Фэльчарка хуткай дапамогі: «У нас захварэла ўся адміністрацыя — нікога няма»

Чым жывуць мэдыкі, якія ратуюць беларусаў ад каранавірусу. Гутарыць Радыё Свабода.

Настасься (пасьля інтэрвію ў яе пацьвердзіўся тэст на каранавірус):

— Я з блізкімі не кантактую. Нядаўна піла каву з найлепшай сяброўкай — яна сядзела на адным канцы лавачкі, а я на другім. Вядома, на вуліцы, бо ў памяшканьнях я ні з кім не сустракаюся. Мы вельмі даўно ня бачыліся, а тут яна выпадкова мне напісала. Высьветлілася, што мы знаходзімся на адной вуліцы. Таму прапанавала выпіць кавы, так мы хвілін 30 пагутарылі і разышліся.

Часьцей за ўсё бачу свайго сабаку, гуляю зь ім адна, бо не люблю ў кампаніі. Таму вялікай бяды не было, але ўжо і мне дах зрывае ад таго, што не магу бачыць тых, каго хачу.

У нас захварэла ўся адміністрацыя — нікога няма. Дыспэтчары 103 таксама не працуюць, таму выклікі прымаюць нашы дыспэтчары з усіх падстанцый. У іх ёсьць свая праца, але цяпер яны вымушаныя яшчэ прымаць выклікі, таму не заўсёды могуць карэктна апытаць чалавека.

Неяк быў выклік для рэанімацыі, брыгада прыехала і выявілася, што там былі родныя пацыента, хворага на каранавірус. Мэдыкі стаялі ў звычайным адзеньні, ужо аказвалі дапамогу. Ужо было позна апранаць касьцюмы, хаця яны ў іх былі.

На працы пераапранаюся і адпачываю ў адным пакоі з калегай. А яна жыве з братам-доктарам, хворым на каранавірус. Яна ходзіць на працу, а ён заражаны сядзіць дома. Калега ўзяла дадатковыя зьмены, каб дадому не вяртацца. Цяпер літаральна жыве на працы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(46)