Политика

Кацярына Батлейка

Красулін: «Я б падказаў сілавікам, з чаго пачынаць. Ёсць пэўны збор Уладзіміра Леніна — там экстрэмізму да халеры»

Гісторык — пра тое, навошта ўлады вядуць барацьбу нават з творамі.

Пракуратура Мінска прызнала экстрэмісцкімі вершы, аўтарства якіх прыпісваюць Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, — «Веюць вятры» і «Размова старога дзеда». Акрамя таго, прыкметы «экстрэмізму» знайшлі і ў прадмове да кнігі абраных твораў Дуніна-Марцінкевіча. Абодва творы былі напісаны і выдадзены падчас паўстання Кастуся Каліноўскага і падтрымалі яго барацьбу супраць каланізатараў.

Пракуратура Мінска прызнала экстрэмісцкімі вершы, аўтарства якіх прыпісваюць Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, — «Веюць вятры» і «Размова старога дзеда».

Беларусы, абураныя навіной, пачалі выказваць свае думкі наконт рашэння ўладаў і цытаваць вершы іншых класікаў, якія таксама могуць не падабацца ўладам. Неўзабаве з’явілася навіна, што Мінінфарм унёс у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў кнігі Ларысы Геніюш, Уладзіміра Някляева, Лідзіі Арабей і Наталлі Арсенневай з серыі «Беларускі кнігазбор».

«Салідарнасць» спытала гісторыка Яўгена Красуліна, навошта ўлады вядуць барацьбу нават з тымі творамі, якія былі напісаныя больш за 150 гадоў таму.

— Уласна кажучы, гэта не навіна для беларускага жыцця. Нават ужо цяжка сказаць, якія творы не ўключаны ў «экстрэмісцкія». Перафразуючы фразу сталінскай эпохі ад імя НКВДшніка: тое, што гэты твор яшчэ не экстрэмісцкі — не ваша заслуга, а наша недапрацоўка.

Яўген Красулін

З гэтымі вершамі адзінае, што здзівіла, што аўтар жыў так гадкоў 150 таму. І вось гэты флэшбэк беларускай цяперашняй цэнзуры — гэта ў першую чаргу выклікае шокавую рэакцыю ў грамадства. Але насамрэч тут наўрад ці чаму можна здзіўляцца.

Зноўку, можна здзіўляцца, чаму так доўга пратрымалася гэта ўсё без абвяшчэння экстрэмізму? Бо цяперашняя палітыка беларускага лукашысцкага рэжыму накіравана на тое, каб забараніць усё, што намякае на нейкі супраціў, нейкую нават наяўнасць процілеглага меркавання, іншых поглядаў на наваколле, гісторыю Беларусі і беларускай нацыі, выбар будучыні беларусаў.

Я думаю, яны нас яшчэ будуць здзіўляць, хаця чаму яшчэ здзіўляцца. Тут можна прыгадаць, што прынята норма, па якой можна судзіць памерлых людзей. Ну дык чаму Дуніна-Марцінкевіча не дадаць у гэты спіс, асуджаных за нейкую экстрэмісцкую дзейнасць у далёкім-далёкім мінулым?

Калі разважаць, што магло не спадабацца ўладам у вершах, аўтарства якіх прыпісваюць Дуніну-Марцінкевічу, гісторык адказвае так:

— Калі пачаць з «Гутаркі старога дзеда», дык там ідуць нараканні на тое, як цяжка жыць пад маскоўскай уладай, у тэксце ўжытае слова «маскалі», і наколькі беларусам істотна ўзяцца за розум. Там ідуць думкі, што трэба меней піць гарэлкі, узяць свой лёс у свае рукі і пачаць змагацца за лепшую будучыню, калі над намі, па фразе іншага беларускага дзеяча, не будзе маскаля.

Там, дарэчы, ёсць цікавая страфа, дзе гаворыцца пра баламуцтва простага народу. Быццам бы абяцаюць, што маскаль рана ці позна дасць беларусам волю. Калі я раней чытаў гэты тэкст, у мяне ўсё круцілася ў галаве на гэтай страфе прыгадванне пра мяккую беларусізацыю. Маўляў, трэба толькі трошачкі пачакаць і будзе мяккая беларусізацыя, мяккая дэмакратызацыя — і ўсё будзе такое мяккае і пухнатае, і ўвогуле будзе ўсім шчасце.

Я б, можа, не столькі на маскалёў абурыўся на месцы рэжыму ў гэтым вершы, колькі на нападкі на наратыў мяккай беларусізацыі і ўсяго іншага «мяккага». Але ў рэчаіснасці я, канешне, не думаю, што цэнзары настолькі глыбока пагрузіліся ў гэты верш, што адрэагавалі менавіта на гэта.

Канешне, у першую чаргу яны адрэагавалі на антырасійскія, антымаскоўскія захады, якія прысутнічаюць у гэтым вершы. У другім вершы таксама ідзе гаворка пра барацьбу з маскалямі, там адсылка да мінулага, калі тыя ж маскалі прыходзілі і бралі ў закладнікі хлопцаў і дзяўчат і патрабавалі за іх выкуп.

Дарэчы, тут таксама масток да сучаснасці — тэма з палітзняволенымі і наратыву, які гучыць як «давайце выкупаць іх». Хаця зноў, наўрад яны настолькі глыбока ў гэта ўсё лезуць. Там таксама, хутчэй за ўсё, не спадабалася тэма маскалёў і тых бед, якія яны прынеслі беларусам.

— Зараз многія пачынаюць узгадваць вершы розных класікаў, якія таксама могуць не спадабацца ўладам і быць прызнанымі «экстрэмісцкімі» Ці не будзе гэта падказкай для сілавікоў? Ці ўжо губляць няма чаго?

— Я б падказаў сілавікам, з чаго пачынаць. Ёсць пэўны збор Уладзіміра Ільіча Леніна — там экстрэмізму, заклікаў да тэрарызму, агучвання нянавісці — крыху больш, чым да халеры. І вось чаму б гэта не забараніць?

Тут усе разумеюць, што ў нас, як у оруэлаўскім 1984 годзе, прысутнічае дваядумства: з аднаго боку, мы будзем забараняць вершы і творы нацыянальных беларускіх аўтараў, а тое, што не супярэчыць карціне свету гэтых самых забароншчыкаў і што, скажам, заклікае да барацьбы супраць тых жа беларусаў, гэта цалкам будзе прымацца, якім бы экстрэмісцкім і якім бы рэальна на практыцы тэрарыстычным гэта ні было.

Так што я б тут не баяўся, што будуць нейкія падказкі, што яшчэ забараніць, бо будуць у іх даходзіць рукі — будуць забараняць, не будуць даходзіць — не будуць забараняць. Чым больш такіх тэкстаў накідаць, тым цяжэй ім будзе зарыентавацца ў гэтым усім.

Я не за тое, каб усім маўчаць, бо менавіта гэтага яны і дамагаюцца — каб усе маўчалі і шыкалі адзін на аднога, нават без іхняга ўмяшальніцтва. Карацей, каб мы рабілі за іх іхнюю справу — самі цэнзуравалі ўнутры сябе ўсё. І ўсё, што ім можа не спадабацца, — гэта ад нас не гучала, не з’яўлялася, не праяўлялася і г.д.

Навошта нам рабіць за іх працу — не ведаю. Гэта нам карысці не прынясе. Таму я тут не стаў бы маўчаць і не цытаваць вершы і творы беларускіх аўтараў, якія могуць быць прызнаны тэарэтычна «экстрэмісцкімі» гэтай уладай. Што ім стукне ў галаву, тое яны і зробяць.

Чым больш з іхнага боку такога трэшу і ўгару — тым, хутчэй за ўсё, бліжэй будзе іх канец. Бо такая бязглуздзіца — гэта ўжо сведчыць пра тое, што ў іх не надта вялікі набор інструментаў, якія яны могуць выкарыстоўваць, каб захоўваць сваю ўладу і трымаць беларусаў у падпарадкаванні, і калі яны ўжо кідаюцца да такіх маразматычных рэчаў — значыць, у іх вялікія праблемы і з крэатыўнасцю, з разуменнем рэчаіснасці і з трыманнем пад кантролем беларускага грамадства.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(32)