Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Было б дзіўна, калі б украінская разведка паведамляла, якія цудоўныя адносіны паміж беларускімі і расійскімі вайскоўцамі ў Беларусі»

Чым адрозніваецца сітуацыя на беларускіх палігонах ад падзей лютага-сакавіка. На гэтую ды іншыя тэмы Филин паразмаўляў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

Юрый Дракахруст

— «Медуза» паведамляе, што рашэння аб вывадзе расійскіх войск з Херсона яшчэ няма. Што гэтае рашэнне павінен прыняць асабіста Пуцін. Разам з тым выданне сцвярджае, што для пракрамлёўскіх СМІ ўжо падрыхтавалі метадычкі, як апраўдаць чарговы магчымы «жэст добрай волі». Прапаганда прапагандай, але калі Херсон давядзецца здаць, як гэта можа адбіцца на масавай свядомасці расейцаў?

— Я думаю, што масавую свядомасць такая падзея, калі яна адбудзецца, безумоўна, дэмаралізуе. Мы, ізноў жа, бачым, што паводле некаторых апытанняў, напрыклад, незалежнага праекту «Хроники» і Russian Field, узровень падтрымкі вайны зніжаецца. Не катастрафічна, не кардынальна, але зніжаецца.

Безумоўна, тут галоўным чыннікам стала мабілізацыя, якая закранула многіх, ледзь не кожную сям’ю ў Расіі. У тым ліку і тых, хто ўспрымаў падзеі ва Украіне, фігуральна кажучы, як «наш хакей». Маўляў, наша зборная там гуляе, малайцы. А тут, калі ты сам мусіш у гэтым паўдзельнічаць, то гэта, натуральна, зніжае матывацыю.

Калі ўкраінцы вернуць Херсон, гэта будзе сімвалічны момант. Бо гэта адзіны абласны цэнтр Украіны, захоплены расійскімі войскамі з пачатку гэтай кампаніі. І калі расейцы адтуль сыдуць, гэта спародзіць шок. Нават большы, чым ад паразы расійскіх войск у Харкаўскай вобласці.

Бо гэта сімвал, гэта знак. І што б яны там ні тлумачылі, расійскае грамадства, зразумела, успрыме гэта хваравіта. Як чарговую гучную паразу.

А гледзячы па ўсім, сітуацыя там такая, якой яна была і з другога боку — калі ўкраінцы летам абаранялі свае гарады на Данбасе. Тут узнікае дылема: ці трымацца на падрыхтаваных, умацаваных пазіцыях, бо далей такіх няма, дзе можна ўтрымацца. А з другога боку, калі ты будзеш стаяць на месцы, цябе акружаць і знішчаць усю тваю групоўку.

Мяркуючы па ўсім, расейцы не могуць на гэта пайсці. Тым больш што шлях камунікацый, падаецца, застаецца вельмі тонкі, небяспечны. Хутчэй за ўсё, баёў там не будзе, яны проста сыдуць, каб не трапіць у кацёл. 

— На мінулым тыдні з’явіліся паведамленні пра масавую гібель расійскіх вайскоўцаў. Гаворка ішла пра мабілізаваных, а таксама пра элітныя падраздзяленні марскіх пехацінцаў. На гэтым фоне асабліва цынічна гучалі словы Прыгожына пра тое, што «самцы прызыўнога ўзросту павінны несці службу ў акопах». Пра што гэта гаворыць — у Маскве зрабілі стаўку на вайну ў стылі Жукава, закідаць ворага трупамі?

— На любой вайне заўсёды здараюцца нейкія недарэчнасці, паразы змяняюцца перамогамі. Як казаў бравы салдат Швейк, усё ішло добра, пакуль не ўмяшаўся генеральны штаб.

Таму на падставе некалькіх выпадкаў масавай гібелі людзей, калі гіне шмат толькі што мабілізаваных, я б не сказаў, што гэта абазначае такую татальную тактыку Жукава. Бо для гэтага патрэбныя значна большыя маштабы. Каб такіх выпадкаў было шмат, каб уласна ўся вайна вялася так. Мне цяжка сказаць, ці ўся яна вядзецца такім чынам.

Хоць, калі прыгадаць, як хапалі мужчын у самаабвешчаных «рэспубліках», як іх кідалі амаль без ніякай вучобы ў бой, то можна казаць пра падобную тактыку. Цяпер жа, тыя выпадкі, якія вы назвалі, не тычыліся сотняў тысяч мабілізаваных, гаворка пра сотні, магчыма, пра тысячу чалавек.

Я не ведаю, як будуць падзеі развівацца далей. Магчыма, і ў гэтым кірунку. Але пакуль што, мне падаецца, гэта не вельмі вялікія маштабы кідання «гарматнага мяса» ў топку вайны.

— Украінская разведка паведамляе пра няпростую сітуацыю з расійскімі мабілізантамі, якіх размясцілі ў Беларусі. Нібыта паміж беларускімі і расійскімі вайскоўцамі ўсё часцей здараюцца канфлікты. Зразумела, што да такой інфармацыі трэба ставіцца асцярожна, але калі дапусціць варыянт, што ім усё ж давядзецца разам ісці ў бой, чым гэта можа скончыцца?

— Досыць складана каментаваць такую інфармацыю, бо ўкраінская разведка, зразумела, зацікаўленая менавіта ў такой падачы. Бо на вайне, як на вайне. Было б дзіўна, калі б украінская разведка паведамляла, якія цудоўныя адносіны паміж беларускімі і расійскімі вайскоўцамі ў Беларусі.

Так, канфлікты, магчыма, і ёсць. Хаця, калі прыгадаць люты і сакавік, такіх паведамленняў не было. Але тое, што мабілізаваных загналі на палігоны і, наколькі я чуў, не асабліва пускаюць наведваць навакольныя вёскі і гарады, думаю, адзін з матываў гэтага — не ствараць напружання і магчымых канфліктаў з мясцовым насельніцтвам.

Бо гэта можа стварыць расейцам дадатковыя праблемы, якіх у іх і без гэтага хапае. У пачатку вайны яны не былі так абмежаваныя ў перамяшчэннях, а зараз іх трымаюць на адным месцы.

— У лютым-сакавіку яны былі куды больш заўважныя.

— Так, яны хадзілі па вуліцах у тым жа Гомелі. Зараз іх пасадзілі на базы і палігоны: сядзіце ціха і не лезьце да мясцовых. Паўтаруся, магчыма, найперш гэта зроблена для прадухілення падзення дысцыпліны, з другога боку — дзеля пазбягання канфліктаў.

Таму што, так ці іначай, адносіны да вайны і да сябе расейцы ведаюць.

Як будзе паводзіцца беларускае войска, калі яго пашлюць у наступ? Я думаю, што па-рознаму. Пра гэта, дарэчы, у адным з інтэрв’ю казаў Валер Сахашчык: маўляў, не думайце, што ўсе адразу разбягуцца, здадуцца або пойдуць на Мінск з аўтаматамі.

Сахашчык лічыць, што, мякка кажучы, не ўсе так зробяць. Хтосьці пойдзе выконваць загады, у кагосьці ёсць і пэўная ідэалогія. Камусьці блізкія ідэі «русского мира», ва йны з «бандэраўцамі» і «фашыстамі». Ну, а ў кагосьці ёсць вайсковая дысцыпліна: цябе паслалі — ты ваюеш.

Я не выключаю, што, калі такое адбудзецца, стаўленне з боку расійскіх вайскоўцаў можа палепшыцца. Тут трэба аналізаваць, натуральна, але можна зрабіць выснову, што цяпер расійскія вайскоўцы могуць думаць: «Мы тут ваюем, а што беларусы? Чаму яны не ваююць? У нас жа адзін свет, мы нібыта ў саюзе, а чаму тады нашы саюзнікі не ваююць?».

Можа, гэта і не надта моцнае пачуццё, але думаю, што яно ёсць. Прынамсі, у часткі з іх, у нейкай форме. Бо многія з расейцаў не ўспрымаюць Беларусь як асобную адзінку, незалежную дзяржаву.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(11)