Дракахруст: Ці ўратуюць гусі Менск, як некалі — Рым
Тое, што сучасная Расея — краіна зусім не вэгетарыянская, не сакрэт ні для каго. Але справа напэўна ў дакладнай ацэнцы пагрозы, пiша Юры Дракахруст на Радыё Свабода.
«Беларусь чакае вайна і анэксія, калі яна не пачне рэфармавацца» — заявіў былы генэральны сакратар NATO Андэрс Форг Расмусэн у інтэрвію украінскаму парталу Liga. net.
«Цяпер для мяне самая крохкая краіна гэта Беларусь » — сказаў у інтэрвію румынскай службе нашага радыё кіраўнік амэрыканскага дасьледнага цэнтру Stratfor Джордж Фрыдман.
Не яны першыя, не яны апошнія. Але адзін — былы высокі чыноўнік самага магутнага ў сьвеце вайсковага альянсу, другі — кіраўнік дасьледчага цэнтру, які некаторыя лічаць ледзь не альтэрнатыўным ЦРУ. Да іх прагнозаў і перасьцярогаў прыслухоўвацца, зразумела, варта. А вось пагаджацца — неабавязкова.
Успамін пра «Захад-2017»
Тое, што сучасная Расея — краіна зусім не вэгетарыянская, не сакрэт ні для каго. Але справа напэўна ў дакладнай ацэнцы пагрозы.
Варта прыгадаць, колькі людзей напярэдадні і нават падчас вучэньняў «Захад-2017» прадказвалі і перасьцерагалі, што вучэньні скончацца анэксіяй Беларусі, а можа і ня толькі яе. І выказваліся ў такім духу ня толькі журналісты і палітолягі, ня толькі былыя чыноўнікі, але і міністры і нават кіраўнікі дзяржаваў.
Вучэньні прайшлі, расейскія войскі і тэхніка як прыехалі, так і вярнуліся дадому. Ці многія з тых «касандраў», якія казалі, што вучэньні — пралёг анэксіі, рахмана заўважылі — відаць, крыху мы пагарачыліся з тымі прагнозамі, нешта мы не ўлічылі? Ня памятаю ніводнага такога прызнаньня.
Чаму? Акрамя нежаданьня прызнавацца ў сваіх памылках ёсьць у гэтым і ідэалягічная подбіўка. Аўтары падобных алярмічных прагнозаў напэўна разглядаюць сябе, як тых гусей, якія, паводле паданьня, уратавалі Рым ад варожай навалы.
Галы таемна падышлі да сьценаў вечнага гораду, яго жыхары спалі, але сьвятарныя гусі ў храме Юноны пачалі гегетаць, разбудзілі сьпячых рымлянаў, тыя ўзяліся за зброю і далі адпор.
Дык можа і з «Захадам-2017», і ў цяперашняй сытуацыі адносна Беларусі тое самае? Таму Пуцін і не рашаецца праглынуць Беларусь, што ў сьвеце ўзьнімаецца крык, шум, які будзіць ад сну абаронцаў свабоды, у выніку гаспадар Крамля палохаецца і адмяняе напад.
Можа быць.
Ратаваньне ці дэмаралізацыя?
Але ёсьць і іншае тлумачэньне. Што пішуць і кажуць заходнія прагназісты? Расея вось-вось захопіць Беларусь. А што пішуць і гавораць розныя расейскія «птушкі» — ад Уладзіміра Жырыноўскага да Тэлеграм-каналаў кшталту Незагара? Пытаньне з далучэньнем Беларусі вырашанае, Менск здаўся, Лукашэнка здаўся.
Мова іншая, ацэнка — адваротная. У спадароў Расмусэна і Фрыдмана гэтая пэрспэктыва выклікае роспач, у расейскіх "касандраў" — шчырую радасьць. Але па сутнасьці і адны і другія гавораць пра адно і тое ж.
Дык гэтае «гергетаньне» — яно ратуе Менск ці наадварот, упэўнівае ўсіх, і беларусаў найперш, што варыянтаў уратавацца няма? Апэрацыі па дэмаралізацыі войскаў і насельніцтва праціўніка так жа і працуюць — здавайцеся, супраціў бессэнсоўны.
Тут ёсьць і яшчэ адна асаблівасьць гэтага дзіўнага сугучча. Тое, што расейскія апалягеты далучэньня Беларусі да Расеі нічога ня кажуць пра складанасьці і рызыку гэтай апэрацыі — гэта натуральна. Але дзіўна, што і іх заходнія апанэнты і калегі па прагназаваньні нічога ня кажуць пра фактары, якія маглі б прадухіліць такі сцэнар.
Парадаксальна, што і адны і другія сыходзяць з супольнага бачаньня: Беларусь залежная ад Расеі і палітычна, і эканамічна, і культурна, Беларусь ня мае ніякіх юрыдычных і фактычных гарантыяў ад анэксіі з боку Расеі, сама Беларусь слабая, няздатная абараніць сябе і не жадае абараняць сябе. Адсюль робіцца простая выснова: усё залежыць ад жаданьня Пуціна, а такое жаданьне ў яго ёсьць, таму анэксія непазьбежная.
Але сытуацыя, як выглядае, усё ж больш складаная. І адны і другія прагназісты ня ўлічваюць ні козыры, якія мае Беларусь, ні масавыя настроі ў Беларусі, ні тое, што залежнасьць ад РФ узаемная, ні рызыкі, якія тоіць падобная апэрацыя для Расеі.
Пры гэтым заходнія прагназісты ня кажуць нічога ўцямнага наконт таго, што ж трэба рабіць Захаду, каб прадухіліць спраўджваньне іх прагнозаў. Праяўляць пільнасьць, не забываць пра Беларусь. І ўсё. І гэта павінна надта натхніць беларусаў і напалохаць расейцаў? А не наадварот, не дэмаралізаваць беларусаў і ня ўпэўніць расейцаў, як героя стужкі «Месца сустрэчы зьмяніць нельга», што «няма ў вас мэтадаў супраць Косьці Сапрыкіна». Не прапаноўваюцца ж ніякія, нават тэарэтычна.
Што гарантуе ад анэксіі?
Не, вось спадар Расмусэн прапанову мае. Праўда, не да некалі кіраванага ім Паўночнаатлянтычнага альянсу, а да беларусаў. Усталяваць у Беларусі дэмакратыю і правесьці рэформы. Гэта, паводле яго, самая надзейная гарантыя ад анэксіі. Добрая прапанова. Дэмакратыя і сапраўды лепш за дыктатуру, а рэформы лепш за стагнацыю. У доўгатэрміновым пэрыядзе дык і праўда гарантыя.
Але калі глядзець на досьвед постсавецкіх краінаў, дык сувязь хіба не адваротная. Грузія і Ўкраіна — выдатніцы школы рэформаў і дэмакратыі. Але менавіта ў гэтых краінаў Расея адхапіла ладныя кавалкі тэрыторыі. А, скажам, у Азэрбайджане і Казахстане справы з рэформамі так сабе, а з дэмакратыяй — дык і зусім кепска. Між тым абедзьве краіны з Расеяй мяжуюць, але на іх тэрытарыяльную цэласнасьць яна не замахвалася.
Так што да парады былога генсека NATO напэўна і варта прыслухацца ў стратэгічным пляне. Але ў кароткатэрміновай пэрспэктыве яна не выглядае такой ужо надзейнай панацэяй ад гіпатэтычнай расейскай агрэсіі.
Я сам журналіст, таму разумею, што загалоўкі кшталту «Беларусі пагражае анэксія» прыцягваюць інтарэс, даюць клікі.
Але ад людзей з пэўным прафэсійным досьведам, з пэўнай рэпутацыяй, чакаеш усё ж не адно пагоні за клікамі, а нейкай веды ці хаця б разуменьня.
Рымскія гусі са старажытнага паданьня і не прэтэндавалі на ролю палітычных аналітыкаў. Але, гледзячы па ўсім, мелі звычку гергетаць тады, калі нагода была істотнай. Гергеталі б яны зь любой нагоды і нават безь яе, баюся, што наўрад ці яны б уратавалі Рым.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное