Политика

Дракахруст: Каго на што абмянялі Ўкраіна і Расея

Фактычны адказ вядомы і відавочны — дзьве краіны ў парадку ўзаемнасьці вызвалілі па 35 вязьняў у сваіх турмах. Выйшлі на волю, у прыватнасьці, вязьні, вызваленьня якіх асабліва гучна дамагаліся Кіеў і Масква: Алег Сянцоў і Кірыл Вышынскі. Разважае Юры Дракахруст на Радыё Свабода.

Вярнуліся дадому і ўкраінскія маракі, захопленыя Расеяй летась у Керчанскай пратоцы. Вызваленыя ня ўсе вязьні, якія, паводле меркаваньня бакоў, утрымліваюцца за кратамі з палітычных прычынаў, з прычыны канфлікту Расеі і Ўкраіны. Прэзыдэнт Уладзімер Зяленскі прапановаў абмен паводле формулы «усіх на ўсіх», атрымалася «35 на 35». Аднак самыя вядомыя, самыя «гучныя» вязьні — на волі.

Ці была ў гэтым нейкая роля Беларусі? Так выглядае, што невялікая і адносная. Менскія перамовы кантактнай групы АБСЭ былі адной з пляцовак, на якіх дамоўленасьць аб абмене была дасягнутая. Магчыма, і ня самая важная. Менская пляцоўка — дастаткова публічная, а перамовы аб абмене — справа вельмі далікатная. Ня выключана, што былі і іншыя, зусім канфідэнцыйныя пляцоўкі, на якіх і была дасягнутая вырашальная згода.

Але цяпер, калі людзі вярнуліся дамоў, да сваіх сем’яў, натуральным выглядае пытаньне аб палітычным зьмесьце абмену. Гуманітарны аспэкт відавочны. Але і тут ёсьць палітычны момант: Украіна лічыла Сянцова героем, Расея — злачынцам, Вышынскі ва Ўкраіне быў абвінавачаным у цяжкім крымінальным злачынстве, у Расеі яго лічылі героем. Калі іх абменьваюць, то ў нейкім сэнсе бакі роўныя.

Магчыма, нежаданьне прызнаваць гэтую роўнасьць і не давала магчымасьці правесьці гэты абмен раней, калі прэзыдэнтам Украіны быў Пятро Парашэнка.

Выйгрышы Зяленскага і Пуціна

Цяпер жа ў выйгрышы аказваюцца і Зяленскі, і Пуцін. Зяленскі можа сказаць: Парашэнка ня мог дамагчыся вызваленьня Сянцова, Клыха і нашых маракоў, а я здолеў. Для Пуціна абмен — пасланьне Захаду: зроблены істотны крок ва ўрэгуляваньні канфлікту паміж Украінай і Расеяй, ёсьць нагода для карэкцыі санкцыйнай палітыкі.

Але ці вядзе абмен да сапраўднага ўрэгуляваньня, каго абмянялі на што? Для дзяржаваў пытаньні вайны і міру ня зводзяцца да пытаньня вызваленьня вязьняў. Вызваленьне вязьняў можа стварыць спрыяльную атмасфэру да ўрэгуляваньня, але ня больш за тое.

Магчыма, гэтая атмасфэра можа паспрыяць наступнаму кроку, які быў бы ўжо часткова і самым урэгуляваньнем — гэта спыненьне агню. Дамоўленасьць пра гэта тэарэтычна магчымая. Пэўны час таму здавалася немагчымым і вызваленьне Сянцова, аднак сёньня гэта стала рэальнасьцю.

Ці можна спыніць агонь?

Перастрэлкі ў Данбасе не вядуць ніводзін бок да дасягненьня якой бы то ні было палітычнай мэты. Прыкладна сто чалавек за год забітых з украінскага боку, напэўна, прыкладна столькі ж з супрацьлеглага боку — гэта чалавечыя трагедыі і гора семʼяў, але гэта ня можа прымусіць да чаго б то ні было ні Кіеў, ні Маскву.

Зь іншага боку, Масква кантралюе і Крым. Але на мяжы Крыму і Херсонскай вобласьці не страляюць ні з воднага боку. Наконт Крыму паміж Кіевам і Масквой канфлікт ёсьць, але вайны няма. Значыць, нават пры наяўнасьці канфлікту такое магчыма.

Нужен ли Зеленскому Лукашенко в качестве посредника

Дарэчы, Зяленскі падчас выбарчай кампаніі абяцаў менавіта спыненьне вайны. А не поўнае ўрэгуляваньне канфлікту. Сытуацыя, калі ў Данбасе ня будуць страляць, калі там больш не забʼюць ніводнага ўкраінскага салдата або цывільнага — гэта дасягальна. Абмен даказвае, што гэта дасягальна.

Але варта ўсьведамляць, што і гэта — не палітычнае ўрэгуляваньне.

Ці існуе пункт прымальнага кампрамісу?

У гэтым пытаньні пазыцыі бакоў да апошняга часу былі фактычна палярныя.

Украінская пазыцыя запыту: Крым і ўсход Украіны павінны быць вернутыя пад сувэрэнітэт Украіны і пад кантроль цэнтральнага ўкраінскага ўраду, ніякай фэдэралізацыі, тым больш ніякіх эксклюзіўных правоў кантролю агульнадзяржаўнай палітыкі для гэтых рэгіёнаў не прадугледжваецца.

Расейская пазыцыя запыту: Крым — неадʼемная частка Расеі, гэта не прадмет перамоваў, Данбас можа быць вернуты пад сувэрэнітэт Украіны, але з самымі шырокімі правамі аўтаноміі і з правам вэта на далучэньне Ўкраіны да ЭЗ і NATO.

Усё, што паміж гэтымі крайнімі пазыцыямі — гэта поле кампрамісу, любую пазыцыю паміж нехта і ва Ўкраіне, і ў Расеі палічыць здрадай, слабасьцю, непрымальнай саступкай другому боку.

У Расеі на гэткія галасы Ўладзімір Пуцін можа, на першы погляд, і не зважаць. Хоць народнае меркаваньне мае значэньне і ў аўтарытарных рэжымах. Да таго ж падобныя галасы могуць гучаць і ад хардлайнэраў у Крамлі.

На першы погляд, і Ўладзімір Зяленскі, маючы «сьвежы» прэзыдэнцкі мандат і абсалютную большасьць у Вярхоўнай радзе, можа весьці любую зьнешнюю палітыку, ісьці на любыя саступкі. Насамрэч гэта ня так. Ва Ўкраіне ёсьць уплывовая апазыцыя, ва Ўкраіне ёсьць традыцыя, калі палітыка выплюхваецца на Майдан. Таму нават абсалютная большасьць у Вярхоўнай радзе — гэта ня carte blanche.

Урэгуляваньне па змаўчаньні

Да таго ж для Ўкраіны і асабіста для Зяленскага не апошняе значэньне мае і меркаваньне заходніх партнэраў Украіны.

Напярэдадні перамоваў з украінскім лідэрам дарадца прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан сказаў у інтэрвію: «Прэзыдэнту Зяленскаму можна толькі параіць вельмі асьцярожна разгарнуць стратэгію кантакту з Расеяй. Ня думаю, што ёсьць прычыны, зь якіх трэба неадкладна прымаць той ці іншы курс».

Гэта празрысты намёк на тое, што Вашынгтон раіць Зяленскаму не сьпяшацца зь якімі б то ні было кампрамісамі, з якім бы то ні было адступленьнем ад ранейшай украінскай пазыцыі запыту ў пытаньнях стасункаў з Расеяй. Гэта ня значыць, што Зяленскі ня можа зрабіць па-свойму, але ўлічваць амэрыканскую пазыцыю ён безумоўна будзе.

Да апошняга часу ўзьдзеяньне шэрагу фактараў і ва Ўкраіне, і ў Расеі прыводзіла да таго, што ўрэгуляваньне адбывалася па факце, па змаўчаньні, адбывалася ў выглядзе замарозкі.

Сусьветны досьвед застарэлых тэрытарыяльных канфліктаў сьведчыць, што рэдка дзе атрымліваецца іх поўнае ўрэгуляваньне. Гэта так і ў тых канфліктах, у якіх заангажаваная Расея, і ў тых, дзе не заангажаваная. Сытуацыя з Паўночным Кіпрам ня лепшая, чым з Карабахам, Прыднястроўем і Абхазіяй. Паўсюль сытуацыя фактычна ўсяго толькі замарожаная. Бакі па змаўчаньні дамаўляюцца ні да чога не дамаўляцца, але не страляць і не парушаць status quo.

На жаль ці на шчасьце, але цяжка ўявіць сабе, што ва ўкраінска-расейскім канфлікце дамовяцца да нечага большага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(6)