Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Карбалевіч: «Новая замануха. Паўтары тысячы рублёў замест нацыянальнай ідэі»

Аляксандар Лукашэнка вырашыў чарговым разам ашчасьлівіць беларусаў. Падчас знаходжаньня ў Берасьці ён даручыў у будучым годзе давесьці сярэдні заробак да 1500 рублёў.

«Прадпрыемствы зь нізкім заробкам неабходна ў 2018 годзе падцягнуць да ўзроўню 1 тысячы рублёў. Калі гэтае даручэньне будзе выканана, сярэдняя зарплата па краіне ў 2018 годзе можа дасягнуць 1,5 тысячы рублёў... За 2018–2019 гады, асабліва за 2018 год, мы бяромся за тыя прадпрыемствы, на якіх мала зарабляюць, каб іх падцягнуць да 1 тысячы рублёў», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«В Декларации о правах человека ничего о лопатах в зубах нет»

Гэтую заяву можна лічыць знакавай. Яна азначае, што Лукашэнка спрабуе аднавіць сацыяльны кантракт з грамадзтвам. Доўгі час, дзесьці да 2014 году, у Беларусі існавала негалосная грамадзянская дамова, своеасаблівы сацыяльны кантракт, які можна зьвесьці да формулы: палітычная ляяльнасьць да ўлады ў абмен на рост даходаў.

З пачаткам эканамічнага крызісу ў Беларусі, калі даходы насельніцтва пайшлі ўніз, гэты кантракт самаліквідаваўся. Але ўлады не разгубіліся і, скарыстаўшыся шокам беларускага грамадзтва ад падзей ва Ўкраіне, прапанавалі новую формулу кантракту: палітычная ляяльнасьць у абмен на мір, парадак, бясьпеку.

То бок дзякуйце ўладзе за тое, што ў нас няма вайны. Як ні дзіўна, але гэты прымітыўны ход спрацаваў у 2014–2016 гадах. Дзякуючы яму рэжым змог пасьпяхова правесьці дзьве выбарчыя кампаніі.

Але падзеі вясны 2017 году паказалі, што і гэты кантракт разбурыўся. Ва Ўкраіне ўсталяваўся адносны мір, крызіс працягваўся, а тут яшчэ ўлады прыдушылі людзей дэкрэтам аб дармаедах. Выбух пратэсту паказаў, што давер грамадзтва да ўлады вельмі моцна ўпаў. Крызіс беларускай сацыяльнай мадэлі спарадзіў ідэалягічны, каштоўнасны і псыхалягічны крызіс. Зьявілася ўсьведамленьне, што Лукашэнка прывёў краіну ў тупік. Народ нават пачаў схіляцца да ідэі рэформаў.

Хоць вулічную актыўнасьць удалося зьбіць, але вось цалкам ляяльны Інстытут сацыялёгіі паведамляе, што да 10% беларусаў шукаюць працу за мяжой. То бок столькі людзей ня проста мараць (такіх у некалькі разоў больш), а робяць практычныя высілкі, каб «зваліць за бугор».

Гэта значыць, што ў гэтым пляне Беларусь набліжаецца да Малдовы ці Заходняй Украіны. І на гэтым тле заклікі прымусіць усіх працаваць гучаць недарэчна.

Лукашэнка разумее, што з гэтым трэба нешта рабіць. Каб вярнуць давер грамадзтва, трэба даць людзям надзею. Той канцэпт, які Менск прапануе Захаду (Беларусь — міратворца, донар бясьпекі, Хэльсынкі-2), беларускага абывацеля хвалюе мала.

Але праблема ў тым, што ў Лукашэнкі няма новых ідэй. Ён зноў і зноў выцягвае з рукава старыя хады і прыёмы, які добра працавалі раней. Гэта ідэя парадку, дысцыпліны, стабільнасьці, сэлектарная нарада. І вось абяцаньне заробку спачатку 500 даляраў, затым — 1000 рублёў, а цяпер — 1,5 тысячы рублёў.

Лукашэнка выкарыстоўвае тое, што беларусы — нацыя спажыўцоў, і высокі заробак замяняе ім нацыянальную ідэю. Зьвярніце ўвагу, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў адзіным канкрэтным пунктам перадвыбарчай праграмы кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі было абяцаньне падвысіць сярэдні заробак. Спачатку да 100 даляраў, потым да 200, затым — да 500 даляраў. І раней гэта нядрэнна працавала.

Але ёсьць вялікае сумненьне, што гэта спрацуе зноў і што з дапамогай гэтай абяцанкі можна аднавіць сацыяльны кантракт з грамадзтвам.

Беларусы ж памятаюць, што абяцанка давесьці заробак да 500 даляраў ужо два разы давалася. І кожны раз сканчалася гэта кепска — вялікай дэвальвацыяй. То бок у масавай сьвядомасьці ўспамін пра гэты піяр-ход зьвязаны з псыхалягічнай траўмай.

Другі момант. 70% беларусаў атрымліваюць менш за афіцыйны сярэдні заробак. То бок ён выцягваецца за кошт росту заробкаў у высокааплатных работнікаў. У рэгіёнах ня тое што 1 тысяча рублёў, а нават 500 рублёў лічацца добрым заробкам. Таму ўсе развагі Лукашэнкі пра тысячу ці паўтары тысячы рублёў выклікаюць у ягонага электарату толькі раздражненьне, даюць адваротны эфэкт.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)