Дэпутат са Стоўбцаў: «З пнеўманіямі адпраўляюць таксама ў Валожын, Слонім і Мінск». Свабода: «За ноч памерлі 5 чалавек»

Трывожныя навіны прыходзяць са Стаўбцоўскага раёна. Пра ўспышку каранавіруса паведамляюць мясцовыя жыхары, аднак афіцыйных лічбаў улады не агучвалі.

Сітуацыю ў раёне Наша Ніва папрасіла пракаментаваць дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Івана Мамайку, былога начальніка стаўбцоўскай міліцыі.

— На базе Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы разгорнуты інфекцыйны шпіталь, 139 месцаў. Туды шпіталізуюць з запаленнем лёгкіх. Паколькі частка хворых людзей накіроўваецца ў іншыя медыцынскія ўстановы (Валожын, Слонім, Мінск), можна зразумець, што людзей з запаленнем лёгкіх шмат, — кажа дэпутат.

Пацыентаў з іншымі дыягназамі бальніца прымае ізалявана. Для гэтага там створаная «чыстая зона» — пад яе парапрафілявалі хірургічнае аддзяленне. Па словах дэпутата, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх пакуль дастаткова, тэхніку дадаткова прывозілі з іншых устаноў:

— Скардзіліся людзі, што адзін кіслародны балон на двух-трох чалавек. Пачынаем разбірацца. А там ёсць такая працэдура — трэба, каб 3-4 разы на дзень пацыенты дыхалі кіслародам, не ўвесь час. І калі ў палаце, напрыклад, ляжаць два ці тры чалавекі, то робяць так: падыхаў адзін, апарат дэзынфікуюць і даюць другому. Таму ўсё ў парадку, гэта не значыць, што ў кагосьці яго адбіраюць.

Як у райцэнтры магла адбыцца ўспышка?

— Стоўбцы — гэта транзітны раён. Праз яго цягнецца вялікі адрэзак шашы М1. Там стаяць тры ці чатыры стацыянарныя прыпынкі для дальнабойшчыкаў — на іх працуюць мясцовыя жыхары, абслугоўваюць прыезджых. І наогул раён праязны, ён мяжуе з 8 раёнамі. Але сітуацыя кіраваная, — лічыць Мамайка.

Пазамінулай ноччу ў шпіталі зафіксавалі антырэкорд — ад пнэўманіі і COVID-19 памерлі 5 чалавек, дадае Радыё Свабода. Яшчэ адна асоба са Стоўпцаў памерла ў шпіталі ў Слуцку.

Фота Радыё Свабода

— Памірае нехта кожны дзень. Звычайна адзін-два. Перад гэтым за суткі трое памерлі. Але з аўторка на сераду ажно пяцёра. Тры жанчыны і два мужчыны. Нестарыя людзі — ад 53 да 65 гадоў. Надта хутка гэта ўсё адбываецца, — распавёў Свабодзе мэдыцынскі работнік раённай лякарні на ўмовах ананімнасці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(16)