Кабанчук: «Калі над першым беларускім горадам уздымецца бел-чырвона-белы сцяг, перакананы, будуць тысячы добраахвотнікаў»

Прадстаўнік АПК па абароне і нацбяспецы, былы намеснік камандзіра Палка Кастуся Каліноўскага Вадзім Кабанчук — пра тое, як падзеі ва Украіне могуць адбіцца на нас.

— Украіна будзе далей супраціўляцца. Я б надта не драматызаваў наконт таго, што там рэкордныя тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў, — адзначыў Вадзім Кабанчук на Рацыі. — Нават калі расіяне выйдуць на ўскраіны Пакроўска, за горад будуць вельмі жорсткія баі.

Мы памятаем, што за Бахмут баі ішлі амаль год. Украінцы абараняюцца і, упэўнены, далей будуць гэта рабіць. Украінская армія прывыкла жыць ва ўмовах дэфіцыту снарадаў.

Вадзім Кабанчук

Калі кажуць, што зараз сітуацыя нагадвае люты 2022 года, то ёсць розніца. Тое, што адрознівае ЗСУ сёння ад 2022 года, — універсальны сродак знішчэння ворага — дроны.

Я не веру ў сцэнар замарозкі вайны. Нават калі так адбудзецца, такі сцэнар не будзе доўгатрывалым. Мне цяжка сказаць, як можна прымусіць да чагосьці ўкраінскі народ, дзякуючы якому Украіна існуе да гэтай пары.

У 2022 годзе памылілася не толькі ФСБ, але і заходнія аналітыкі, якія давалі Кіеву тры гадзіны, тры дні ці два тыдні выстаяць, таму што па ўсіх пралічаных фактарах Украіна як дзяржава павінна была зруйнавацца пад такімі ўдарамі з некалькіх напрамкаў.

Але ніхто не ўлічыў фактар украінцаў як народа. Яны жывуць як бы трошкі паралельным жыццём са сваёй дзяржавай. Так, вельмі шмат праблем ва Украіне-дзяржаве, але калі народ украінскі хоча, як паказвае гісторыя, ён свайго дабіваецца.

Калі народ Украіны вырашыць супраціўляцца далей, я не ведаю, якім чынам будзе наогул навязаная гэтая замарозка вайны.

Былы вайсковец лічыць, што ў 2025 годзе нас чакаюць сур’ёзныя падзеі, звязаныя з вайной.

— На жаль, яны могуць быць і трагічнымі. Да гэтага трэба быць гатовымі.

За мінулы тыдзень у Беларусь заляцела больш за 40 «шахедаў». Небяспека ў тым, што з надыходам халадоў удары па інфраструктуры энергетыкі Украіны сталі больш інтэнсіўнымі, як паказваюць апошнія дні.

Мяркую, што і колькасць «шахедаў», якія ў тым ліку залятаюць у Беларусь, таксама будзе павялічвацца. Подых вайны ўжо каля нашай краіны.

Зараз народ можа яшчэ і не зусім гэта адчувае, але набліжаюцца сур'ёзныя падзеі. На маю думку, і тая «спецаперацыя» па пралангацыі паўнамоцтваў дыктатара Лукашэнкі — адна з частак плана Пуціна.

Гэты план тычыцца ўсяго рэгіёну. Лукашэнка нават можа і не ведаць усяго, але ён ужо не мае ходу назад.

У той жа час нам, беларусам, гэта дае шанец на вызваленне. Нагадаю, што з юрыдычнага пункту гледжання Беларусь на сённяшні дзень — дзяржава-суагрэсар. І толькі мэтазгоднасць і добрая воля стрымлівае ўкраінцаў ад нанясення ўдараў па нашай краіне.

Пры сённяшніх умовах сапраўды няма сілы, якая можа вызваліць Беларусь, але мы не ведаем, што будзе праз паўгода. На маю думку, сапраўды можа з’явіцца беларуская вызваленчая армія.

Гэта і добраахвотнікі ва Украіне, і значная частка тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. Калі над першым беларускім горадам уздымецца бел-чырвона-белы сцяг, перакананы, будуць тысячы добраахвотнікаў. Мы гэта бачылі ў 2020 годзе, — кажа Кабанчук.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(56)