Общество
Валер Каліноўскі, ”Радыё Свабода”

Часопіс ARCHE прызналі экстрэмісцкім

Суд Маскоўскага раёну Берасьця прызнаў экстрэмісцкім №7-8 за мінулы год незалежнага часопіса ARCHE.

Заснавальніка часопісу Андрэя Дынька судзьдзя не дапусьціла на працэс.

Адвакат Павал Сапелка, які прадстаўляў рэдакцыю ў працэсе, заявіў, што рашэньне будзе абскарджанае ў абласным судзе.

Рэдактар часопісу Валер Булгакаў заявіў Свабодзе з гэтай нагоды:

“Гэта само па сабе папярэджаньне, што нягледзячы на эрозію лукашэнкаўскай сыстэмы, яе базавыя прынцыпы застаюцца непахіснымі. Нягледзячы на ўсю абсурднасьць абвінавачваньняў, змагацца з дзяржавай немагчыма, заўсёды будуць знойдзеныя".

24 кастрычніка супрацоўніца берасьцейскай рэгіянальнай мытні Рэната Нядбаева палічыла, што зьвесткі, якія ўтрымліваюцца ў гэтым нумары часопіса ARCHE, “могуць нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь”. 10 асобнікаў выданьня, знойдзеныя ў багажы гісторыка Алеся Пашкевіча, былі забраныя на экспэртызу.

Упраўленьне КДБ па Берасьцейскай вобласьці прызнала нумар часопісу экстрэмісцкім, прызнаўшы, што ў ім знаходзяцца зьвесткі, якія дыскрэдытуюць дзейнасьць органаў улады Беларусі.

КДБ з 1100 старонак часопісу экстрэмісцкімі прызнала 4 фразы: з тэксту заходніх палітолягаў, рэцэнзіі на фільм “Катынь”, матэрыялаў круглага стала аб выбуху 4 ліпеня ў Менску і аналізу парлямэнцкіх выбараў 2008 году. Ніякіх заклікаў да гвалтоўнай зьмены пануючага рэжыму экспэрты КДБ не адзначылі.

Паводле гэтага рашэньня суду, арыштаваныя асобнікі часопісу могуць быць зьнішчаныя.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)