«Лукашэнка спадзяецца, што ператасоўкай гэтай калоды ён нечага дасягне»

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі — пра тое, чаму Лукашэнка звольніў кіраўніцтва сваёй адміністрацыі, і хто можа заняць пасаду Косінца.

Палітолаг Аляксандар Класкоўскі мяркуе, што кадравая палітыка Аляксандра Лукашэнкі абсалютна непрадказальная і ў ёй цяжка шукаць нейкай логікі.

«Сёння Лукашэнка вельмі раздражнёны татальнымі няўдачамі па ўсіх азімутах. І з Масквы ён ні з чым вярнуўся, і нафтагазавае пытанне ня вырашана, падае замежны гандаль. Гэтае раздражненне магло проста выліцца на таго чалавека, які, відаць, штодня мазоліў вочы, — распавёў палітолаг ў інтэрв'ю Радыё Свабода. — Некалькі разоў такія сымптомы праяўляліся, калі былі публічныя справаздачы пра сустрэчы Косінца з Лукашэнкам. Лукашэнка прасіў кіраўніка адміністрацыі падаваць свежыя ідэі. Але для мяне паказальнае гэтае слова — „нейкія“ ідэі. То бок Лукашэнка спадзяецца, што ператасоўкай гэтай калоды ён нечага дасягне».

На думку Класкоўскага, ня факт, што цяперашні выканаўца абавязкаў спадар Міцкевіч будзе зацверджаны:

«Гэта зусім не публічная асоба, гэта вузка заточаны адмысловец, юрыст. А тут трэба вырашаць шырокі спэктар праблемаў».

Эксперт лічыць, што сёння найперш неабходныя эканамічныя рэформы.

«Хаця б у рэчышчы МВФ крокі. І тады лягічна б было на пасадзе кіраўніка адміністрацыі ўбачыць асобу кшталту Кірыла Рудага. Але яго адправілі ў ганаровую ссылку ў Кітай. То бок рэфарматары раздражняюць Лукашэнку яшчэ больш, чым выканаўцы, ад якіх сёння мала толку, бо сама сістэма забуксавала, капітальна села на мель. І ад таго, што Лукашэнка цяпер нэрвова будзе мяняць у гэтай сістэме нейкія вінцікі, нічога істотна ня зменіцца», - падсумоўвае Класкоўскі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)