“Газету Слонімскую” высяляюць на вуліцу

ГА «БАЖ» заклікае журналістаў і ўсіх, хто неабыякавы да сітуацыі вакол «Газеты Слонімскай», падтрымаць калег, што апынуліся сёння ў крытычнай сітуацыі.

31 траўня газету высяляюць з памяшкання, якое яна займала напрацягу 7 гадоў. Спадзевы журналістаў на тое, што праблему ўдасца вырашыць, не апраўдваюцца — кіраўнік слонімскага камбіната бытавога абслугоўвання Станіслаў Іванашка ў тэлефоннай размове з галоўным рэдактарам выдання Віктарам Валадашчуком сказаў забраць акт аб перадачы памяшкання. І калі яшчэ 28 траўня спадар Іванашка даваў згоду працягнуць арэнду на адзін месяц, то сёння, 29 траўня, ён скасаваў усе дамоўленасці.

25 чэрвеня ў газеты сканчаецца ліцэнзія на раздробны гандаль, і ў рэдакцыі ёсць усе падставы апасацца, што яе не працягнуць. Супрацоўнікі газеты жывуць пад пастаянным прэсінгам з боку разнастайных «органаў» — ад ваенкамату да КДБ.

Толькі шырокі розгалас можа даць надзею на ўратаванне газеты, якую, упэўненыя ў рэдакцыі, «вырашылі забіць». Таму надышоў час заявіць пра нашу салідарнасць з калегамі. Адзін з магчымых спосабаў гэта зрабіць — накіраваць лісты адказным асобам Слонімскага рэгіёну, рашэнні якіх могуць паўплываць на лёс выдання.

Нашы калегі ў Слоніме перажываюць вельмі няпросты перыяд, і для іх як ніколі важная сёння маральная падтрымка. Таму, акрамя лістоў на адрас чыноўнікаў, мы можам накіроўваць словы салідарнасці самім журналістам «Газеты Слонімскай». Паштовы адрас рэдакцыі (пакуль яшчэ): 231800, Слонім, Гродзенская вобласць, вул. Камсамольская, д. 8. “Газета Слонімская” апынецца на вуліцы. Рэдактару Віктару Валадашчуку прапанавалі забраць акт аб перадачы памяшканьня. Кіраўнік слонімскага камбінату бытавога абслугоўваньня падпісаў заяву Віктара Валадашчука, каб працягнуць арэнду на месяц.

Месяц таму кіраўніцтва камбіната папярэдзіла, што з 1 чэрвеня скасоўвае арэнду памяшканьня для рэдакцыі газэты. Знайсьці новае памяшканьне, паводле слоў Віктара Валадашчука, цяжка, нават у прыватных уласьнікаў. І дагэтуль рэдакцыя ня мае куды перасяліцца. Віктар Валадашчук, камэнтуючы рашэньне арэндадаўцаў, зьвяртае ўвагу на тое, што загад спыніць арэнду прыйшоў са Слонімскага райвыканкаму. Так яму патлумачыла сакратарка з прыёмнай быткамбінату.

“Яны кажуць — вырашайце свае праблемы на гаспадарчым узроўні, а самі ўціхую аддаюць іншыя загады”, — кажа Віктар Валадашчук.

Таму галоўны рэдактар перакананы, што рашэньне, хутчэй за ўсё, ня зьменіцца. Што тычыцца выпуску наступнага нумара газэты, то, як мяркуе спадар Валадашчук, яго падрыхтаваць удасца. Далей, кажа, нічога невядома, бо нават няма куды перавезьці аргтэхніку і ўсе астатнія рэчы рэдакцыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)