Коронавирус

Сямён Печанко

Каранавірус: Страх і насцярожанасць у Заслаўі

Як жа хутка мяняецца настрой у людзей.

Архіўнае фота. У верасні 2019-га ў Заслаўі праходзілі спаборніцтвы брыгадаў медыцынскай дапамогі Мінскай вобласці

Магчыма, камусьці гульня словаў у загалоўку з адсылкай да фільма Тэры Гіліяма падасца празмерна драматычнай. Не буду спрачацца, адно зазначу, што словы «страх» і «насцярожанасць» — гэта тое, з чым я ў апошнія дні сутыкнуўся асабіста.

Першыя панічныя настроі ў Заслаўі з’явіліся ў дзень, калі стала вядома пра нулявога пацыента. Пра студэнта з Ірана гаварылі ў чарзе ў дзіцячай паліклініцы, каля пад’ездаў, у крамах.

У той дзень людзі тэлефанавалі родным, што вярталіся з працы ў Мінску: «Купі пару масак, у нашых аптэках нічога няма». Рабацягі пад пад’ездам весела абмяркоўвалі магчымы гешэфт: «Калян, у нас жа на працы рэспіратаў за столькі год цэлая скрыня назбіралася. Можам азалаціцца!»

Потым быў перыяд адноснага зацішша. Пакуль у школьным вайбер-чаце не з’явілася паведамленне пра магчымаць не вадзіць першакласнікаў у школу да канікулаў. І рэкамендацыя не верыць чуткам, што пайшлі па горадзе. Чуткамі апынуліся размовы пра двух нібыта хворых на каранавірус — вучня і ягонага бацьку.

У мясцовым супермаркеце з’явілася тэматычная палічка з антысептыкамі, размовы пра каранавірус апанавалі гарадскую электрычку. Пры гэтым чалавек у масцы на вуліцы ці ў краме ў людзей выклікаў здзіўленыя ўсмешкі. Маўляў, пэўна ж, з Мінска прыехаў ды забыў па дарозе з электрычкі маску зняць.

Усё змянілася пасля з’яўлення навінаў пра першых памерлых ад віруса. У дзень, калі Лукашэнка абвесціў пра чацвёртую ахвяру, я налічыў каля двух дзясяткаў чалавек у масках за паўгадзіны прагулкі па горадзе.

«Сколько смертей должно случиться, чтобы власти поняли: с нами так нельзя?»

— Людзі напалоханыя, а што ж вы думаеце, — кажа знаёмая прадавачка. Хто ж з нас ведае, каторы хворы, а каторы не?

На днях у мяне пачалася алергія: насмарк, кашаль. Чхнуўшы пасярод рынка, я прыцягнуў да сябе колькі напалоханых позіркаў. І не патлумачыш жа кожнаму, што гэта не тое, чаго яны баяцца.

— Ну што ваша дачушка? — пытае сусед па пад’ездзе на лесвічнай пляцоўцы. Я з дачкой акурат іду на прагулку.

Два тыдні таму мы выклікалі «хуткую». Дачку давялося везці ў Бараўляны — было падазрэнне на апендыцыт. У той самы вечар жонка з дачкой вярнуліся дамоў. Апендыкс не знайшлі, але выявілі ротавірус.

Я не адразу зразумеў сэнс пытання суседа. Ён, пабачыўшы маю разгубленасць, настойліва падказаў:

— Мы бачылі, як вас «хуткая» з малой забірала. Дык усё добра?

Не скажу, што тон суседа мне спадабаўся, бо ў ім менш за ўсё было спачування. Хутчэй насцярожанасць і трывога. Давялося супакоіць.

— Горад маленькі. Тут і ў звычайнай сітуацыі прыезд «хуткай» для суседзяў робіцца нагодай для размоваў. А што казаць цяпер? Людзі напалоханыя, — кажа мне знаёмая.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(42)