Доктар Вітушка: Ці дастаткова Беларусь тэстуе на COVID-19

Лекар-рэаніматолаг Андрэй Вітушка тлумачыць, чаму трэба з разуменнем паставіцца да магчымага дэфіцыту тэстаў.

Фота з Фэйсбуку Андрэя Вітушкі

— Да пытання тэставання на COVID-19. Шмат абмяркоўваецца, дастаткова Беларусь тэстуе ці не. Не паглыбляючыся ў асаблівасці таго, якія тэсты бываюць і адкуль бяруцца, прапаную азнаёміцца з амерыканскім і еўрапейскім падыходамі да гэтай справы, — піша мінскі лекар-рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вітушка.

Амерыканскі медычны рэгулятар CDC вызначае катэгорыі прыярытэтнасці тэставання. Акцэнт робіцца на даследаванні асобаў з сімптомамі хваробы:

- тэмпературай (вышэй за 38 градусаў),

- кашлем,

- абцяжараным дыханнем.

Такім чынам, у ЗША выдзяляюць наступныя катэгорыі прыярытэтнасці:

1-я катэгорыя

а) Пацыенты з сімптомамі, якія шпіталізуюцца (нагадаю, што шпіталізуюцца ў ЗША толькі пацыенты з цяжкімі формамі COVID-19 і, часам, пацыенты ў стане сярэдняй цяжкасці, а астатнія лечацца дома).

б) Работнікі сістэмы аховы здароўя з сімптомамі.

2-я катэгорыя

а) Пацыенты з сімптомамі, якія знаходзяцца ў сацыяльных установах працяглага ўтрымання (дамы састарэлых, дамы-інтэрнаты ды інш.).

б) Пацыенты сталага веку ад 65 год і болей з сімптомамі.

в) Пацыенты са спадарожнымі хранічнымі хваробамі (хваробы сэрца, органаў дыхання, дыябетам ды інш.), якія маюць сімптомы COVID-19.

г) Людзі, якія аказвалі дапамогу пацыентам з COVID-19 і развілі сімптомы хваробы.

3-я катэгорыя

а) Работнікі камунальнай інфраструктуры з сімптомамі (кіроўцы Хуткай дапамогі, таксі, сантэхнікі, прадаўцы і г.д.)

б) Асобы з сімптомамі, якія не падпадаюць пад вышэйазначаныя катэгорыі.

в) Бессімптомныя работнікі аховы здароўя і іншыя асобы, якія аказвалі дапамогу пацыентам з COVID-19.

г) Асобы з мяккімі і сярэдневыражанымі сімптомамі хваробы ў асяроддзях, якія маюць высокую колькасць шпіталізацый з нагоды COVID-19.

Іншыя асобы без сімптомаў тэстуюцца толькі пры наяўнасці магчымасцяў.

Апісаны падыход з’яўляецца мінімальна дастатковым. Кожны шпіталь і кожная мясцовасць вырашае сама, як шырока праводзіць даследаванне адпаведна сваіх магчымасцяў.

У Нямеччыне — краіне ЕС, якая дэманструе высокую эфектыўнасць у супрацьстаянні эпідэміі — выкарыстоўваецца такі падыход: тэстуем усіх з сімптомамі, а таксама кантактных.

Варта зазначыць, што тамтэйшы цэнтр па кантролі за захворваннямі — Інстытут імя Роберта Коха — не рэкамендуе даследаваць асоб без сімптомаў з-за небяспекі скарачэння колькасці даступных тэст-сістэм.

Аўстрыйскія рэкамендацыі для насельніцтва проста кажуць, што рашэнне прымае доктар.

Беларусь пакуль захоўвае шырокі гарызонт тэставання — даследуюць і пацыентаў з сімптомамі, і кантактных асобаў, а таксама часам пацыентаў без сімптомаў — краіна трымае прыстойныя паказчыкі ў свеце па колькасці пратэставаных на мільён насельніцтва.

Тым не менш, эпідэмія развіваецца, пацыентаў становіцца болей, таму пастаўцеся, калі ласка, з разуменнем да таго, што тэставых сістэм далей можа на ўсіх не хапаць.

Калі медработнікі не прапануюць вам гэтае даследаванне — не настойвайце на ім — не адбірайце тэсты ў тых, каму яны сапраўды могуць быць патрэбныя.

Нагадваю, што 80% выпадкаў COVID-19 праходзіць у лёгкай форме.

Сачыце за сабой, думайце пра іншых. Будзьце адказнымі (мы гэта ўмеем — я пераканаўся) і будзьце здаровыя!

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(18)