нашу прадукцыю.

Але цалкам перакрыць сувязі немагчыма. Будуць людзі, якія імкнуцца да інфармацыі і свабоднай творчасці.

Тым больш, да гэтага часу ідэалогіі практычна не было. «Прэзідэнт — сонца», — вось і ўсё. Цяпер пачаліся небяспечныя рэчы, спроба навязаць расейскацэнтрычны погляд на гісторыю. Аднак я заўсёды аптымістычна гляджу на гэтыя рэчы. Ужо гадоў 30 (усміхаецца). Мне падаецца, яны не вытрымаюць столькі часу. Упэўнены, што дзесяцігоддзяў не будзе.

Ды і няма такога ідэалагічнага падмурку, як у Савецкага Саюза. Няўжо зараз будзе дастаткова ідэалогіі пра ідэальнага прэзідэнта, і што мы заўжды былі часткай Расеі?

Няўжо ўзрасце нейкае пакаленне, якія будуць у гэта верыць? Не думаю. Не бачу такіх людзей нават з боку так званых моладзевых лідараў, які нешта гаўкаюць з экрана. Проста кепска сыграныя ролі.

«Нечакана высветлілася, што культура добра пачуваецца за мяжою»

— Шмат беларускіх творцаў з’язджаюць у эміграцыю і адрываюцца ад каранёў. Вас эміграцыя змяніла?

— Шчыра кажучы, радыкальных зменаў не заўважаю. Але трэба глядзець збоку. Любы хворы скажа, што ён нармальны (усміхаецца).

Адно магу сказаць: змены адбываюцца, калі застаешся ў Беларусі. Перш за ўсё, пастаянная трывога. Не назаву гэта страхам — ужо нястрашна. Проста трывожна.

Прачынаешся, глядзіш на вуліцу: хто там круціцца вакол тваёй машыны? Пішаш нешта ў фэйсбук. Разумееш, што гэта можа мець наступствы, але не пісаць не можаш. Бо людзі зразумеюць, што ты спалохаўся і баішся. А потым сваякі кажуць: «Ты разумееш, што па лязе бяжыш?»

Агулам (у мяне да гэтага не дайшло) гэта можа прывесці да самацэнзуры. Калі будзеш маўчаць у сацсетках. Пісаць у стол і думаць, што калі-небудзь атрымаецца надрукавацца. Нават калі напісаць некалькі альбомаў, пытанне, дзе іх на радзіме прэзентаваць і іграць. Зараз у Беларусі даступныя адно вельмі глыбока падпольныя выступы.

У 2019 годзе музыкі выйшлі 25 сакавіка паіграць у цэнтры гораду. Нас павезлі ў Цэнтральны РУУС, мы пастаялі гадзіну на холадзе. У выніку склалі нейкія няўцямныя пратаколы і адпусцілі. Цяпер мы б ужо на гады паехалі.

У цяперашняй сітуацыі трэба мець вельмі своеасаблівы склад характару, каб фантанаваць творчасцю і ствараць нешта сур’ёзнае.

Вядомыя іншыя выпадкі. Выканаўцы прыязджаюць у Польшчу, граюць канцэрт і просяць: калі ласка, не посціце адсюль ні відэа, ні фота. І схавайце бел-чырвона-белы сцяг, калі ласка. Мы ж мусім вяртацца на радзіму. Для артыста такія паводзіны — абсурд. Мы, наадварот, мусім ахапіць як мага большыя тэрыторыі сваёй беларускамоўнай творчасцю.

— Ці абавязкова беларуская культура звязана з «беларускай зямлёй», на якую спасылаліся літаратурныя класікі? Ці яна здольная выжыць на эміграцыі?

Сувязь з беларускай зямлёй ёсць заўсёды. Мы ж беларусы. Беларусь у нас у душы, у сэрцы знаходзіцца. Як бы ні было.

Што тычыцца выжывання, дык нечакана высветлілася, што беларуская літаратура вельмі добра пачуваецца за мяжою. Кнігі выдаюцца, новыя творы ўзнікаюць. Усё нядрэнна з беларускай музыкай.

Безумоўна, ёсць праблемы, перш за ўсё фінансавыя, у Менску ці Брэсце ўсё было танней. Але людзі шукаюць варыянты. Хтосьці нават дома пачаў альбомы запісваць. Іншы бярэ сабе дадатковую працу.

Зараз на нашых вачах ствараецца гісторыя новай беларускай культуры, бо такога масавага ад’езда беларускіх творцаў раней не было.

Паглядзім, якой гэта культура будзе і зможам пераканацца, ці здольныя творцы ствараць у адрыве ад зямлі. Мне чамусьці падаецца, што здольныя.

«Казаць пра беларусаў як пра «народ эмігрантаў» можна толькі цяпер»

— Ці змяняецца менталітэт беларусаў, калі яны трапляюць у эміграцыю?

— Беларусы пастаўленыя ва ўмовы, калі яны вымушаныя праяўляць не самыя добрыя рысы. Дзесьці падхлушваць, дзесьці казаць не тое, што адчуваюць. Такія правілы гульні ў Беларусі. Падвоеная гульня, паралельная рэчаіснасць. Бадай, у кожным грамадстве ёсць такія рэчы, але ў нас гэта даведзена да сур’ёзнай ступені.

Калі беларусы трапляюць у іншае грамадства, напрыклад, польскае, то пазбаўляюцца ад такога смецця. Не хачу казаць, што ў Польшчы ўсё супер. Гэта не мая справа, урэшце. Але няма ніякіх дэбільных ідэалагічных установак. Тыя, хто ідуць працаваць на вытворчасць — грунтуюся на тым, што чытаю і чую ад людзей — у большасці выпадкаў сутыкаюцца з больш простым падыходам: працуеш, зарабляеш грошы і ідзеш адпачываць.

А так вялікіх зменаў не бачу. У беларусаў менталітэт досыць просты. Адно, абцяжараны тым, чым даводзіцца займацца.

— Беларусы эмігравалі хвалямі ў XIX і XX стагоддзях. Па эканамічных, палітычных прычынах. Ці беларусы насамрэч былі народам эмігрантаў, як, напрыклад, ірландцы, нават да хвалі эміграцыі з 2020 года, самі сабе ў гэтым не прызнаючыся?

— Большасць людзей, якія выязджалі з Беларусі да 2020 году, наўрад ці насамрэч лічыла сябе беларусамі. Не, яны маглі дэкляраваць: «я — беларус», але быць часткай нацыі — гэта ведаць мову, гісторыю, культуру, традыцыі.

Калі гэтага няма, дык гэтае «я — беларус» — пустыя словы. Таму не было паўнавартасных нацыянальных суполак за мяжою. Тыя беларусы прыбіваліся да расейскіх ці ўкраінскіх зямляцтваў ці «раствараліся» ў замежжы.

Пасля 2020 году і пачатку вайны ва Ўкраіне сітуацыя змянілася. З краіны з’ехала за два гады велізарная колькасць людзей, несувымерная з тым, што было раней. І гэтыя людзі ў большасці ўжо былі нацыянальна арыентаваныя — яны беглі ад пераследу якраз за гэта.

Я думаю, што казаць пра беларусаў, як пра «народ эмігрантаў» можна толькі цяпер. І гэты працэс не скончыўся — людзі працягваюць бегчы, бо вы самі разумееце, як цяпер выглядае жыццё (хутчэй, існаванне) у Беларусі.

Прэзентацыя альбома Emihranty ў Варшаве. Фота Марыя Савіцкая

«Мінск і Менск засталіся ў геаграфічнай прасторы. Менск не забілі»

— Вы казалі, што аптыміст. А таксама, што ў Беларусі цяжка займацца культурай. Якая будучыня ў гэтай сітуацыі?

— Усё залежыць ад таго, наколькі працягнецца гэты перыяд. Калі максімум пяць гадоў, то нічога страшнага. Адбудзецца ўз’ядненне беларускай падпольнай культуры з замежнай. І ўсё будзе нармальна.

Калі дзесяцігоддзі, то ў Беларусі не будзе нармальнай культуры. Сфармуецца яе своеасаблівы варыянт — манстрыяльны, савецкі. Гэта будзе сурагат, які ў прынцыпе не мае да культуры ніякага дачынення.

«Патрыятычныя» песні, якія не адгукаюцца нічым. Партрэты Лукашэнкі, якія не маюць да выяўленчага мастацтва ніякага дачынення. Кнігі, якія ніхто не чытае.

Але час будзе ісці, Акадэмія музыкі і Акадэмія мастацтваў будуць выпускаць новых творцаў. Чалавек у 16 гадоў не хочацца думаць на перспектыву, яму хочацца рэалізоўвацца. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Праўда, побач знаходзіцца монстр, які ў культурніцкім сэнсе паглынае нашу прастору. Людзі жывуць у чужым культурным полі. Чужыя серыялы глядзяць, чужыя сайты чытаюць. Вось гэта небяспечна.

— «Мы жывем адначасова ў двух гарадах…», — спявалі вы пра Мінск і Менск. Менск выціснулі за мяжу, а Мінск застаўся на месцы?

— Не, яны абодва засталіся ў геаграфічнай прасторы. Менск яшчэ да канца не забілі. Ён захаваўся і наўрад ці яго здолеюць цалкам задушыць. Нават калі гэта амаль здарыцца, знойдуцца людзі, якія пачнуць яго ажыўляць і ўдыхнуць у яго новае жыццё.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(16)