Карбалевіч: «Лукашэнка ідзе супраць дамінуючых грамадзкіх настрояў. Рана ці позна гэта можа стрэліць супраць яго»

Якія будуць наступствы, калі ПВК «Вагнэр» зьявіцца ў Беларусі — піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Валер Карбалевіч

— На сёньняшні дзень мы маем дзіўны парадокс. ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі Беларусі пакуль няма. Да канца невядома, ці зьявяцца вагнэраўцы ў Беларусі. Аднак тэма перадысьлякацыі сюды гэтай прыватнай вайсковай кампаніі стала важным палітычным чыньнікам, зажыла самастойным жыцьцём, абрасла інфармацыйнымі мітамі.

Менавіта згаданая праблема найбольш хвалявала замежных журналістаў падчас прэсавай канфэрэнцыі Аляксандра Лукашэнкі 6 ліпеня.

Гледзячы па ўсім, Лукашэнка даволі пазытыўна ўспрымае зьяўленьне тут ПВК «Вагнэр» у тым ці іншым фармаце. Узьнікае натуральнае пытаньне: навошта яму гэта патрэбна?

Справа ў тым, што пэрспэктыва перамяшчэньня ПВК «Вагнэр» у Беларусь была пабочным наступствам вырашэньня палітычнага крызісу ў Расеі, пераадоленьня канфлікту паміж Уладзімірам Пуціным і Яўгеніем Прыгожыным. А ўдзел Лукашэнкі ў гэтым працэсе даў яму нямала палітычных дывідэндаў, ён змог выступіць у вобразе выратавальніка Расеі ад смуты і грамадзянскай вайны, і нават паспрабаваў пачаць гульню на расейскім полі.

То бок перадысьлякацыя ў Беларусь згаданай кампаніі была складнікам гэтай угоды. Лукашэнка атрымаў гэтую структуру ў адным пакеце з вырашэньнем іншых праблем. У той момант, калі бакі прыйшлі да кампрамісу, яны пагадзіліся, што ў ранейшым выглядзе ПВК «Вагнэр» на тэрыторыі РФ існаваць ня можа. А вось што зь ёй рабіць далей, да канца не дамовіліся. У той момант гэта не выглядала галоўным пытаньнем, было не да таго.

І толькі цяпер прыйшла чарга яго вырашаць. Лукашэнка паведаміў, што ён неўзабаве зноў зьбіраецца ехаць да Пуціна, дзе і будзе канчаткова прынятае рашэньне, ці паедзе ПВК «Вагнэр» у Беларусь.

Магчыма, яму спадабалася, як прарэагавалі на гэтую інфармацыю заходнія суседзі. Маўляў, яны спужаліся. Польшча, Літва, Латвія заяўляюць, што пагроза ад Беларусі расьце, і апэлююць да партнэраў па NATO.

Цяпер таргавацца з заходнімі суседзямі можна з зусім іншымі картамі на руках. Раней працаваў фактар палітвязьняў. Але цяпер ён аказаўся ня вельмі пераканаўчым аргумэнтам для Захаду. Пасьля зьявілася карта мігрантаў. А цяпер у ход пайшла цяжкая артылерыя: ядзерная зброя і вось ПВК «Вагнэр». Іншымі словамі, у Лукашэнкі зьявіўся новы інструмэнт, з дапамогай якога можна шантажаваць, палохаць Захад. Як ён лічыць, гэта падвышае ягоную палітычную вагу, нэўтралізуе розныя вонкавыя пагрозы.

Тут актыўна выкарыстоўваецца элемэнт блефу. Гэта яскрава бачна на тэме тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ). Пуцін і Лукашэнка даводзяць, што частку боезарадаў ужо завезьлі ў Беларусь. А заходняя і ўкраінская выведка гэта абвяргае.

16 чэрвеня Ўладзімір Пуцін падчас Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму заявіў: «Мы частку гэтай тактычнай ядзернай зброі перамесьцім на беларускую тэрыторыю. Гэта адбылося. Але толькі першыя. Гэта першая частка. Да канца лета мы гэтую працу выканаем цалкам».

А Лукашэнка 6 ліпеня сказаў, што цалкам ТЯЗ перамесьціцца ў Беларусь да канца году.

Называючы розныя тэрміны стварэньня сховішча, розныя даты разьмяшчэньня гэтай зброі, выдаючы супярэчлівую інфармацыю пра тое, хто будзе прымаць рашэньне аб яе выкарыстаньні, Менск і Масква блефуюць, ствараючы сытуацыю нявызначанасьці, каб праціўнік нэрваваўся.

Тое самае адбываецца і з пытаньнем ПВК. Так і не зразумела, ці то «Вагнэр» цалкам перамесьціцца ў Беларусь, ці асобныя падразьдзяленьні, ці толькі камандзіры ў якасьці інструктараў у беларускім войску.

Ці адбудзецца перадысьлякацыя на сталай аснове, ці толькі, як кажа Лукашэнка, каб «перакантавацца» нейкі час? У рэальнасьці пакуль ніякай ПВК тут няма, але ўсе хвалююцца.

Насамрэч зьяўленьне ў Беларусі ПВК «Вагнэр» можа мець для кіроўнага рэжыму і відавочныя мінусы.

Найперш, гэта рост залежнасьці ад Расеі. Лукашэнка не хавае, што лёс ПВК вырашаецца ў Маскве. Маўляў, як там дамовяцца, так і будзе.

Па сутнасьці, Крэмль датычна Беларусі дзейнічае паводле прынцыпу: «на табе, нябожа, што нам нягожа». То бок «Вагнэр» — гэта яшчэ адна вяроўка, каб прывязаць малодшага саюзьніка.

Па-другое, існаваньне на тэрыторыі краіны непадкантрольнай уладам вайсковай кампаніі, якая валодае вялікім ваенным досьведам, — гэта пагроза любому рэжыму. Што яскрава прадэманстраваў мяцеж Прыгожына ў Расеі.

Людзі, якія аднойчы здрадзілі свайму гаспадару, лёгка гэта зробяць і другі, і трэці раз. Думаю, асьцярожны і падазроны Лукашэнка гэта разумее. Ён сам расказаў, што прапанаваў ПВК некалькі пляцовак для разьмяшчэньня, але вагнэраўцы адмовіліся. То бок яны ўжо пачалі дыктаваць умовы.

Калі Лукашэнку задалі пытаньне, ці можа ў Беларусі паўтарыцца сытуацыя, якая адбылася з «Вагнэрам» у Расеі, ягоны адказ быў ня вельмі ўпэўнены: «Варажыць на гушчы ад кавы сэнсу няма. Але я ня думаю, што «Вагнэр» дзесьці паўстане і паверне сваю стрэльбу супраць беларускай улады і беларускай дзяржавы. У жыцьці ўсялякае бывае».

Але Лукашэнка ўжо ўпісаўся ў гэтую гісторыю і павярнуць назад ня можа.

Па-трэцяе, зьяўленьне ў Беларусі арганізацыі, якая ў замежжы лічыцца тэрарыстычнай і злачыннай, азначае новы крок да ператварэньня краіны ў нейкі пірацкі востраў, ачаг канфліктагеннасьці, нестабільнасьці. Лукашэнку прыемна, што гэта пужае Захад. Аднак такая рэпутацыя краіны дрэнная і для партнэраў у Азіі і на Блізкім Усходзе.

Нарэшце, па-чацьвёртае, ёсьць адчуваньне, што зьяўленьне тут ПВК «Вагнэр» непапулярнае ў беларускім грамадзтве.

Беларусы, асабліва прыхільнікі Лукашэнкі, нэгатыўна ўспрымаюць вайсковы мяцеж супраць законнай улады. І вось цяпер гэтых мяцежнікаў, бузацёраў, злачынцаў запускаюць у Беларусь. Нібы краіна стала нейкім крымінальным адстойнікам.

Як да гэтага можна ставіцца? Відавочна, нэгатыўна. Не выпадкова ўсе развагі Лукашэнкі пра перадысьлякацыю ПВК «Вагнэр» у Беларусь выглядаюць як апраўданьне. Маўляў, што дрэннага, калі камандзіры зь вялікім досьведам вайны будуць вучыць беларускіх вайскоўцаў? З кім спрачаецца Лукашэнка, хто лічыць, што гэта дрэнна?

Такім чынам, як у пытаньні разьмяшчэньня ў Беларусі ядзернай зброі, гэтак і ў пытаньні перадысьлякацыі ПВК «Вагнэр» у Беларусь Лукашэнка ідзе супраць дамінуючых грамадзкіх настрояў. Рана ці позна гэта можа стрэліць супраць яго. Як тое здарылася ў 2020 годзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(29)