Скандалы
Юлія Аляксандрава, фота poczobut.livejournal.com

«Калі ўзнікне такая патрэба, то Дом польскі ў Івянцы будуць бараніць»

У праверках івянецкага Дома польскага, які належыць непрызнанаму беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі (СПБ), удзельнічалі супрацоўнікі фінансавага аддзела мясцовага райвыканкама, старшыня пасялковага савета, следчыя Дэпартамента фінансавых даследаванняў Камітэта дзяржкантроля, супрацоўнікі міліцыі. Ва ўсім гэтым сябры СПБ бачаць жаданне беларускіх уладаў забраць сабе будынак Дома польскага.

– 12 кастрычніка ў Доме польскім у Івянцы праводзілася інвентарызацыя, – распавёў «Салідарнасці» сябра СПБ, журналіст Анджэй Пачобут (на фота). – Хаця фактычна гэта быў ператрус: разам з прадстаўніцай фінансавага аддзела Валожынскага райвыканкама, якая праводзіла інвентарызацыю, быў таксама супрацоўнік Валожынскага РАУС. У журнале, у якім павінны запісвацца правяраючыя, ён не адзначыўся. Як высветлілася, гэта быў следчы з аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. Хаця яго знаходжанне там было нелегальным, ён вельмі цікавіўся тым, што і дзе знаходзіцца. Уся маёмасць Дома польскага была перапісаная.

Анджэй Пачобут

На гэтым праверкі ў Доме польскім не скончыліся. Наступным «госцем» стаў следчы Дэпартамента фінансавых даследаванняў КДК, пасля – старшыня пасялковага савета Івянца ў кампаніі міліцыі. Паводле словаў Пачобута, старшыня пасялковага савета спрабаваў аказаць ціск на журналістаў. Пасля з’явіліся супрацоўнікі Валожынскага РАУС, якія перапісалі ўсіх, хто знаходзіўся ў Доме польскім.

– Фактычна цэлы дзень у гэтым будынку знаходзіліся прадстаўнікі беларускай улады, якія рознымі спосабамі аказвалі ціск на кіраўніцтва Саюза палякаў, – падводзіць вынікі «інвентарызацыя» Анджэй Пачобут.

Дом польскі ў Івянцы – адзін з трох падобных Дамоў на тэрыторыі Беларусі, якія падпарадкоўваюцца непрызнанаму ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі.

– Гэта вельмі прыгожы вялікі дом, – кажа Пачобут. – І беларускім уладам вельмі хочацца палажыць на яго лапу. Яны хочуць забраць яго і перадаць афіцыйнай структуры. Тым больш, што нейкія зачэпкі тут ёсць: на падставе ананімнай скаргі (ананімны ліст, у якім апрача іншага сцвярджалася пра парушэнні ў фінансава-гаспадарчай дзейнасці, быў скіраваны супраць старшыні Івянецкага аддзелу СПБ і дырэктара Дому польскага Тэрэсы Собаль) дапытана ўжо больш за 100 людзей. Магчыма, зараз улады тэстуюць рэакцыю і з нашага, і з польскага боку на падзеі ў Івянцы. Калі зараз ім удасца падпарадкаваць яго сабе, то і астатнія Дамы польскія ў Беларусі яны прыбяруць да сваіх рук. Таксама гэта спроба запалохаць людзей і прымусціь іх перайсці ў афіцыйны Саюз палякаў. Але людзі трымаюцца і дэкларуюць, што не збіраюцца падпарадкоўвацца гэтаму ціску і пераходзіць у афіцыйны Саюз палякаў. Калі ўзнікне такая патрэба, то Дом польскі будуць бараніць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)