Общество

Гары Адамчук

Коршунаў: «Расія стала не самым лепшым сябрам. Больш пазітыўнае стаўленне, як гэта не парадаксальна, да Кітая»

Сацыёлаг Генадзь Коршунаў каментуе «Салідарнасці» новае даследаванне Chatam House пра стаўленне жыхароў сінявокай да вайны, бліжэйшых суседзяў і далёкіх партнёраў.

– З большага ніякіх звышнатуральных вынікаў мы не пабачылі. Хаця, напэўна, і можна было б чакаць дынамікі, праз тое, што ўплыў вайны ва Украіне захоўваецца. Але тут трэба разумець, што дадзеныя збіраліся ў жніўні, калі людзі ўжо прызвычаіліся да вайны, – адзначае сацыёлаг Генадзь Коршунаў.

Генадзь Коршунаў

То бок, калі па вясне вайна яшчэ была тым, што ўзрушыла ўсіх і парвала старыя шаблоны мыслення, то праз паўгода людзі прызвычаіліся і гэта стала нібыта нормай. Гэта з аднаго боку.

З іншага боку, трэба разумець, што масавая свядомасць і грамадская думка – гэта феномены, якія вельмі павольныя і вельмі інерцыйныя. Каб штосьці там змянілася, патрэбныя нейкія выбуховыя рэчы.

І, – працягвае эксперт, – менавіта наступная хваля даследавання Chatham House, якая адбудзецца пасля, дай Бог, добрых навін з украінска-расійскага фронту, нам больш яўна пакажа нейкую дынаміку.

Сацыёлаг заўважае, што найбольш вялікія лічбы, якія мы пабачылі ў гэтым даследаванні – гэта паляпшэнне агульнага стаўлення да краін Еўропы.

– Прычым там бачна, што па некаторых краінах зрухі пачаліся яшчэ ў красавіку, а па некаторых летам. І гэта павелічэнне добрага стаўлення ў сярэднім каля 10%.

Да таго ж, я думаю, што гэтыя адсоткі будуць расці, таму што беларусы назіраюць, як паводзіць сябе Еўропа адносна Украіны. Мне ўзгадваюцца 2014-2015 гады пасля таго, як Захад не вельмі падтрымаў Украіну ў пытанні з Крымам. Тады з боку беларусаў быў невялічкі, але ўсплёск еўраскептыцызму.

А зараз я прагназую, што паколькі Захад паказаў, што будзе падтрымліваць Украіну, і ён робіць гэта паслядоўна і мэтанакіравана, то і стаўленне да Еўропы і да пэўных краін будзе паляпшацца. Зразумела, калі беларусы будуць бачыць, што Захад – гэта не бяззубая старая Еўропа, якая нічога не можа супрацьпаставіць Расіі, а гэта моцны саюз, які дае ёй адпор у тым ліку і ў ваенным плане хай нават і пры дапамозе Украіны.

Коршунаў звяртае ўвагу на яшчэ адну цікавостку новага даследавання:

– Даволі цікавы факт, на які чамусьці ніхто не звярнуў увагі – гэта тое, што стаўленне да Расіі не самае лепшае сярод замежных краін. Больш пазітыўнае стаўленне, як гэта не парадаксальна, да Кітая, з якім у шараговага беларуса ніякіх трывалых асацыяцый, хутчэй за ўсё, няма.

Гэта, з аднаго боку, кажа пры ўплыў прапаганды. А, з іншага боку, я магу выказаць гіпотэзу, што і стаўленне да Расіі таксама крыху па-прапагандысцку надзьмутае.

Бо, шчыра кажучы, я не памятаю, ці было такое ў даследаваннях, калі беларусы называлі Расію не самым лепшым сябрам, і яна была на другім месцы. Вось гэта вельмі цікавы феномен.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(12)