Пазняк напісаў адкрыты ліст Лукашэнку і Зяленскаму

Ён прапануе абмяняць ваеннапалонных беларусаў на палітвязняў.

У сваім лісце палітык звяртаецца да Лукашэнкі і Зяленскага з прапановай «маральнага характару» — абмяняць палонных Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на актывістку Вольгу Залатар і журналіста Дзяніса Івашына.

— Аляксандр Рыгоравіч і Уладзімір Аляксандравіч, звяртаюся да вас як да звычайных людзей, не ўжываючы вашых афіцыйных тытулаў, бо рашэнне аб справе, па якой я звяртаюся, мае перш за ўсё маральны характар, — гаворыцца ў лісце, які змешчаны ў тэлеграм-канале палітыка.

Пазняк нагадвае, што два палонныя грамадзяне Беларусі Максім Зязюльчык і Андрэй Герыловіч, якія былі ў расейскім войску, ваявалі супраць Украіны і асуджаныя судом Украіны на пазбаўленне волі адпаведна на 10 і на 9 гадоў, звярнуліся да беларускіх уладаў з просьбай абмяняць іх на палітзняволеных Рэспублікі Беларусь.

— Прашу вас паспрыяць такому абмену, улічыць маю прапанову і пазіцыю шматлікіх беларусаў у Польшчы. Менавіта: абмяняць палонных Максіма Зязюльчыка і Андрэя Герыловіча на палітвязняў у Беларусі: Вольгу Віктараўну Залатар — маці пяцярых непаўналетніх дзяцей, асуджаную на 4 гады пазбаўлення волі, і журналіста Дзяніса Яўгенавіча Івашына, асуджанага на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі, — піша Зянон Пазняк.

Публічны ліст не найлепшы спосаб у такой важнай справе. Я не валодаю ўладай і па свайму статусу не ў стане выкарыстаць метады дыпламатыі, прыдатныя ў гэтым выпадку. Звяртаюся наўпрост, абапіраючыся толькі на свой аўтарытэт сярод адданых для Беларусі людзей і не забыты ва Украіне.

Такі абмен магчымы. Ён будзе добрым для ўсіх, — дадае палітык.

Чаму менавіта гэтых палітзняволеных Зянон Пазняк абраў у якасці асоб для абмену, палітык не патлумачыў.

Нагадаем, Вольга Залатар — актывістка і шматдзетная маці, якая была адміністратарам дваровага чата. Жанчына асуджана да чатырох гадоў пазбаўлення волі агульнага рэжыму. Журналіст Дзяніс Івашын асуджаны па абвінавачанні ва ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў і дзяржаўнай здрадзе і прыгавораны да 13 гадоў і 1 месяца калоніі строгага рэжыму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(30)