Чаму Лукашэнка заступіўся за «настаўніцу з партай»? Бо дзеці не галасуюць і не падлічваюць галасоў

Калі другі тыдзень у СМІ і сацыяльных сетках бурліла тэма гомельскай «настаўніцы з партай», якая пагражала ўдарыць школьніка і абражала яго, то я міжволі задумаўся: калі ж гэтую сытуацыю выкарыстае Аляксандар Лукашэнка? — піша Віталь Цыганкоў на Радыё Свабода.

Ня быўшы ўпэўнены, што кіраўнік дзяржавы абавязкова ўмяшаецца, я тым ня менш быў абсалютна ўпэўнены, на якім баку ён выступіць у выпадку свайго ўмяшаньня.

Не на баку дзяцей.

Лукашэнка выказаўся супраць закону аб хатнім гвалце. І расказаў, каго біў са сваіх дзяцей

Ня можа быць «на баку дзяцей» чалавек, які ў свой час шчыра прызнаваўся:

«Добрая папруга часам таксама карысная для дзіцяці. Не для ўсіх, вядома. Віктар як старэйшы часта даставаў ад мяне. Сярэдні, Дзіма, ужо бачыў, як Віцю пападала, і роўненька стаяў побач. Малодшага, яму пятнаццаты год, я наогул ніколі не караў: ён гэтага не заслугоўваў».

Ну і, каб ніхто не сумняваўся, вось сьвежая, сёньняшняя заява ад Лукашэнкі наконт апошняга скандалу: «Я б на месцы гэтай настаўніцы галаву б адкруціў шчанюку нейкаму».

Рызыкну, аднак, сьцьвярджаць, што ў адносінах да скандалу вакол «настаўніцы з партай» вырашальным для Лукашэнкі было ня толькі асабістае стаўленьне да гэтай тэмы (якое ён у выпадку неабходнасьці можа і прыдушыць), а цынічны палітычны разьлік.

Не сумняваюся, што на стол кіраўніку дзяржавы ўсе гэтыя дні клалі раздрукоўкі, аналітычныя запіскі з аналізам думак, якія гучалі ў СМІ і сацыяльных сетках. Не выключаю, што адпаведныя службы маглі нават імкліва правесьці адпаведныя сацыялягічныя апытаньні. Але і без прыкладной сацыялёгіі было зразумела — істотная частка беларускага грамадзтва стаіць на баку «настаўніцы з партай».

Прычыны і матывацыі самыя розныя. Ад «з кожным бывае, ня вытрымала, цяжкая ў яе праца» праз «нас саміх білі ў школе, і нічога страшнага, вырасьлі людзьмі» да «што гэта за моладзь сёньня, ня слухаецца настаўнікаў і старэйшых». Тут сышліся і патрыярхальныя настроі, і ўстаноўка на «парадак» любой цаной, і нават звычайнае шкадаваньне.

І Аляксандар Лукашэнка — ці сам, ці з дапамогай адмыслоўцаў — адчуў гэтыя настроі. Тым больш у выпадку з настаўніцай, які даў Лукашэнку чарговую магчымасьць умацаваць свой імідж Бацькі, гэткага «Бога з машыны» з грэцкай драмы, які спускаецца зьверху на сцэну і разьвязвае ўсе праблемы. Пры гэтым вырашае не паводле закону, а «па справядлівасьці» — галоўны ідэалягічны прынцып усёй палітычнай дзейнасьці кіраўніка Беларусі.

Плюс – абарона «настаўніцы з партай» адпавядае ўсёй сыстэме ўлады Беларусі, дзе вышэйшы (няхай нават гэта просты настаўнік) мае рацыю, а ніжэйшы (у гэтым выпадку вучань) павінен слухацца і падпарадкоўвацца. Пэдагогі — гэта ў пэўным сэнсе ўвасабленьне ўлады як такой, яе найніжэйшая, але самая масавая галінка.

А ўсе галіны, як выказаўся калісьці Лукашэнка, растуць з аднаго «дрэва», прэзыдэнцкага, і ён, успрымаючы замах на настаўніка як замах на самую ўладу, абараняе сымбалічнасьць і аўтарытэт улады нават на гэтым, самым нізкім узроўні.

Ну і не забывайма, што цяпер ідзе парлямэнцкая кампанія, а налета будзе прэзыдэнцкая. І мы ж усе памятаем, якая прафэсія найбольш прадстаўленая ў выбарчых камісіях? Хто сваімі целамі мужна засланяе працэс падліку галасоў ад варожага погляду назіральнікаў ды іншых апазыцыянэраў? Яны, настаўнікі. Дакладней кажучы, настаўніцы. Тыя самыя, якія, дарэчы, у абмеркаваньні гэтага канфлікту даволі выразна прадэманстравалі прафэсійную салідарнасьць і ў пераважнай большасьці сталі на бок гомельскай калегі.

«Абараніць» настаўніцу і ў яе асобе як бы ўсіх настаўніц і пры гэтым пакараць (за што, дарэчы?) міністра адукацыі, віцэ-прэм’ера і кіраўніка адміністрацыі? А заадно чарговы раз паказаць, хто ў доме «строгі, але справядлівы» гаспадар? Ідэальны перадвыбарчы ход.

Растаев: «Увы, это и есть Беларусь сегодня»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(48)