Выборы-2020

Цапкала: На Плошчу клікаць ня буду. Але калі яна зьявіцца — пайду

Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Валер Цапкала выказаўся на пікеце ў Гомелі пра Плошчу, падлік галасоў, рознакаляровыя бюлетэні, сваіх магчымых апанэнтаў і кампрамат на яго, пра які казаў Аляксандар Лукашэнка, піша Радыё Свабода.

Фота Ігара Мялешкi

Плошча

«Я на Плошчу заклікаць ня буду. Але калі яна зьявіцца — я туды пайду».

Правакацыі

На пытаньне «Што вы будзеце рабіць, калі да вас на пікеце прычэпіцца якая-небудзь алькагалічка, будзе хапаць вас за рукі?» Цапкала адказаў, паказваючы на сваіх «целаахоўнікаў»: «Я спадзяюся, што яны не дазволяць гэта зрабіць».

«Усё можа быць. Мы ідзём у палітычную кампанію. Гегель казаў, што нельга сарваць ружу з крыжа, не прыняўшы крыж. Нельга ісьці да нечага, не апасаючыся нейкіх наступстваў».

Ціханоўскі

«Мы сёньня з жонкай падпісаліся за Святлану Ціханоўскую. Мы сыходзілі з таго, што ў нашай краіне павінна быць разнастайнасьць, каб людзі маглі магчымасьць выбіраць. Мы лічым, што чым больш людзей трапіць у сьпіс для галасаваньня — тым лепш.

Нашае грамадзтва будзе мець магчымасьць выбару. Як некалі Канфуцый сказаў, што хай будзе 100 кветак. А не як у нас — пяцьдзесят адценьняў шэрага. Хай будзе шмат вучэньняў, якія супернічаюць для таго, каб было палітычнае жыцьцё. Мы таксама зрабілі гэты крок, каб не дзяліць беларусаў на чырвоных, белых, зялёных ці блакітных, правых, левых, а каб былі адзіным народам, каб у нас былі розныя пункты погляду і гэта не было падставай, каб гэтых адносіць да катэгорыі выбраных, а тых — да "адмарозкаў", як называюць».

Подпісы

«Мы сабралі каля 30 тысяч подпісаў і можам 120-130 тысяч сабраць. Мы ідзём у гэтую кампанію, каб стварыць разнастайнасьць і даць беларусам магчымасьць выбару».

Падлік галасоў

«У нас ёсьць некаторыя загатоўкі, якія дазволяць у гэтым годзе лічыць, што выбары пройдуць больш-менш справядліва. Але давайце мы пройдзем пэўны этап, зарэгіструемся, і калі мы будзем падыходзіць да працэдуры выбараў — тады мы прапануем некаторыя варыянты, якія дазволяць зрабіць сыстэму выбараў празрыстай. Лукашэнка сказаў, што "калі народ выступіць супраць мяне — я сыду". Значыць, ён не баіцца, ён павінен зрабіць празрыстае галасаваньне. Добра стаўлюся да ідэі каляровых бюлетэняў за розных кандыдатаў. ЦВК мусіць скажа, што гэта дорага. Мы можам кінуць кліч, каб беларусы маглі прафінансаваць такую інавацыю».

Абуджэньне камісій

«Давайце будзем лічыць і паспрабуем — што прачнецца грамадзянскі абавязак і ў членаў выбарчай камісіі. Давайце будзем лічыць, што настаўнікі і завучы таксама хочуць зьмен, і ў нейкі момант у іх грамадзянскі абавязак абудзіцца, і яны скажуць: "Што я баюся, працу згубіць?" — Дзе вы знойдзеце настаўнікаў, якія за вартыя жалю грошы будуць вучаць дзяцей? Яны (члены камісій — РС) сьвядомыя грамадзяне, як і мы. Давайце мы паверым у сябе, паверым у тое, што ў нас абудзілася грамадзянская супольнасьць».

Лукашэнкі і кампрамат

«Трэба гэта ў яго спытацца — які на мяне можа быць кампрамат. Гэта глупства. Ну хіба можа падманваць чалавек, якому Ілан Маск падарыў «Тesla»? Толькі ён учора сказаў пра нейкі кампрамат, тут жа зьявіўся, учора дасталі нейкага незразумелага турка, на якім кляйма ставіць няма дзе. І нейкія там яго словы супраць маіх дакумэнтаў, актаў пра выкананыя працы, супраць рашэньня дзяржаўнай камісіі і суду. Нейкі невядомы чалавек узяў і нешта нагаварыў — вось і ўвесь кампрамат. Таму я кажу — гэта «Tesla».

Беларуская мова

«Калі я быў студэнтам, я вывучаў калмыкаў, як не дзіўна, якія жывуць у ЗША. Я зьдзівіўся, для мяне было адкрыцьцё: калмыкі, якія жывуць у ЗША, лепш ведаюць калмыцкую мову, чым калмыкі, якія жывуць у Калмыкіі. І гэта не фэномэн.

Тыя, якія жывуць у ЗША — яны багатыя, задаволілі свае патрэбы, і іх пачынае цікавіць мова, гісторыя Калмыкіі. А калмыкі, якія жывуць у Калмыкіі — яны думаюць, што паесьці, ім не да вывучэньня мовы. Я лічу, што наш матэрыяльны стан вызначае нашу сьвядомасьць. Я хачу, каб у нас быў сярэдні кляс — калі ў 60% насельніцтва ёсьць маёмасьць і грошы. Што калі мяне выганяць з працы — то я магу жыць з таго што ёсьць, з акцыяў, працэнтаў, накапленьняў, і стаю цьвёрда на нагах. І калі я бачу несправядлівасьць — я кажу пра гэта, і мяне немагчыма запалохаць, бо ў мяне ёсьць сродкі.

Франклін казаў, што пусты мех роўна стаяць не можа. Я хачу, каб усе з нас былі поўнымі мяхамі, і тады мы будзем прама стаяць. Культура — калі беларускія мастакі малююць і прадаюць карціны, 60% насельніцтва набывае іх, і падтрымлівае культуру, а не банкір купіў дзьве карціны Шагала. І будзем тады вывучаць беларускую мову і размаўляць на ёй».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(65)