Фрыдман: «Траекторыя руху, якую абралі Лукашэнка і Пуцін, — гэта траекторыя ў сталінскім накірунку»

Палітычны аглядальнік — пра магчымасць апынуцца ў сталінскія часы, становішча Малдовы і расійскі газ.

Аляксандр Фрыдман

— Адчуванне, што мы перажываем вельмі цяжкія часы, безумоўна, ёсць, — кажа Аляксандр Фрыдман у інтэрв’ю «Еўр*радыё». — Я вельмі часта кажу, што вось той час, які мы перажываем у глабальным межнародным сэнсе, ён надзвычайны.

Гэта той час, калі пішацца гісторыя, калі вырашаецца, у якім свеце мы будзем жыць і ці ўвогуле будзем існаваць, паколькі ідуць размовы пра ўжыванне ядзернай зброі. З гістарычнага пункту гледжання гэта надзвычайны час.

З чалавечага — уся гэтая турбулентнасць, я ўже не кажу пра ўзмацненне рэпрессій, дыктатуру ў Беларусі, гэты час асабліва жахлівы. І тое, што горшае можа быць наперадзе, нават з досыць высокай верагоднасцю, — гэтае адчуванне прысутнічае.

Палітычны аглядальнік лічыць, што, на жаль, сёння ёсць верагоднасць зваліцца ў такі ж бязлітасны тэрор, як у сталінскія часы.

— Гэта не значыць, што траекторыя будзе абавязкова такой, але тую траекторыю руху, якую абралі і Лукашэнка ў Беларусі пасля 2020 года, і Пуцін у РФ з гэтай вайной, — гэта траекторыя менавіта ў сталінскім накірунку.

І тыя рэпресіі, якія зараз адбываюцца ў Беларусі, таксама маюць гэты адпаведны сталінскі подых. Справа яшчэ не дайшла да жорсткіх карных акцыяў, як было на пачатку 1930-х ці ў 1937-м. Але рух ідзе, на жаль, у гэтым напрамку.

Выказаў свае думкі Аляксандр Фрыдман і наконт становішча ў Малдове, а таксама адказаў на пытанне, колькі яшчэ расійскі газ будзе залежным фактарам у Еўропе.

— Сапраўды, становішча прэзідэнта Малдовы Санду не лепшае, бо апазіцыйны ціск і ціск вуліцы досыць моцны, і гэта, відавочна, будзе працягвацца, бо эканамічная сітуацыя ў Малдове паляпшацца не будзе. Так што яе чакаюць цяжкія часы, тым больш, што Расія вельмі зацікаўленая, каб улада ў Малдове змянілася.

І вось гэты расійскі след і сувязі галоўнага палітыка, які стаіць за гэтымі пратэстамі, Ілана Шора з расійскім кіраўніцтвам — гэта не выключана і, хутчэй за ўсе, так і ёсць, бо Расія ў гэтым зацікаўлена. Ці атрымаецца ў Санду захаваць уладу, у значнай ступені залежыць і ад вонкавых фактараў: ці будзе дапамога з боку Еўразвязу?

Бо для Румыніі, напрыклад, усталяванне ў Малдове прарасійскага рэжыму — вельмі непрыемная справа, як і для Украіны. Таму я думаю, што украінскі і еўрапейскі бакі нешта зробяць, каб стабілізаваць сітуацыю для Санду.

Што тычыцца Еўропы, то тут справа выглядае трошкі інакш, бо шантаж з расійскага боку сапраўды існуе і зімой гэта будзе больш непрыемна, чым сёння, бо залежнасць ад расійскіх энергарэсурсаў існуе на самой справе. Але ж мне падаецца, ў Расіі ступень гэтай залежнасці перабольшваюць.

Так, нават калі не будзе гэтых паставак, у выніку еўрапейцам будзе вельмі непрыемна, але эканоміка, хай з цяжкасцямі, вытрымае гэты выклік. І для Еўразвязу ўжо відавочна: Расія — не той партнёр, з якім можна мець доўгатэрміновае супрацоўніцтва і што расійскія энерганосьбіты ў сённяшняй палітычнай сітуацыі раней ці пазней знікнуць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.2(27)