Скандалы
Аляксей Мінчонак, «Тузін Гітоў»

Канцэрт N.R.M. у «Графіці» адменены

Адміністрацыя будынка, у якім месьціцца «Графіці» паведаміла кіраўніцтву клюбу аб тым, што 26 жніўня там будуць праходзіць прафіляктычныя працы па пошуку няспраўнасьці электрычнай сеткі.

«Праблемы ўзьніклі яшчэ пад час канцэрту „Троіцы“ 15 жніўня, тады праз праблемы з электрычнасьцю гурт пачаў граць толькі а 22-й гадзіне», — кажуць у клюбе. Піт Паўлаў называе сытуацыю незразумелай і спадзяецца на перанос канцэрту.

Разам з тым у «Графіці» называюць дзіўным такое супадзеньне — ад аварыі ў электрычнай сетцы да пачатку рамонтных працаў пройдзе паўтара тыдні, дый рамантаваць вырашылі менавіта ў дзень выступу N.R.M. Аднак у адміністрацыі ўстановы паведамілі, што без электрычнасьці напрацягу цэлага дня будзе ўвесь будынак, а ня толькі памяшканьне клюбу. Лідэр N.R.M. Піт Паўлаў у такое супадзеньне ня верыць: «Сытуацыя цалкам незразумелая. Мне ў такім стане цяжка гэта камэнтаваць, бо мы рыхтаваліся да канцэрту. Спадзяюся, што мы здолеем дамовіцца з кіраўніцтвам “Графіці” аб пераносе нашага выступу на іншы дзень».

Гэта ня першы зрыў канцэрту музыкаў з «чорнага спісу» ў «Графіці». 21 жніўня там не адбыўся заплянаваны выступ Зьмітра Вайцюшкевіча. Тады адмену патлумачылі рамонтнымі працамі.

У панядзелак 29 жніўня ў тым жа «Графіці» мусіць адбыцца выступ яшчэ аднаго «чорнасьпісачнага» гурта — Neuro Dubel (нядаўна быў адменены іх канцэрт у мінскім The Loft Cafe — nn.by). Калі й ён не адбудзецца празь нейкія тэхнічныя прычыны, то можна будзе канстатаваць, што ў Менску зьнікла апошняе месца, дзе забароненыя музыкі маглі прэзэнтаваць сваю творчасьць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)