Дзяўчына ў шпіталi стала кантактам першага ўзроўню: «Ні масак, ні антысэптыкаў, ні пітной вады»
«Я хвалявалася, бо ў мяне слабы імунітэт, я нават ня вельмі пераймалася, што ў мяне можа быць каранавірус», — так кажа Дар’я Рублеўская карэспандэнту Радыё Свабода.
Цяпер яна ў менскім скурна-вэнэралягічным дыспансэры, перапрафіляваным пад пацыентаў з каранавірусам і кантакты розных узроўняў.
«У прыёмным пакоі сказалі, што за ноч паступілі 300 чалавек»
— Я прытрымлівалася сацыяльнай ізаляцыі, для мяне гэта было важна, бо я сацыяльна адказная, — пачынае расказваць Дар’я. — На дзень, калі я выклікала хуткую, я знаходзілася ў самаізаляцыі 16 дзён і выходзіла з дому толькі па прадукты, і аднойчы езьдзіла ва ўнівэрсытэт на кантроль сваёй дыплёмнай працы.
Але ў пэўны момант Дар’я пачала адчуваць боль у грудзях, у яе зьявіўся сухі кашаль і паднялася тэмпэратура:
— Я не магла глыбока ўздыхнуць. Я патэлефанавала 103, пачала расказваць, спытала, што мне рабіць. У мяне таксама быў кантакт з бацькам-дальнабойнікам, ён быў ва Ўкраіне. Хоць бацька мой і пачуваўся добра і цяпер пачуваецца добра. На хуткай мне сказалі, што мы па вас ужо выслалі брыгаду, чакайце. Я пачала зьбіраць рэчы.
Дар’ю адвезьлі ў скурна-вэнэралягічны дыспансэр. Расказвае, што ў прыёмны пакой можна трапіць толькі па адным чалавеку, а ўсе дактары там ходзяць у спэцадзеньні.
Від з вакна на вуліцу
— Але дзяжурным доктарам быў такі мужчына ў прыспушчанай масцы, у звычайным халаце, ён пачаў гаварыць, што «каранавірус — гэта расьпіяраная рэч і што ўсё гэта мы ўжо перажывалі», — згадвае Дар’я. — А за хвіліну да гэтага ў прыёмным пакоі сказалі, што за ноч паступілі 300 чалавек.
Дар’ю разьмеркавалі ў шасьцімесцавы бокс на дзьве палаты. Яна была ў палаце на чатырох чалавек. Кажа, што першы тэст узялі адразу, але вынікаў яна так і не даведалася. Супакойвалі іх у шпіталі тым, што калі б вынік быў станоўчы, ёй бы абавязкова сказалі.
«Яна так кашляла, што здавалася, зараз пераломіцца»
Дар’я кажа, што пэрсанал у гэтым аддзяленьні іх «моцна цураўся».
— Гэта, з аднаго боку, зразумела, але даходзіла да такога, што ты ўжо сумняваесься, ці чалавек ты, — расказвае дзяўчына.
Але найбольш яна незадаволеная тым, як засяляюць пацыентаў у палаты ва ўмовах эпідэміі:
— З намі ляжала старэйшая жанчына, і яна моцна кашляла на ўсіх, хоць мы яе прасілі прыкрывацца і надзяваць маску, але яна гэтага не рабіла, — кажа Дар’я. — У яе заўжды была сухасьць у горле і высокая тэмпэратура. Кашляла яна так, што здавалася, што яна зараз пераломіцца.
Праз двое сутак высьветлілася, што ў гэтай жанчыны каранавірус. Пра гэта стала вядома ўначы, і жанчыну з палаты забралі.
Адлегласьць паміж ложкамі ў палаце, дзе Дар'я апынулася з хворай
— Але мэдсёстры і пэрсанал нічога не казалі: «Дзяўчаты, чакайце». Ложак гэтай жанчыны зь яе пасьцельнай бялізнай, усё гэта заставалася з намі некалькі гадзін, — турбуецца Дар’я. — І мы прабылі з інфікаваным чалавекам двое сутак побач, нам не давалі антысэптыкаў, вільготная прыборка рабілася адзін раз. Верагоднасьць таго, што мы ад яе заразіліся, даволі вялікая. Я ляжала ад яе праз ложак, але жанчына, якая ляжала побач зь ёй, вельмі хвалюецца.
У тую ж ноч палату Дар’і, апроч інфікаванай жанчыны, перавялі на іншы паверх:
— Цяпер мы ўсе чакаем паўторнага тэста, які маюць зрабіць на 7 дзень пасьля кантакту з гэтай жанчынай, то бок у чацьвер (9 красавіка — РС). Калі вынікі адмоўныя, то нас пасылаюць дамоў пад назіраньне паліклінікі пад расьпіску аб самаізаляцыі.
«А масак нам увогуле не выдаюць»
Сухі паёк, які выдалі пра прыезьдзе ў лякарню
Практыка, калі пацыентаў з яркімі сымптомамі кладуць разам з тымі, у каго сымптомы слабыя, як у Дар’і, ці ўвогуле з «кантактамі», Дар’і здаецца ня самай прымальнай.
— Мне таксама ня вельмі зразумела, калі селяць маладых людзей і людзей з зоны рызыкі разам і з рознымі сымптомамі, — тлумачыць яна. — Усё ж наша 64-гадовая суседка мела нашмат больш выразныя сымптомы.
Так пацыенты могуць трапіць у карантын ці, яшчэ горш, падхапіць каранавірус, ужо знаходзячыся ў шпіталі, мяркуе Дар’я.
— Калі нас перасялялі на іншы паверх, з намі разам пераходзіла палата хлопцаў, — расказвае яна. — І зь імі разам жыў дзядуля, у якога знайшлі каранавірус. Такім чынам, гэтыя хлопцы сталі кантактамі першага ўзроўню. Але на гэтым іх гісторыя ня скончылася, бо ўжо на іншым паверсе да іх пасялілі яшчэ аднаго дзядулю. І ў таго зноў знайшлі вірус, і для іх пачаўся новы адлік гэтых 7 дзён.
Гэта ня першая вядомая Радыё Свабода гісторыя, калі пацыенты шпіталяў траплялі «на карантын». Так здарылася, напрыклад, з жыхаром Віцебску Аляксеем Мядзельцам, пра якога мы пісалі 30 сакавіка.
На іншым паверсе стаўленьне пэрсаналу Дар’ю задавальняе. Але ёй па-ранейшаму не падабаецца стан невядомасьці. І тое, што ў самой палаце няма масак, антысэптыкаў і нават пітной вады.
— Мінус сытуацыі ў тым, што з намі не хацелі размаўляць. Трое сутак мы не разумелі, што з намі адбываецца, — кажа Дар’я Рублеўская. — Нам не давалі пітной вады, казалі, каб перадавалі ў перадачках. А масак нам увогуле не выдаюць. Калі мы папрасілі, сказалі, што ў нас для вас нічога няма. Даводзіцца набываць самім антысэптыкі, дэзрастворы, каб дэзынфікаваць паверхні, бо мы разумеем, што мы магчымыя носьбіты гэтага вірусу і можам заразіць адна адну.
Лекі, якія даюць Дар'і
У пятніцу, 10 красавіка, Дар’я нам паведаміла, што зь ёю адбываецца ў апошнія дні.
— Нас ужо тры дні ня слухала лекарка, бо ня маем ніякіх скаргаў на стан. Але нам працягваюць даваць тыя ж лекі. Мне, напрыклад, даюць моцныя антыбіётыкі і таблеткі ад кашлю, хоць у мяне кашлю няма», — кажа Дар’я. — Яшчэ адна вельмі дзіўная рэч: высьветлілася, што вынікаў нашых першых тэстаў няма.
Радыё Свабода спрабуе атрымаць камэнтар ад кіраўніцтва скурна-вэнэралягічнага дыспансэру наконт гэтай сытуацыі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное