Ці пагодзяцца Зяленскі і Лукашэнка на прапанову Пазьняка?

Журналіст Сяргей Навумчык на Радыё Свабода – пра зварот Зянона Пазьняка да кіраўнікоў Украіны і Беларусі з адкрытым лістом, у якім прапанаваў памяняць двух захопленых у палон беларусаў, якія ваявалі на баку Расеі, на двух беларускіх палітвязьняў.

Няма ў беларускай палітыцы большых і нагэтулькі даўніх антаганістаў, як Пазьняк і Лукашэнка. Іх супрацьстаяньне, як сьведчыць стэнаграма, выразна акрэсьлілася яшчэ на Сэсіі Незалежнасьці ў жніўні 91-га, калі лідэр Апазыцыі БНФ дамагаўся поўнага сувэрэнітэту Беларусі, а Лукашэнка яму апаніраваў.

У наступныя гады, асабліва пасьля абраньня Лукашэнкі на прэзыдэнта, супрацьстаяньне паглыбілася. Пакінуўшы ўбаку відавочныя асабістыя антыпатыі, заўважым, што прычына палягае, відавочна, найперш у глыбокіх ідэалягічных разыходжаньнях і дыямэтральна процілеглых поглядах на будучыню Беларусі, і не ў апошнюю чаргу — адносна геапалітычнага выбару.

Нічога не зьмяніў у гэтым сэнсе і 2020 год. Бадай што адзінае, у чым можна было б угледзець пэўнае збліжэньне пазыцый, — адмоўнае стаўленьне да эканамічных санкцый.

Аднак толькі на першы погляд: лідэр «Вольнай Беларусі» перакананы, што гэтыя санкцыі, акрамя таго, што пагаршаюць жыцьцё простых беларусаў, выгадныя Маскве, «каб пакласьці Беларусь на лапаткі і каб гэты рэжым нікуды ня мог падзецца. Каб дарога была толькі адна — у Маскву. Каб выконвалі ўсё, што там скажуць» («Народная воля, сьнежань 2012).

Тым часам менавіта інтэграцыя з Расеяй дэкляруецца Лукашэнкам практычна ўсё ягонае палітычнае жыцьцё як адна з галоўных палітычных мэтаў.

І пры гэтым аглядальнікі заўважылі цікавы факт: апошнія гады, яшчэ да 2020 году, Пазьняк зрабіўся адзіным апазыцыйным палітыкам «першага шэрагу», у дачыненьні да якога Лукашэнка спыніў абразьлівыя выказваньні.

Ідэалягічны антаганізм нікуды не падзеўся, Лукашэнка пасьлядоўна зьнішчае ўсё, за што выступаў і чаго дамогся на пачатку 90-х БНФ на чале з Пазьняком, але лексыка зьмянілася.

Лукашэнка ўзгадваў Пазьняка ў некалькіх сваіх праграмных выступах (у тым ліку ў пасланьнях Нацыянальнаму Сходу і на Ўсебеларускім народным сходзе), прычым у тым ліку ўжываў і імя па бацьку: «Зянон Станіслававіч».

Ні пра якага іншага апазыцыйнага лідэра Лукашэнка гэтак ня кажа.

Ці сьведчыць гэта пра тое, што Лукашэнка вядзе з Пазьняком нейкую завочную канцэптуальную спрэчку і ўжо ўспрымае яго як найперш ідэйнага апанэнта, а не як палітычнага праціўніка, ці гэтаму ёсьць нейкія іншыя прычыны — тут, напэўна, тлумачэньні павінны даваць ужо не палітычныя аналітыкі, а адмыслоўцы ў сфэры псыхалёгіі. Але факт застаецца фактам.

Сяргей Навумчык

Таму, як гэта ні парадаксальна гучыць, калі Лукашэнка і можа прыслухацца да кагосьці з апазыцыйных лідэраў, дык гэта ягоны самы даўнішні апанэнт.

Але, з другога боку, Лукашэнка можа быць не зацікаўлены ў рэалізацыі такой прапановы менавіта таму, што яна зробленая ад апазыцыйнага дзеяча. Пагадзіцца зь нечым, што выказвае апанэнт, для Лукашэнкі азначае надаць яму пэўную палітычную вагу. Лукашэнка зь першага дня пры ўладзе імкнуўся зьвесьці вагу як апазыцыі, гэтак і яе асобных лідэраў да нуля.

Вось прапанова ад замежнага палітыка ці нейкай сусьветна вядомай зоркі — іншая справа. Так, у 2009 годзе Лукашэнка на просьбу амэрыканскага сэнатара вызваліў з турмы нью-ёрскага адваката Эмануіла Зэльцэра.

З другога боку, у 1996-м зварот нобэлеўскага ляўрэата польскага паэта Чэслава Мілаша з просьбай вызваліць (а фактычна, уратаваць ад сьмерці) лідэраў БНФ Вячаслава Сіўчыка і Юрыя Хадыку, якія за кратам абвясьцілі галадоўку, эфэкту ня меў: яны выйшлі на свабоду толькі пасьля тэлефанаваньня прэзыдэнта Расеі Ельцына.

Наколькі істотныя палітычныя выгады для Зяленскага і Лукашэнкі

Разглядаючы палітычны аспэкт справы, трэба заўважыць, што пайсьці на абмен Лукашэнка можа толькі ў тым выпадку, калі ён сапраўды хоча дыстанцыявацца ад Пуціна і паспрабаваць аднавіць кантакты з Захадам (рабіць гэта яму давядзецца нават не з нуля, а зь вялікага мінусу).

Пра тое, што такія намеры нібыта існуюць, апошнімі днямі некаторыя палітычныя аглядальнікі кажуць, спасылаючыся на словы Лукашэнкі пра «наладжваньне адносінаў» з Польшчай.

Але тады якраз з Польшчы найбольш лягічна і проста было б і пачынаць, у якасьці першага кроку вызваліўшы Анджэя Пачобута. Тым больш што Варшава наўпрост назвала гэтае вызваленьне, нароўні з вызваленьнем іншых палітвязьняў і спыненьнем нападаў на мяжу, умовай для паляпшэньня адносінаў з афіцыйным Менскам.

Але, з другога боку, менавіта саўдзел Лукашэнкі ў нападзе Расеі на Ўкраіну найбольш пагоршыў узаемаадносіны Захаду і менскага рэжыму. Гэта пацьвярджае і хроніка ўвядзеньня санкцый — найбольш сур’ёзныя былі прынятыя менавіта пасьля 24 лютага 2022 году.

У гэтым сэнсе вызваленьне журналіста Дзяніса Івашына, які атрымаў вялікі тэрмін менавіта за праўкраінскую пазыцыю, магло б зрабіцца для Лукашэнкі заўважным крокам. Ацэненым як у Кіеве, гэтак і на Захадзе.

Што да Зяленскага, дык гэты абмен дазволіў бы яму спыніць папрокі ў тым, што Кіеў не выяўляе асаблівай актыўнасьці ў патрабаваньні вызваленьня палітычных вязьняў у Беларусі — нават тых, хто быў асуджаны за выступы супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіну.

Аднак у якой ступені Кіеў зацікаўлены ў тым, які імідж будзе мець Зяленскі ці ўсё ўкраінскае кіраўніцтва ў вачах апазыцыйна настроеных беларусаў? Падаецца, у невялікай: тыя і так супраць вайны, а шанцы іх прыйсьці да ўлады ў бліжэйшай пэрспэктыве не праглядаюцца.

Гэта ўжо адносна старая традыцыя ўкраінскай палітыкі, якая пачалася задоўга да Зяленскага: ніхто з украінскіх прэзыдэнтаў ніколі не сустракаўся зь лідэрамі беларускай апазыцыі, знаходзячыся на пасадзе кіраўніка дзяржавы (гаворка не ідзе пра пяцісэкунднае пацісканьне рукі пры выпадковай сустрэчы на нейкай канфэрэнцыі).

Пры тым, што афіцыйны Кіеў апошнім часам станоўча выказаўся пра антываенную пазыцыю беларускага грамадзтва, кіраўніцтва Ўкраіны імкнецца не раздражняць Лукашэнку, са зразумелых прычын.

У сваім лісьце Пазьняк узгадвае, што ён «не забыты ва Ўкраіне». Ступень вядомасьці можна вымяраць па-рознаму. Трэба прызнаць (і першыя тыдні вайны гэта паказалі), што ўкраінскае грамадзтва ўвогуле слаба арыентавалася ў актуальнай палітычнай сытуацыі ў Беларусі, а Лукашэнка да 24 лютага 2022 быў ва Ўкраіне самым папулярным замежным палітыкам.

Аднак старэйшае пакаленьне Пазьняка, бясспрэчна, памятае, прычым ён успрымаецца ў тым ліку і як сябар, паплечнік Вячаслава Чарнавола, чый аўтарытэт ва Ўкраіне, асабліва ў нацыянальна арыентаваных колах грамадзтва, надзвычай высокі. Спасылаюцца на Пазьняка ўжо ў сувязі з актуальнымі падзеямі ў сваіх камэнтарах і некаторыя аўтарытэтныя палітычныя аглядальнікі, як, напрыклад, Віталь Портнікаў. Дый нядаўняя паездка ў Украіну, у тым ліку і ў Бахмут, не забылася.

Ці насамрэч Лукашэнка хоча паляпшэньня адносінаў з Захадам?

Але прычын, чаму прапанова абмену можа ня зьдзейсьніцца, больш, чым спадзяваньняў на станоўчы вынік.
Па-першае, невядома, у якой ступені выказваньні Лукашэнкі наконт «паляпшэньня адносінаў» з Польшчай (і ўвогуле з Захадам) адлюстроўваюць ягоную асэнсаваную пазыцыю, а ня нейкі эмацыйны парыў. Вядома шмат прыкладаў, калі Лукашэнка выказваў дыямэтральна супярэчлівыя думкі цягам нават аднаго выступу.

Па-другое, ізноў жа застаецца невядомай ступень самастойнасьці Лукашэнкі ад Крамля, пры тым што зразумела: такі абмен павінен будзе ўзгадняцца з Масквой (хаця б таму, што палонныя беларусы ваявалі ў расейскім войску).

У выпадку з абменам прарасейскага палітыка Медзьведчука на байцоў «Азова» ў Пуціна быў бясспрэчны інтарэс (Медзьвядчук — ягоны сябра), лёс жа беларускіх палітвязьняў гаспадара Крамля не цікавіць ніякім чынам (як і лёсы «ўласных» палітвязьняў).

Пазьняк быў першым палітыкам, хто практычна адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году заявіў пра залежнасьць Лукашэнкі ад Масквы (канкрэтна ён казаў пра Лубянку), і з таго часу, наколькі можна меркаваць па ягоных публічных выказваньнях, пазыцыі сваёй не зьмяніў. Наўрад ці ён робіць выключэньне для гэтага выпадку.

Зрэшты, слова «палітыка» ў звароце Пазьняка не гучыць увогуле (за выключэньнем утворанага ад яго тэрміну «палітвязьні»). Аўтар гаворыць пра «маральны характар» справы і спадзяецца менавіта на яго.

І ў выпадку зь Зяленскім можна меркаваць, што гуманітарнай прычыны было б цалкам дастаткова для таго, каб пагадзіцца на абмен.

А вось з Лукашэнкам — іншая справа.

Тэст на міласэрнасьць

За часы, што ён ва ўладзе, Лукашэнка адхіліў сотні зваротаў аб памілаваньні асуджаных на сьмяротнае пакараньне (па непацьверджаных зьвестках, задаволіў толькі два). Дакладна не вядома, колькі прашэньняў аб памілаваньні ад асуджаных пасьля 2020 году з палітычных матываў ён атрымаў — але вызваленых можна літаральна пералічыць на пальцах.

Затое добра вядомыя імёны жанчын, якіх, нягледзячы на наяўнасьць непаўналетніх дзяцей, асудзілі на пазбаўленьне волі з палітычных матываў.

Маці трох дзяцей Алену Маўшук асудзілі на 6 гадоў, яна пазбаўленая перадачаў. Паліну Шарэнду-Панасюк, маці дваіх непаўналетніх дзяцей, зьбілі ў калёніі, а потым да двух гадоў пазбаўленьня волі дадалі яшчэ год. Маці трох дзяцей Юлію Лаптановіч адправілі ў калёнію на 4 гады 9 месяцаў, яе мужа Ігара — на два з паловай гады. Прыклады можна доўжыць.

Сотні палітзьняволеных (сярод іх і жанчыны) маюць цяжкія хранічныя захворваньні, у тым ліку і анкалягічныя. І ніводнага зь іх на гэтай падставе Лукашэнка ня вызваліў.

У 1981 годзе, калі Андрэй Сахараў абвясьціў галадоўку з прычыны адмовы выпусьціць з СССР нявестку Алены Бонэр, ягонай жонкі, заходнія палітыкі і грамадзкія дзеячы атакавалі Крэмль заклікамі выказаць гуманізм і задаволіць патрабаваньні акадэміка. Стан здароўя Сахарава імкліва пагаршаўся, лекары ў пагонах пачалі ўжываць прымусовае кармленьне («Памерці мы вам не дадзім, але інвалідам зробім»), аднак КДБ быў непахісны.

І тады акадэмік Пётр Капіца даслаў тэлеграму Брэжневу:

«Глыбокапаважаны Леанід Ільіч! Я ўжо вельмі стары чалавек, і жыцьцё навучыла мяне, што велікадушныя ўчынкі ніколі не забываюцца. Зьберажыце Сахарава. Так, у яго вялікія недахопы і цяжкі характар, але ён вялікі навуковец нашай краіны. З павагай, П.Л. Капіца».

Вынік быў імгненны — Брэжнеў даў КДБ адпаведныя ўказаньні, патрабаваньне Сахарава выканалі, і акадэмік спыніў галадоўку.

Ці паўплывала на генсека тое, што з просьбай да яго зьвяртаўся двойчы Герой Сацыялістычнай Працы Капіца? Брэжнеў сам ужо меў чатыры залатыя зоркі, а Сахараў — тры (да таго як пазбавілі ўсіх узнагародаў). Магчыма, паўплывала наяўнасьць у Капіцы тытулу ляўрэата Нобэлеўскай прэміі? Зьвярталіся да генсека і іншыя набэліянты — безвынікова. Урэшце, і сам Сахараў, які знаходзіўся ў ссылцы пры сьмерці, быў нобэлеўскім ляўрэатам.

Хутчэй за ўсё, падзейнічала апэляцыя да велікадушнасьці.

У Лукашэнкі за кратамі свой нобэлеўскі ляўрэат, так што ў гэтым ён з Брэжневым зраўнаўся.

Пабачым, як будзе зь велікадушнасьцю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(24)