Да таго ж, мы бачым іх тактыку. Расейцы метадычна знішчаюць інфраструктуру, найперш энергетычную. І нават у гэты момант, пакуль мы размаўляем, яны наносяць удары. І зусім не па ваенных аб’ектах. Энергетыка, водазабеспячэнне.
Дракахруст: Пуцін рыхтуецца да зацяжной кампаніі, гэта вельмі імаверны сцэнар
Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра магчымую паўзу ў вайне, якую запоўняць медыйнымі баямі.
— Інстытут вывучэння вайны выказвае меркаванне, што Пуцін можа рыхтавацца да зацяжной кампаніі звычайнымі сродкамі, не прыбягаючы да эскалацыі ў выглядзе прымянення тактычнай ядзернай зброі.
Галоўнае — ператрываць зіму і пачатак вясны, пакуль падрыхтуюць навабранцаў. А заадно цягам зімы могуць палагаднець і заходнія ўрады. Ці спрацуе гэта?
— Гэта вельмі імаверны сцэнар. Многія крокі і заявы сведчаць пра тое, што менавіта так расейцы і будуць дзейнічаць. Нейкага магутнага наступу, здаецца, яны не рыхтуюць. Навабранцаў ужо кідаюць у бой, такія звесткі паступаюць. Але гаворка не пра сотні тысячаў. Іх вучаць, у тым ліку і ў Беларусі.
Таксама характэрная заява Пуціна, зробленая ім на Валдаі. Ёй не абавязкова верыць, натуральна, але ён заявіў, што Расія не плануе ўжываць ядзерную зброю ва Украіне. Гэта не азначае, што «мы ніколі не ўжывем» такую зброю. Але такая заява была зробленая.
Раней рабіліся намёкі, што хутчэй «мы можам гэта зрабіць». Гаварылася, што для абароны нашай зямлі мы можам ужыць любую зброю. Цяпер жа было зробленае вось такое ўдакладненне.
Думаю, у Крамлі чакаюць вясны. Чакаюць амерыканскіх выбараў, якія літаральна праз некалькі дзён адбудуцца. Вялікіх спадзеваў ім на гэта, магчыма, і не варта ўскладаць, бо рэспубліканцы зусім не прыхільнікі Пуціна. Акрамя таго, за многія выдаткі на карысць Украіны ўжо прагаласавалі, і гэтая дапамога будзе атрыманая яшчэ да таго, як прыйдзе новы склад Палаты прадстаўнікоў і Сената.
Дадамо да знішчэння інфраструктуры і сціскання «рукі холада» выхад Расіі са збожжавай дамовы.
— Так, Масква заявіла пра выхад з зернявога пагаднення. Яго падпісалі ў ліпені, калі сітуацыя на фронце была зусім іншая, тады былі відавочныя намаганні Захаду, ААН, Турцыі і многіх іншых схіліць Крэмль да гэтай угоды.
Сёння многія звяртаюць увагу, што на кастрычніцкі дэмарш Расіі была куды больш сціплая рэакцыя. Нават гучаць прапановы ваенным шляхам забяспечыць пастаўкі збожжа.
Ці бачыце вы тут змены ў стаўленні асноўных гульцоў да пазіцыі Расіі?
— Цяжка тут нешта на дадзены момант сказаць. Пакуль ідуць размовы пра тое, што пагаднення паміж Украінай і Расіяй не было. Што былі пагадненні паміж Украінай, Турцыяй і ААН, а таксама паміж Расіяй, Турцыяй і ААН. І не выключана, што спачатку паспрабуюць правесці гэтыя караблі, не зважаючы на рэакцыю Масквы.
Дарэчы, гэта караблі не абавязкова ўкраінскія. Ёсць там і караблі кампаній іншых краін, хутчэй за ўсё застрахаваныя на вялікія сумы. Магчыма, іх паспрабуюць правесці, бо хоць Расія і заявіла пра выхад з угоды, гэта ж не абавязвае яе абстрэльваць тыя караблі.
Калі ж яна пачне абстрэльваць і тапіць цывільныя караблі, тады і будзе, магчыма, адказ у выглядзе ваеннага забеспячэння паставак збожжа. Але мне ўсё ж здаецца, што ў сённяшняй сітуацыі НАТА агулам, не кажу тут пра асобныя краіны, не хоча ваяваць з Расіяй. Ці падстаўляцца пад магчымы ўдар. Сітуацыя, калі канвоі са збожжам будуць суправаджаць ваенныя караблі, рызыкоўная. Я не думаю, што заходнія краіны на гэта пойдуць.
— Давайце прыгадаем прычыну, якой скарысталася Масква, каб выйсці з гэтай угоды, — удар па караблях у Севастопалі. Сярод экспертаў зараз папулярная выснова, што Украіна з дапамогай заходняй зброі пачынае біць туды, куды здольная дабіць. Не надта зважаючы пры гэтым на перасцярогі сваіх партнёраў. Такія ўдары наносіліся і раней. Гэта ўжо тэндэнцыя?
— Так, быў удар па Крымскім мосце, былі атакі на памежныя расійскія вобласці. Некаторы час таму быў апублікаваны канцэптуальны артыкул галоўнакамандуючага Узброеных сіл Украіны Валерыя Залужнага, у якім ён патлумачыў украінскую стратэгію. Яна наступальная, адпаведна, украінцы будуць абстрэльваць, атакаваць праціўніка.
У якой меры гэта ўзгадняецца з заходнімі партнёрамі? Магчыма, іх проста ставяць перад фактам. Вы нас падтрымліваеце? Значыць падтрымлівайце ўсё, што мы будзем рабіць.
З пункту гледжання заходніх стратэгаў, украінцы ідуць далей, чым варта было б ісці. Магчыма, яны нейкім чынам будуць уздзейнічаць на Кіеў. Ці то ўгаворваць штосьці не рабіць. Ці то скарачаць падтрымку, а гэта вельмі балюча.
А магчымы і такі варыянт, калі ўкраінцы накідаюць сваё бачанне і стратэгію, а заходнія партнёры на гэта пойдуць. Мне падаецца, што тут вельмі важнымі будуць вынікі амерыканскіх выбараў. Яны наўрад ці цалкам зменяць падыходы ЗША да падтрымкі Украіны, але могуць істотна іх падкарэктаваць.
Што да пазіцыі ўкраінцаў, то гэта іх падыход: мы павінны атакаваць. На нас напалі, супраць нас вядуць вайну. Тым больш, што і тэрыторыя, і колькасць насельніцтва ў Расіі большая, мы павінныя перамагаць духам. А для гэтага сціпласць не самая прыдатная якасць.
— Заявы пра «брудную бомбу», «баявых камароў», абвяшчэнне «дэсатанізацыі» Украіны — гэта праява слабасці Крамля на фоне адсутнасці выразных поспехаў на полі бою ці спроба, як кажуць некаторыя ваенныя аналітыкі, замыліць павестку, адцягнуць увагу ад ваенных злачынстваў?
— Я думаю, што тут варта казаць пра другі варыянт. Магчыма, гэта ўздзеянне і на сваю аўдыторыю. Закідаецца абсалютна вар’яцкае трызненне, якое падкрэслівае, што вось, маўляў, якія ў нас ворагі. Тут і «брудная бомба», і камары, і біялагічная зброя.
Не выключана, што ёсць разлік і на нейкую частку міжнароднай аўдыторыі. Бо не ўвесь свет вычэрпваецца Захадам, тая ж валдайская прамова Пуціна відавочна была адрасаваная не заходняму слухачу.
А раптам у якімсьці Тунісе ці нават Індыі або Кітаі гэтых камароў возьмуць і «купяць», ды неяк на гэта адрэагуюць? Мы ж памятаем, як у свой час СССР вінаваціў Захад у вынаходніцтве СНІДу. А зараз у ход пайшлі «баявыя камары» і «брудная бомба».
Тым больш, што тычыцца апошняй, то гэта выразны працяг ядзернага шантажа ў новай якасці.
Падыход тут такі: першым пунктам расійскай ядзернай дактрыны значыцца ўжыванне ядзернай зброі ў выпадку ядзернага нападу на Расію.
І трактоўка такая: Украіна ўжыве «брудную бомбу» (хоць насамрэч гэта будзе не Украіна, але на яе спішуць) і тады ўжо Расія, зважаючы на першы пункт сваёй дактрыны, ужывае ядзерную зброю не першай, а другой — у адказ.
І ў гэтым, я думаю, сутнасць папярэджання Шайгу, які тэлефанаваў замежным міністрам абароны. Маўляў, на нас нападуць ядзернай зброяй, а мы ўжо, прабачце, адкажам ядзернай зброяй на ядзерны напад. Гэта запалохванне як Захаду, так і краін трэцяга свету, у якіх і ядзернай зброі няма.
А ў цэлым сітуацыя выглядае такім чынам, што мы маем пэўную паўзу. Сітуацыя замарозілася, сур’ёзныя баі прыпыніліся. Хаця, зразумела, украінцы могуць да зімы ці цягам зімы ўзяць Херсон. Але магчыма, што на некалькі месяцаў усталюецца паўза. Расія будзе рыхтаваць сваіх навабранцаў, мабілізаваных, а потым будзе новая фаза.
А ў гэты прамежак часу, паколькі на полі боя іх няма, будуць працягвацца медыявойны, медыйныя атакі. Тут і камары, і «брудныя бомбы» і ўсё астатняе.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное