Казакевіч: «Нават унутры дзяржаўных органаў стала менш дыскусій, а людзі сталі баяцца выказваць меркаванні»

Палітолаг, дырэктар інстытута «Палітычная сфера» – пра тое, як змянілася беларускае грамадства і як змагацца з яго атамізацыяй.

– Як сказаў хтосьці з беларускай улады, перамены адбыліся, але не такія, на якія ўсе разлічвалі, – па-чорнаму жартуе Андрэй Казакевіч у эфіры Е*рарадыё. – Таму, зразумела, грамадства змяняецца вельмі хутка, – адзначае ён.

За апошнія два-тры гады Беларусь перажыла столькі трансфармацый, колькі не перажывала за папярэднія дваццаць гадоў. Але тут, сапраўды, існуюць вялікія цяжкасці, каб зафіксаваць гэтыя змены.

Па словах палітолага, асноўная праблема зараз палягае ў тым, што сама сістэма стала больш закрытай, а палітыка ўлады наогул накіравана на максімальную закрытасць.

Андрэй Казакевіч

– Адзіная ж інфармацыя пра тое, што адбываецца ў грамадстве, – заўважае Казакевіч, – сыходзіць толькі з дзяржаўных органаў, а гэта фактычна бравурныя заявы пра 85% падтрымкі, пра тое, як яны аптымістычна бачаць будучыню, будуць пераадольваць санкцыі, ваяваць супраць Захаду і г.д. А тое, што адбывацца ўнутры, бачна ўсё менш.

Згодна з інфармацыяй, якой валодае палітолаг, нават унутры дзяржаўных органаў стала менш дыскусій, а людзі сталі баяцца выказваць меркаванні. Шмат каму, па словах Казакевіча, стала нецікава абмяркоўваць палітычныя працэсы.

– І нават тыя, хто сам знаходзіцца ў дзяржаўнай сістэме, усё менш разумеюць, як прымаюцца рашэнні, якія настроі ў людзей і чаго можна чакаць у бліжэйшы час.

Таму мы ўсё больш і больш апускаемся ў сітуацыю нявызначанасці ў тым сэнсе, што мы не ведаем, куды ідзе краіна, ў якім стане яна зараз знаходзіцца, і гэта, у прынцыпе, робіцца наўмысна.

Галоўны спадзеў улады, – працягвае палітолаг, – у тым, што вось гэтыя рызыкі, звязаныя з нявызначанасцю, будуць пераадоленыя за кошт атамізацыі. То бок за кошт жадання і стратэгіі разбіць і раздрабніць беларускае грамадства, а лепш наогул разбіць нейкія формы сумеснай актыўнасці.

То бок зараз мы перажываем перыяд трансфармацыі ад грамадства мабілізаванага да атамізаванага. Але наколькі ўлады здолеюць гэта зрабіць, вось гэта пытанне. Бо дзяржаўныя магчымасці ўсё ж такі абмежаваныя. Я маю на ўвазе таго, што тычыцца зменаў у самім грамадстве і яго настрояў, а не толькі дэманстрацыі станоўчай карцінкі на дзяржаўным тэлебачанні.

Таму, – падсумоўвае Казакевіч, – асноўная тэндэнцыя зараз – гэта атамізацыя беларускага грамадства. Палітыка ўлады, па сутнасці, накіравана на гэта, але якім будзе вынік, паглядзім.

Разважаючы пра гвалтоўную атамізацыю грамадства, эксперт гаворыць пра тое, як ёй могуць супрацьстаяць тыя беларусы, што знаходзяцца ўнутры краіны і маюць абмежаваны доступ да інфармацыі.

Казакевіч тлумачыць:

– Я не веру ў нейкі падрыхтаваны гвалтоўны пратэст. Я веру ў тое, што асноўнай дзейнасцю мусіць быць праца над сабой. Тут не трэба ахвяраваць сваёй кар’ерай і сваімі інтарэсамі толькі дзеля таго, каб займацца грамадскай справай. Усё мусіць быль збалансавана.

А што тычыцца грамадскай справы, трэба развіваць мясцовыя супольнасці, развіваць кантакты паміж людзьмі, то бок супраціўляцца той самай атамізацыі.

Гэта можна рабіць і ў абсалютна апалітычных сферах, галоўнае – мець супольнасць і мець камунікацыю.Трэба развівацца ў галіне культуры, беларускай ідэнтычнасці, нацыянальнай гісторыі, бізнесу – фактычна ў тым, дзе можна штосьці рабіць без сур’ёзнага супраціўлення з боку дзяржавы.

Палітолаг яшчэ раз падкрэслівае:

– Гэты час трэба скарыстаць для таго, каб супраціўляцца атамізацыі, выбудоўваць, што называецца, інстытуты, і працаваць на назапашванне культурнага слою, на развіццё новых фарматаў узаемаадносін паміж рознымі супольнасцямі. І калі казаць пра агульны вектар, ён мусіць быць менавіта такім.

А яшчэ, зразумела, заставацца ў недзяржаўным інфармацыйным полі, шукаць каналы, атрымліваць інфармацыю, аналізаваць яе і абмяркоўваць з тымі людзьмі, якіх вы лічыце надзейнымі.

Усё гэта, на думку эксперта, значна больш важнае, чым нейкія рэзкія крокі, якія проста могуць прывесці да разбурэння супольнасцяў, інстытутаў або рэпрэсій у дачыненні да іх удзельнікаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(11)