Чайчыц: Рада БНР не можа стаць на месца Ціханоўскай, бо для нас важна захоўваць гістарычную легітымнасць

Сябра Рады БНР — пра тое, чаму ўлады баяцца органа, і пераабранне Івонкі Сурвілы.

Алесь Чайчыц ў эфіры Еўрарадыё выказаўся наконт распачатай крымінальнай справы «па факце супрацьпраўнай дзейнасці пранацысцкага экстрэмісцкага фармавання» ў дачыненні да Рады БНР.

— Рада БНР ўвасабляе альтэрнатыўную беларускую дзяржаўнасць, якая з’яўляецца старэйшай за дзяржаўнасць лукашэнкаўскую, савецкую, — адзначае Алесь Чайчыц. — Рада БНР — увасабленне беларускага дэмакратычнага руху і супраціву, ён не з’явіўся толькі ў 2020-м, а мае больш як стагадовую гісторыю. І гэта атака на спадчыну, пераемнасць.

Алесь Чайчыц

Можна толькі здагадвацца, чаму цяпер завялі гэту крымінальную справу. Можа, гэта роля Рады БНР у цяперашні час вайны, калі яна аказвае прынамсі маральна важную падтрымку беларускім байцам ва Украіне. Нядаўна ўручыла амаль 40 медалёў за адвагу байцам, якія праявілі сябе на полі бою, а таксама ўручае ўзнагароды палітвязням, іх сем’ям, актывістам, якія прыносяць рэальную карысць беларусам і беларускай дзяржаўнасці. Гэту крымінальную справу можна разглядаць, што рэжыму гэта непрыемна.

Як прысуд паўплывае на дзейнасць Рады БНР?

— Асабліва ніяк. Мы даўно не ездзім у Беларусь, ніхто з нашых паплечнікаў у краіне не знаходзіцца і ўвогуле з дзяржаў СНД усе выехалі.

Для Рады цяпер важна актывізавацца. Мы над гэтым працуем. Ёсць аб’ектыўныя прычыны па тым, што мы можам рабіць, а што не. Рада БНР не можа стаць на месца Ціханоўскай, таму што як для гістарычнага інстытута для нас важна захоўваць сябе, перадаць эстафету, якая будзе мець пэўную гістарычную легітымнасць.

Нядаўна старшынёй Рады БНР пераабралі Івонку Сурвілу. Па словах Алеся, гэта не было адзінагалосным.

—Яна добра выконвае сваю працу, знаходзіцца ў пазіцыі, калі няма нейкіх уладных паўнамоцтваў, гэта не кіраўнік дзяржавы, а органа ў выгнанні, які нясе гістарычную, сімбалічную функцыю. Таму тут не страшна, калі пасаду займае чалавек ва ўзросце. Канечне, неабходна, каб вакол яе былі больш маладыя людзі, мы над гэтым працуем. Ідэя змены пакаленняў ёсць.

Перадаць паўнамоцтвы можна толькі адзін раз, і гэта трэба рабіць, калі цалкам упэўнены, што ёсць дэмакратычная Беларусь. У пачатку 1990-х ішлі размовы паміж урадам Беларусі ў Мінску і Радай БНР, яны выступалі з ініцыятывай, каб мы перадалі свае паўнамоцтвы, але тады па фармальных крытэрыях гэта не магло адбыцца. Тады існаваў Вярхоўны Савет, ён быў сфармаваны яшчэ ў савецкія часы па той жа Канстытуцыі. А пасля 1994-га пачаўся лукашэнскаўскі рэжым, добра, што тады не перадалі. Бо сымбаль быў бы зганьбены Лукашэнкам.

Калі б Святлана Ціханоўская была прэзідэнтам у Мінску, і паглядзеўшы праз пару гадоў, што ўсё стабільна, можна было б пра гэта гаварыць. Ціханоўскую мы разглядаем як лідара дэмакратычных сілаў. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)